Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік: У сакавіку — пойдзем бамжаваць


Сэсія Гомельскага абласнога савету 9 студзеня ў сьпешным парадку зацьвердзіла новыя стаўкі адзінага падатку на розныя тавары і паслугі для прадпрымальнікаў ды іншых фізычных асобаў, павялічыўшы іх прыкладна на 20 адсоткаў.

Пры гэтым на паседжаньне дэпутатаў не пусьцілі саміх прадпрымальнікаў. Дырэктар Аналітычнага цэнтру Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Зьмітровіч са Сьветлагорску запісаўся на сэсію Гомельскага аблсавету за тры дні да яе пачатку. І засьнежаным ранкам прыехаў у аблвыканкам, дзе зьбіраліся дэпутаты, каб агучыць пазыцыю прадпрымальнікаў. Але тут яго чакаў сюрпрыз:

«Падышоў, а пры ўваходзе — міліцыя. У іх ужо — стандартны ліст паперы з маім фотаздымкам, кшталту „іх шукае міліцыя“. Пытаюся: у чым справа — мяне ж запрасілі? Яны адказваюць: „Не, чакайце, будзем разьбірацца“. Але разьбірацца пачалі чамусьці супрацоўнікі аблвыканкаму. Кажу, што я не прыйшоў на нараду ў аблвыканкам — я прыйшоў у абласны савет. Патлумачыў, што размаўляць зь імі ня буду, а буду чакаць адказу ад прадстаўнікоў аблсавету — станоўчага ці адмоўнага. Сказаў, што й адмоўны задаволіць. Але ў такім разе я на ўсю рэспубліку заяўлю, што дэпутаты народныя ня хочуць дыялёгу з бізнэсам. Гэта парушае дырэктыву прэзыдэнта № 4 — няхай уважліва пачытаюць».

Суразмоўца апавёў, што да яго ўрэшце прыйшоў старшыня аблсавету Алег Барысенка й патлумачыў: маўляў, выйшла накладка, бо ад 2010 году на сэсіі нікога не запрашаюць. А прысутнічаюць на іх могуць, апрача мясцовых, толькі дэпутаты вышэйшых прадстаўнічых органаў.

«Сэсію гэтую праводзяць, як спэцапэрацыю, каб прадпрымальнікі не змаглі ніякім чынам паўдзельніцаць у гэтым працэсе. Чаму я прыехаў на сэсію? Я ня згодны, што ў такой крызыснай сытуацыі настолькі павялічваюць падатак прадпрымальнікам. У нас што — выручкі падрасьлі? Інфляцыя вырасла — так. Дык хіба прадпрымальнікі тут вінаватыя? З новага году акцызы на цыгарэты падскочылі з 15 да 30 адсоткаў, на гарэлку — на 6 адсоткаў. Хто раскручвае інфляцыйную спіраль? Канечне, не прадпрымальнікі. Яны наадварот — прадаюць рэшту сваіх тавараў на 50 адсоткаў таньней. Ці можа ў іх падвысіцца даходнасьць, на падставе якой павялічваюць адзіны падатак? Хацелася б пагутарыць на гэтую тэму з дэпутатамі. Але — адмовілі».

На сэсію імкнуўся патрапіць і кіраўнік савету прадпрымальнікаў аднаго з самых вялікіх рынкаў Рэчыцы Алег Шабетнік, але таксама безвынікова. Напярэдадні сэсіі прадпрымальнікаў у аўральным пададку сабралі ў мясцовым райвыканкаме, каб распавесьці пра падвышэньне адзінага падатку. А потым аб’явілі, што ў аблвыканкаме праз дзьве гадзіны адбудзецца сустрэча на гэтую тэму з намесьнікам старшыні аблвыканкаму Баляславам Пірштуком.

Шабетнік: «Я тлумачыў, чаму ў нас кошты на тавары самыя высокія ў параўнаньні з суседзямі. У той жа Ўкраіне, дзе ідзе вайна, кошты значна ніжэйшыя. У Расеі, Літве — таксама. Я не кажу ўжо пра Польшчу, дзе яны ў разы ніжэйшыя. Проста ў нас вялікая падатковая нагрузка. Большыя падаткі — вышэйшыя кошты на тавары. А зараз падымаць кошты забаранілі. І калі яшчэ павялічыць для прадпрымальнікаў адзіны падатак на 20 адсоткаў, то самі прадпрымальнікі збанкрутуюць. У аблвыканкаме на гэта тлумачаць, што стаўкі адзінага падатку ўвядуць з сакавіка-месяца. А ў сакавіку, маўляў, падвоенага фіксаванага падатку на дадатковую вартаць ужо ня будзе. Але ж з сакавіка патрэбны будуць усе суправаджальныя дакумэнты на кожны від тавару і не зразумела наагул як будуць працаваць прадпрымальнікі. Хіба што распрадаваць рэшту сваіх тавараў. Мяркую, што большая частка прадпрымальнікаў наагул закрыецца. Бюджэт толькі ў Гомельскай вобласьці страціць 30-40 мільярдаў рублёў. І я ня ведаю, чаму гэтыя грошы нікому не патрэбныя».

Паводле афіцыйных зьвестак на Гомельшчыне цяпер налічаецца 28 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры цяперашнім стаўленьні да іх гэтыя людзі папоўняць шэрагі так званых «дармаедаў», зь якімі ўлады таксама наважаны змагацца. Дык што, у такім разе, чакае дробных бізьнесоўцаў у зьвязку з падвышанымі падаткамі і новымі патрабаваньнямі? Гэта высьвятляем у саміх прадпрымальнікаў, якія пакуль яшчэ працуюць на Цэнтральным рынку.

Прадпрымальнік Віктар: «Ну пастаім мы тут з рэштай тавараў, распрададзім — і ўсё. З сакавіка ўсё адно ніхто ня зможа працаваць. Ніхто ня зможа! Прыяжджайце ў сакавіку з камэрай і паглядзіце, што тут будзе». Яшчэ адзін прадпрымальнік, які назваўся Аляксандрам, тлумачыць: «Калі законы ня зьменяцца, ніхто ніякіх падаткаў плаціць ня будзе. У лютым хіба толькі яшчэ сёй-той заплаціць — хтосьці выйдзе на працу, а хтосьці не. А ў сакавіку — ужо ўсё. Пойдзем бамжаваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG