Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальнік «Плятформы» наўмысна выдаваў сакрэты Міністэрства ўнутраных спраў?


У студзені павінен адбыцца судовы працэс над яшчэ адным праваабаронцам «Плятформы інавэйшн» — заснавальнікам арганізацыі Міхаілам Жамчужным. Пра гэта ён напісаў сам зь Віцебскага СІЗА № 2 былым паплечнікам з «Плятформы» ды грамадзкай актывістцы Тацяне Севярынец.

У размове са «Свабодай у турмах» Тацяна Севярынец расказала: Міхаіл паведаміў, што адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам, выкарыстоўвае для абароны артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі і склаў тэстамэнт, які хоча перадаць стрыечнай сястры.

Тацяна Севярынец дадае, што, паводле няспраўджанай інфармацыі, на допыт па справе Міхаіла Жамчужнага нібыта прывозілі былога кіраўніка «Плятформы», асуджанага Андрэя Бандарэнку.

59-гадовы Міхаіл Жамчужны —асоба мала вядомая ў асяродзьдзі грамадзкіх актывістаў. Сёньня мы паспрабуем расказаць больш падрабязна пра гэтага безумоўна таленавітага чалавека.

Колішні дацэнт Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфіяў ды распрацовак, вынаходнік, які першы ў краіне зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве (сьпіс можна працягваць) быў арыштаваны неўзабаве пасьля працэсу над дырэктарам «Плятформы» Андрэем Бандарэнкам. Аднак пра арышт стала вядома толькі празь некалькі месяцаў, недзе напрыканцы кастрычніка. У «Плятформу» гэтыя зьвесткі прыйшлі ад ужо асуджанага на той момант Бандарэнкі. Той нібыта перадаў, што да яго (Бандарэнкі) на «Валадарку» адмыслова прыяжджалі паразмаўляць ці то зь Віцебскага сьледчага камітэту, ці то з КДБ.

Адвакат, на якога выйшлі праваабаронцы "Плятформы", падрабязнасьці справы Жамчужнага тлумачыць адмовіўся ў сувязі з падпіскай аб неразгалошваньні. Сёе-тое праясьнілі матэрыялы крымінальнай справы, якія Жамчужнаму ўдалося пераправіць на волю.

Копіі судовых матэрыялаў

Копіі судовых матэрыялаў

Міхаіл абвінавачваецца паводле некалькіх вельмі сур’ёзных артыкулаў КК Беларусі — арт.376 (ч.1, ч.2), арт.375 (ч.1), арт.431 (ч.1, ч.2). Гэта наўмыснае выдаваньне службовых сакрэтаў, незаконнае набыцьцё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, а таксама даваньне хабару. Для Міхаіла, якому згодна з абвінавачваньнямі сьвеціць сама меней гадоў дзесяць, гэта будзе ўжо другое зьняволеньне. З 2007 па 2012 гады ён адбываў пакараньне паводле эканамічнай справы. Пасьля вызваленьня выйшаў на праваабаронцаў «Плятформы» і выказаў жаданьне супрацоўнічаць з арганізацыяй.

«Міхаіл зьявіўся ў „Плятформе“ летам 2012-га, пасьля таго як адбыў свой пяцігадовы тэрмін, — узгадвае цяперашняя кіраўніца „Плятформы“ Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — Чалавек, які сам прайшоў турму, ён быў гатовы дапамагаць нам, людзям, якія займаюцца пэнітэнцыярнай сыстэмай. Магу сказаць, што Мішава жыцьцё было зруйнаванае першым тэрмінам. Ён аказаўся лішнім у чыіхсьці гульнях. Проста зь яго зрабілі „стрэлачніка“ ды пасадзілі. Без аніякага сумневу, гэта чалавек вельмі шырокага кругагляду — ад ядзернай фізыкі і да самалётабудаваньня. Міша канструяваў лятальныя апараты, гэта было яго хобі. Той патэнцыял, які быў разбураны турмой. Гэта крыўдна і балюча».Алёна Красоўская-Касьпяровіч расказвае, што тады, два гады таму, Міхаіл спрабаваў абскардзіць той свой прысуд, аднак...

Красоўская-Касьпяровіч: «Справа была досыць спэцыфічная, бо ў матэрыялах фігуравала навука, нейкія дакладныя распрацоўкі. Матэрыялаў было шмат, і адвакаты, якія знаёміліся з гэтай вялікай колькасьцю, казалі: тут можна працаваць, справа вельмі спрэчная, пэрспэктывы добрыя, але гэта патрабуе немалых грошай — якіх ані ў Мішы, ані ў „Плятформы“ не было».

У «Плятформе» Міхаіл лічыўся валянтэрам. Да яго зьвярталіся людзі, зь якімі ён раней быў за кратамі. Яны паведамлялі яму пра тыя ці іншыя праблемы ў месцах пазбаўленьня волі.

Копіі судовых матэрыялаў

Копіі судовых матэрыялаў

Красоўская-Касьпяровіч: «Пра нейкія праблемы ён інфармаваў „Плятформу“, каб мы вырашалі іх. Нейкія, відавочна, вырашаў сам і не інфармаваў пра гэта нас. Ніякіх фінансавых сродкаў ад „Плятформы“ ён не атрымліваў, жыў вельмі аскетычна. Нешта большае пра яго сказаць цяжка. Справа ў тым, што Міхаіл працаваў непасрэдна з Андрэем Бандарэнкам. Таму для нас было абсалютна нечаканым тое, што з таго часу, як ён апынуўся ў нас, ён зьбіраў інфармацыю, якая складае службовую тайну ў сыстэме МУС РБ. Як вынікае зь перададзеных ім матэрыялаў, ён нібыта атрымаў нейкія тэхнічныя аўдыё-відэасродкі ў выглядзе гузіка і бірулькі для аўтамабільных ключоў. Як гэта трапіла да яго, куды ішла тая інфармацыя, — шчыра кажучы, мы ня ведаем. Дарэчы, акрамя як з Андрэем Бандарэнкам, больш ні з кім з „Плятформы“ сьледчыя ня гутарылі».

«Я жыў у ружовым сьвеце і займаўся чыстай навукай»

Сам Міхаіл Жамчужны ў сваіх нешматлікіх размовах з журналістамі казаў, што да турмы ніколі не цікавіўся палітыкай, але, як і ягоныя таварышы па няшчасьці, ужо ніколі ня зможа заставацца абыякавым да сыстэмы і прагінацца пад яе.

«Я жыў у ружовым сьвеце, займаўся чыстай навукай і зусім не глядзеў на тое, што адбываецца навакол, — распавядаў Міхаіл незадоўга да арышту. — Навука для мяне была ўсім. Дзеля нейкага выніку я і некаторыя калегі гатовыя былі працаваць бясплатна. За правядзеньне экспэрымэнтаў мы мусілі самі даплачваць. Гэта быў ня надта бясьпечны час для навуковай творчасьці. Тады, у сярэдзіне нулявых, была мода на раскрыцьцё арганізаваных злачынных груповак (АЗГ). Яны знайшлі такія сярод спартоўцаў, сярод лекараў, сярод мытнікаў... Дарэчы, хутка іх абвінавачаньні рассыпаліся многія, а людзі тым ня менш адседзелі па некалькі год, і зь іх потым былі зьнятыя абвінавачаньні. Тая ж самая задача была ў дачыненьні да навукі. АЗГ шукалі і там. Аднойчы па дарозе дадому мяне арыштавалі. У тым, у чым я быў і з чым я быў. Адразу да пракурора і ў турму. Асабліва цяжка было тое, што на той момант мая маці ляжала ў шпіталі. Гэта быў самы блізкі для мяне чалавек. Допыты ў КДБ былі навіной для мяне, хоць яны тыя самыя, адпрацаваныя дзесяцігодзьдзямі. І тут склалася так, што або я дам гэтым супрацоўнікам патрэбныя паказаньні ў дачыненьні да вядомых навукоўцаў Беларусі з той жа АН РБ, БДУІР, або — будзе кепска. У няволі жыцьцё прымусіла мяне вывучыць дасканала Крымінальны кодэкс, Працэсуальны кодэкс, усе астатнія кодэксы, судаводзтва, дакумэнты пра статус судзьдзяў. У мяне было дастаткова часу, каб гэта ўсё вывучыць».

За кратамі Жамчужны ня толькі кансультаваў вязьняў у пытаньнях права, але і выкладаў ахвотным фізыку плязмы, перадаваў веды па вадароднай энэргетыцы, знаёміў з самымі рознымі тэхнічнымі мэтадамі.

«У турмах нямала тых, хто цягнецца да навукі, — казаў ён. — Адзін сядзелец нават прачытаў маю манаграфію, якую я падрыхтаваў падчас дактарантуры. Таксама на просьбу вязьняў я паказаў, як ва ўмовах няволі са старога тэлевізара можна вырабіць плязьменны генэратар сучаснай канструкцыі...»

Міхаіл ля свайго дому ў Віцебску

Міхаіл ля свайго дому ў Віцебску

Апошняя размова Міхаіла з карэспандэнтам «Свабоды у турмах» адбылася ў Менску падчас працэсу над Андрэем Бандарэнкам. Справу Бандарэнкі Жамчужны лічыў «падставай» і не выключаў, што хутка могуць арыштаваць і яго.​

Жамчужны: «Я гатовы да гэтага. Чаму? Толькі за апошнія тры месяцы мяне літаральна штодня наведвалі супрацоўнікі МУС, апытвалі маіх суседзяў, іх цікавіла, з кім я кантактую, як сябе паводжу, ці выпіваю... Напэўна, нашы органы традыцыйна выкарыстоўваюць жанчын, каб арганізаваць нейкі канфлікт, бо ў кожным канфлікце жанчына заўсёды псыхалягічна будзе мець рацыю. Дзьве суседкі, зь якімі ў мяне былі найлепшыя стасункі цягам дзесяцігодзьдзяў, раптам падаюць на мяне заявы ў розныя структуры. Мяне выклікаюць у міліцыю для паказаньняў. Мяне гэта зьдзіўляе, бо ніколі раней такой увагі да мяне з боку МУС не было».

Група «За волю» лічыць Жамчужнага палітвязьнем

Хоць адкрытай інфармацыі па справе Міхаіла Жамчужнага вобмаль, некаторыя праваабаронцы называюць яго, як, дарэчы, і Андрэя Бандарэнку, палітычным зьняволеным.

Гэтай думкі прытрымліваецца і лідэр групы «За волю» Ганна Шапуцька:

Ганна Шапуцька

Ганна Шапуцька

«Па-першае, Міхаіл Жамчужны — заснавальнік праваабарончай арганізацыі „Плятформа“, якая займалася расьсьледаваньнем катаваньняў у турмах, парушэньняў закону, няпростых справаў. І пасьля яго арышту ўзьнікла пытаньне: чаму менавіта гэты чалавек быў арыштаваны пасьля суду над Андрэем Бандарэнкам, кіраўніком „Плятформы“? Прычым грамадзтва пра гэта даведалася зь вялікім спазьненьнем. Што быццам бы ён арыштаваны за тое, што выкарыстоўваў недазволеныя мэтады праслухоўваньня, тэхнічную апаратуру, у сваіх мэтах. Але мы ведаем, што чалавек працаваў у праваабарончай арганізацыі, і мэты ў яго былі адны — раскрыць тое, што робіцца ў турмах».

«Ці сапраўды ён выкарыстоўваў нейкія недазволеныя мэтады — яшчэ трэба даказаць, — працягвае Ганна Шапуцька. — Задача праваабаронцаў — дапамагчы Міхаілу пратрымацца за кратамі, бо якія ўмовы ў беларускіх турмах — вядома. На цяперашні момант група „За волю“ вырашыла лічыць яго палітычным вязьнем. Бо навідавоку мэта — ізаляваць чалавека, які паспрабаваў раскрыць мэтады, якімі карыстаецца дзяржава, каб зьняволіць сваіх апанэнтаў і каб схаваць тое, што робіцца ў турмах».

Тацяна Равяка: «Не хацелася б, каб паняцьце „палітвязень“ было дэвальваванае»

Пытаньне, каго можна лічыць палітзьняволеным, а каго — не, апошнім часам шырока дыскутуецца. Шэраг экспэртаў мяркуе, што сам тэрмін «палітвязень» ня мае агульнапрынятага азначэньня. Далёка не ўва ўсіх выпадках падсьледныя і асуджаныя, а тым больш улады прызнаюць палітычную падаплёку падзеяў. Да таго ж самі асуджаныя, перш чым зрабіць тое, у чым іх абвінавачваюць, маглі і ня мець пэўных палітычных матываў.

Як кажа прэзыдэнт Беларускага Дому правоў чалавека Тацяна Равяка, хоць у праваабаронцаў ёсьць пэўныя практычныя правілы, якія грунтуюцца на міжнародных дакумэнтах, але ў цэлым пытаньне вызначэньня статусу «палітвязьня» вельмі складанае:

Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

«Зразумела, ёсьць справы, у якіх адразу, нават на момант арышту, можна сказаць: вось гэты чалавек перасьледуецца за свае перакананьні, Так было, напрыклад, з удзельнікамі Плошчы-2010. Але, напрыклад, справы анархістаў былі больш складаныя. Спатрэбіўся пэўны час і аналіз матэрыялаў, каб зрабіць высновы, што гэтыя людзі перасьледуюцца за свае перакананьні і за грамадзкую дзейнасьць».

«Калі арыштоўваюць праваабаронцу, — працягвае Тацяна Равяка, — то для нас гэта асаблівы сыгнал. Мы заўсёды разьбіраемся ў акалічнасьцях справы, па якой нашы калегі трапляюць за краты. Так было і з Андрэем Бандарэнкам. Мы сачылі за ягонай справай, прысутнічалі ў судзе. Што да арышту спадара Жамчужнага, я, напрыклад, яго ніколі ня ведала, не была знаёмая, як і мае калегі, але тое, што ён быў заснавальнікам установы „Плятформа“, — гэта прыцягнула нашу ўвагу. Мы зрабілі пэўныя крокі, каб ведаць сутнасьць той справы. На жаль, на сёньняшні дзень мы ведаем вельмі мала і працягваем сачыць за гэтай справай. Пакуль у нас няма падставаў сьцьвярджаць адназначна, што спадар Жамчужны перасьледуецца за ягоную праваабарончую дзейнасьць. Магчыма, такія дадзеныя мы атрымаем, і тады зможам зрабіць нейкія іншыя высновы».

Кожная падобная справа прыцягвае ўвагу праваабаронцаў, яны адсочваюць яе і аналізуюць, кажа Тацяна Равяка. Ёй і яе калегам хацелася б, каб гэтае паняцьце не было дэвальваванае. Таму што прызнаць палітвязьнем — гэта яшчэ ўзяць на сябе абавязак і вельмі сур’ёзна дапамагаць гэтаму чалавеку, і ладзіць міжнародныя кампаніі ў яго абарону.

«Калі, напрыклад, вяртацца да дзейнасьці Андрэя Бандарэнкі, то, вядома, ва ўладаў, можна лічыць, матыў быў палітычны — спыніць ягоную праваабарончую дзейнасьць. Але калі мы будзем глядзець па тым, ці скарысталася ўлада, — я б сказала, што не. Калі б у дадзенай сытуацыі Андрэй быў асуджаны на тэрмін, які перавышае звычайны тэрмін пакараньня па аналягічных справах звычайных людзей, тады б казалі: так, частка прысуду — гэта за тое хуліганства, што ён зьдзейсьніў, а частка прысуду — гэта расплата за ягоную праваабарончую дзейнасьць. Калі быў вынесены прысуд: чатыры мінус адзін — тры гады зьняволеньня, то такія ж прысуды выносяцца па аналягічных справах».

«Што тычыцца Міхаіла Жамчужнага, — зазначае Тацяна Равяка, — то, паўтаруся, тут патрэбна больш інфармацыі, якой пакуль што няма».

«Хутчэй за ўсё працэс будзе закрытым»

Тым часам кіраўніца «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч лічыць, што ў гісторыі Міхаіла Жамчужнага пытаньне «палітычны — непалітычны» не настолькі ўжо істотнае. Яна мяркуе, што гэты чалавек цяпер ізноў у выніку нейкіх чарговых інтрыгаў выкарыстоўваецца як стрэлачнік. Ягоны інтэлектуальны патэнцыял ізноў нікому на радзіме не патрэбны. Праваабаронца лічыць, што ізаляваць за кратамі на вялікі тэрмін трэба тых, хто ўяўляе небясьпеку для жыцьця іншых грамадзянаў. Такім, як Міхаіл Жамчужны, трэба даваць магчымасьці займацца тым, што складае галоўны сэнс іх жыцьця — навукай... А гэта ўжо пытаньне рэфармаваньня айчыннай судовай ды пэнітэнцыярнай сыстэмаў. Праваабаронца прыводзіць свае ўражаньні ад знаёмства з швэдзкай турмой.

Красоўская-Касьпяровіч: «Там такія людзі, як Міша, удасканальвалі б сваю адукацыю, дыстанцыйна займаліся б у нейкім унівэрсытэце, абаранялі б дысэртацыі... Паколькі інфармацыя, што чалавек сядзеў за кратамі, нідзе не фігуруе, то лічу, што пасьля вызваленьня той жа Міша мог бы выкладаць, працаваць па нейкай з сваіх спэцыяльнасьцяў. У беларускіх турмах вышэйшую адукацыю атрымаць немагчыма. Акрамя таго, інфармацыя пра знаходжаньне чалавека ў турме практычна перакрэсьлівае магчымасьць для Мішы вярнуцца ва ўнівэрсытэт і выкладаць далей».

Кіраўніца «Плятформы» кажа, што яна і яе калегі імкнуцца падтрымаць Міхаіла. Яны лічаць яго годным чалавекам. Працяглая адседка ў турме ніяк не адбілася на ягоных маральных якасьцях. У яго ёсьць ідэалы, адмаўляцца ад якіх ён не зьбіраецца. Магчыма, з-за гэтых сваіх прынцыпаў ён узяў усю віну на сябе, а таму па справе праходзіць адзін. Такі чалавек.

Красоўская-Касьпяровіч: «Мы зь ім лістуемся. У Міхаіла няма сваякоў, і мы падтрымліваем яго маральна, а таксама фінансава, штомесяц дасылаем яму перадачы. У адным з сваіх сьнежаньскіх лістоў Міша напісаў, што недзе празь месяц адбудзецца суд над ім. Мне падаецца, што працэс будзе закрыты, бо ў справе, хутчэй за ўсё, нямала нюансаў, пра якія мы ня ведаем і, хутчэй за ўсё, не даведаемся. Такую інфармацыю вязьні могуць перадаць сваім сямейнікам падчас спатканьня. А ў Міхаіла радні ў Беларусі няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG