Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматтысячныя акцыі па ўсёй Францыі ў памяць ахвяраў тэракту ў Парыжы


Больш за 200 тысяч чалавек выйшлі ў суботу на вуліцы францускіх гарадоў, каб ушанаваць памяць ахвяраў тэракту ў рэдакцыі сатырычнага штотыднёвіка Charlie Hebdo ў Парыжы і наступных за гэтым нападам іншых трагічных падзей.

«Жыць разам, свабоднымі, роўнымі і згуртаванымі», — было напісана на адным з банэраў удзельнікаў маршу ў Нанце. На акцыю салідарнасьці ў гэтым горадзе сабраліся ня менш за 30 тысяч чалавек. Самая буйная дэманстрацыя, мяркуючы па паведамленьнях, прайшла ў Тулузе. Там, па зьвестках паліцыі, у выступе ўдзельнічалі каля 80 тысяч чалавек. Шматтысячныя акцыі прайшлі таксама ў Арлеане, Бэзансон, Ніцы, Ліле. «Гэта велізарны народны рух... ён значна і неацэнны», — заявіў агенцтву France-Presse мэр горада По Франсуа Байру.

Суботнія акцыі папярэднічалі прызначанаму на 11 студзеня ў Парыжы мільённаму маршу, да якога далучацца прэзыдэнт Францускай Рэспублікі Франсуа Алянд, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмэран. Сярод іншых удзельнікаў зь ліку сусьветных лідэраў — прэм’ер-міністры Бэльгіі, Даніі, Італіі, Гішпаніі, Нідэрляндаў, Турэччыны. На маршы маюць намер прысутнічаць таксама сябры кіраўніцтва Эўрапейскага зьвяза і НАТА.

Напярэдадні нядзельнай акцыі ў Парыжы, дзе захоўваецца высокі ўзровень пагрозы, да забесьпячэння бясьпекі прыцягнутыя яшчэ прыкладна 500 вайскоўцаў.

За тры дні ў Парыжы, пачынаючы зь серады, у выніку дзеяньняў трох ўзброеных злачынцаў, якія мелі, па дадзеных следзтва, сувязі з радыкальнымі ісламістамі, загінулі 17 чалавек. Ахвярамі нападу на рэдакцыю часопіса Charlie Hebdo, які публікаваў карыкатуры на прарока Мухамада, сталі 12 чалавек, сярод іх 8 журналістаў і двое паліцыянтаў. Усе трое, хто нападаў, былі забітыя ў пятніцу падчас паліцэйскіх рэйдаў. Зараз паліцыя шукае іх магчымых саўдзельнікаў.

XS
SM
MD
LG