Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэса мусульманскага сьвету працягвае камэнтаваць тэракт у Парыжы.

У Іраку сродкі масавай інфармацыі надаюць вельмі няшмат увагі асьвятленьню трагедыі ў Парыжы. Ірацкі журналіст Джавад Бішар, які жыве ў Парыжы, у інтэрвію радыё Свабодны Ірак сказаў, што «ірацкія СМІ былі ў значнай ступені абыякавымі, таму што шмат іракцаў гінула кожны дзень, а сьвет слаба рэагаваў на гэта». У той час як большасьць СМІ Аўганістану ў выходныя дні маўчалі, аўганскія талібы скарысталіся магчымасьцю, каб апублікаваць на сваім сайце артыкул, у якім тэрарыстычны акт у Парыжы быў ацэнены як «трывожны званок для тых, хто калісьці абразіў іслам і прарока».

На першых старонках найбуйнейшых пакістанскіх газэт першапачаткова былі зьмешчаныя інфармацыйныя матэрыялы пра падзеі ў Парыжы, і толькі потым пачалі зьяўляцца рэдакцыйныя камэнтары.

У рэдакцыйным артыкуле, апублікаваным англамоўнай пакістанскай Dawn, адзначаецца: «Ізноў іслам і мусульмане знаходзяцца ў цэнтры ўвагі, і зноў гэта па сумнеўных прычынах».

Газэта называе напад «крымінальным» і піша, што іслам асуджае «які заўгодна гвалт», а таксама інфармуе, што Ліга арабскіх дзяржаў асудзіла тэракт. Адначасна газэта канстатуе, што «яшчэ шмат пра што можна казаць і шмат што можна зрабіць, асабліва з улікам глыбокіх рознагалосьсяў, якія ўзьнікаюць паміж мусульманамі і немусульманамі на Захадзе».

У цэлым рэакцыя на тэракт у Парыжы ў мусульманскім сьвеце розная, ад наўпроставага асуджэньня акту гвалту да меркаваньняў, што францускі сатырычны часопіс сам наклікаў на сябе бяду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG