Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм'ер Францыі прызнаў, што тэрактаў можна было пазьбегнуць


Прэм’ер-міністар Францыі Мануэль Вальс прызнаў, што ў працы спэцслужбаў па супрацьдзеяньні тэрарызму былі дапушчаныя памылкі, адзначыўшы, што на працягу трох дзён загінулі 17 чалавек.

Выступаючы ў эфіры тэлеканалу BFM, ён сказаў, што францускаму ўраду неабходна прааналізаваць гэтыя падзеі.

7 студзеня ў Парыжы пры нападзе на сатырычны часопіс «Шарль Эбдо» загінулі 12 чалавек, у тым ліку восем журналістаў. Падазраваныя ў тэракце браты Саід і Шэрыф Куашы былі забітыя ў пятніцу ў францускім горадзе Дамартэн-ан-Гоэль, дзе яны ўзялі закладніка. Падчас паліцэйскага штурму закладнік быў вызвалены.

У пятніцу ж на ўсходзе Парыжа загінулі чацьвёра з васьмі закладнікаў, захопленых у габрэйскай краме ў раёне Вэнсэн. Нападнік Амэдзі Кулібалі быў забіты падчас паліцэйскай апэрацыі. У чацьвер у парыскім прыгарадзе Монруж невядомы застрэліў супрацоўніцу паліцыі.

Як адзначаюць інфармацыйныя агенцтвы, некаторыя экспэрты ў галіне бясьпекі лічаць, што напад на сатырычны часопіс «Шарль Эбдо» можна было б прадухіліць, калі б сілы бясьпекі ўзмацнілі сачэньне за братамі Куашы. Францускаму ўраду было вядома, што двое ўваходзілі ў радыкальную ісламісцкую групоўку і, знаходзячыся ў Емэне, кантактавалі з актывістамі «Аль-Каіды на Аравійскай паўвысьпе». На думку іншых экспэртаў, у Францыі жывуць больш за пяць тысяч ісламістаў і арганізаваць пільнае назіраньне за ўсімі імі немагчыма.

XS
SM
MD
LG