Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭГУ: «Альбо будзе зроблены рашучы крок, альбо будзем дэградаваць далей»


У Вільні завяршылася студэнцкая канфэрэнцыя "«Беларускі ЭГУ: 10 год у Літве», якую зладзілі студэнцкае прадстаўніцтва і асацыяцыя выпускнікоў ЭГУ. Адна з мэтаў канфэрэнцыі — абмеркаваць сытуацыю ва ўнівэрсытэце і паўплываць на выбары рэктара.

У працы канфэрэнцыі ўзялі ўдзел тры з сямі кандыдатаў на пасаду рэктара: Аляксандар Мілінкевіч, выкладчыца ЭГУ Тацяна Шчытцова і прадстаўнік адміністрацыі ЭГУ Дарыюс Удрыс. У першы дзень канфэрэнцыі яны агучылі свае перадвыбарчыя праграмы і распавялі пра сваё бачаньне будучыні ЭГУ.

Пра цікавасьць да ЭГУ сьведчыць і тое, што ў працы канфэрэнцыі, арганізаванай студэнтамі, узялі ўдзел прадстаўнікі МЗС Літвы, а таксама амбасадаў Польшчы, Нямеччыны і Швэцыі ў Літве.

А вось прадстаўнікоў адміністрацыі былі лічаныя адзінкі. Ні першага рэктара Анатоля Міхайлава, ні цяперашняга правоста і кандыдата на рэктара Дэвіда Поліка не было, хаця шмат вострых пытаньняў адрасавалася непасрэдна ім.

ЭГУ за 10 гадоў існаваньня ў Вільні зьмяніўся ў горшы бок. Гэтую тэзу паўтаралі літаральна ўсе.

У суботу цягам пяці гадзінаў доўжыліся дыскусіі. Абмяркоўвалі шмат праблемаў: «Выкладаньне, дасьледаваньні і якасьць», «Сувязь з грамадзтвам», «Кіраваньне ўнівэрсытэтам» і «Якім быць ЭГУ? Міжнародным, беларускім ці літоўскім».

Усе ўдзельнікі дыскусіі — і кандыдаты на рэктара, і выкладчыкі, і студэнты казалі пра крызіс ў ЭГУ, пра непразрыстасьць выбараў рэктару — дагэтуль дэтальна невядомая працэдура выбараў. На няведаньне працэдуры наракаў і кандыдат на рэктара Аляксандар Мілінкевіч.

На канфэрэнцыю запрасілі і звольненых з ЭГУ выкладчыкаў, у прыватнасьці, былога старшыню Сэнату прафэсара Паўла Церашковіча, кандыдаты філязофскіх навук Андрэя Лаўрухіна. Зь іх вуснаў гучала шмат крытыкі і вострых пытаньняў. Павал Церашковіч нават ужыў тэрмін «каляніяльны ўнівэрсытэт» і пералічыў шляхі, як пазбавіцца гэтай каляніяльнасьці.

Выкладчыкі скардзіліся, што не хапае донарскіх сродкаў, і ЭГУ ня ў стане запрашаць заходніх прафэсараў. Казалі пра нізкі адукацыйны ўзровень беларускіх студэнтаў, праблемы з ангельскай мовай. Выпускнікі ЭГУ наракалі, што атрымалі толькі тэарэтычныя веды, якія мала выкарыстальныя ў практыцы. Выпускніца ЭГУ Марта Ладуцька, якая працуе ў гатэльным бізнэсе ў Санкт-Пецярбургу, прывяла прыклад, што на выкладаньне эканомікі не хапіла крэдытаў, і што часьцяком студэнты атрымліваюць ня тыя веды. Аляксандар Аўтушка-Сікорскі адзначыў, што зусім няма сувязі з рынкам працы.

Выпускнік ЭГУ Аляксей Крывалап заўважыў, што ЭГУ паступова ператвараецца ва ўнівэрсытэт турызму і дызайну. Студэнты не ідуць на гуманітарныя спэцыяльнасьці: гісторыю, філязофію, паліталёгію.

Кандыдатка на рэктара Тацяна Шчытцова казала пра неабходнасьць больш гнуткага мэнэджмэнту, што не хапае гнуткасьці ў прыняцьці рашэньняў. На яе думку, ва ўнівэрсытэце павінна зьмяніцца атмасфэра. Калі ўнівэрсытэт выбудуе іншую палітыку, Беларусь павінна прысутнічаць.

Прысутнасьць і неабходнасьць шчыльных сувязяў зь Беларусьсю пастаянна падкрэсьліваў Аляксандар Мілінкевіч. Трэба вывучаць Беларусь і працаваць для Беларусі. ЭГУ — гэта ня толькі адукацыя, але і інтэлектуальны клюб. Ня трэба баяцца слова палітыка, гэта палітычны праект, які падтрымлівае Эўразьвяз, Літва, іншыя эўрапейскія краіны, казаў спадар Мілінкевіч. Беларускасьць з эўрапейскасьцю ідзе паралельна. І дэмакратычнасьць. Гэта місія ЭГУ, на думку Мілінкевіча.

Пра беларускі напрамак і сувязі зь Беларусьсю казаў і кандыдат на рэктара Дарыюс Удрыс, літовец па паходжаньні з амэрыканскай адукацыяй.

Заўважу, што паўтары гадзіны дыскусія ішла на расейскай мове. На што дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя Ўладзімер Колас заўважыў, што «Беларусь была каляніязаваная ня ЗША, а іншай краінай. Нават на канфэрэнцыі не пажадалі гаварыць па-беларуску». І дадаў, што «ЭГУ можа падаваць на грант у Расею — таму што Пуцін таксама думае пра Беларусь». Спадар Колас сказаў таксама, што ЭГУ да эўрапейскага ўнівэрсытэту не дацягвае, але і беларускім яго назваць таксама нельга. «Як адлучалі беларусаў ад мовы? Менавіта праз унівэрсытэты. Як не было беларукага ўнівэрсытэту, так і няма», — падсумаваў Колас.

Тацяна Шчытцова заявіла: «Мы зьвязаны зь Беларусьсю сэрыяй скандалаў». І папракнула мэдыі — што пішуць пра ЭГУ толькі нэгатыў. Ёй адказалі, што рэпутацыя ЭГУ пацярпела не з-за СМІ, а прычыны ў самім кіраўніцтве ўнівэрсытэту, закрытасьці, непразрыстасьці. Спадарыня Шчытцова заўважыла, што «быць унівэрсытэтам у чужой краіне няпроста. Многае залежыць, якая каманда складзецца з выбарам новага рэктара».

Абмяркоўвалі і тое, што трэба зьмяніць Статут ўнівэрсытэту, што ён аўтарытарны — нават кіраўнік Сэнату не ўваходзіць ў кіроўныя органы ЭГУ.

Гучалі і рэзкія заявы, што «ЭГУ фактычна кіруе група алігархаў, ніякіх ратацыяў, нікому не падкантрольная вярхушка». Гучалі і высновы: «Альбо будзе зроблены рашучы крок, альбо будзем дэградаваць далей».

Арганізатары канфэрэнцыі — Асацыяцыі студэнтаў і выпускнікоў ЭГУ— разам з прадстаўнікамі грамадзкасьці, выкладчыкамі абяцаюць цягам сутак выпрацаваць і прадставіць усім зацікаўленым рэзалюцыю, выніковы дакумэнт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG