Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія ўлады гатовыя знайсьці месца для музэя Быкава


Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў падчас асабістага прыёму паабяцаў сябрам Таварыства беларускай мовы знайсьці новае месца для музэя Васіля Быкава. На гэтай сустрэчы прысутнічаў выкладчык унівэрсытэту імя Янкі Купалы, прафэсар Аляксей Пяткевіч, які добра ведаў Васіля Быкава і сябраваў зь ім.

Карэспандэнт: «Аляксей Міхайлавіч, скажыце, калі ласка, каму належала ініцыятыва сустрэчы — сябрам ТБМ ці чыноўнікам?»

Пяткевіч: «Не, улады на такія ініцыятывы не адважваюцца. Канечне, гэта зыніцыявала кіраўніцтва ТБМ Горадні і вобласьці. Думка гэтая высьпявала даўно, і ўсім нам зразумела, што такі музэй патрэбны. Толькі мала было надзеі, што гэтае пытаньне можа быць вырашана».

Карэспандэнт: «І якімі аргумэнтамі вы абгрунтоўвалі перад абласным кіраўніцтвам патрэбу адкрыць у Горадні музэй Быкава?»

Аляксей Пяткевіч

Аляксей Пяткевіч

Пяткевіч: «Мы казалі, што гэта фігура вялікага духоўнага маштабу, постаць, якая заслугоўвае музэю, стараліся ўспомніць розныя званьні і ўзнагароды Быкава — гэта было дарэчы. І яшчэ я зьвярнуў увагу на тое, што ў вобласьці толькі тры пэрсанальныя музэі, што вельмі мала, бо нашы суседзі — палякі і расейцы — у гэтых адносінах далёка апярэдзілі нас. І вось гэты аргумэнт, мне здаецца, падзейнічаў найбольш».

Карэспандэнт: «Вашы аргумэнты начальства адразу прыняло?»

Пяткевіч: «Спачатку і старшыня аблвыканкаму, і людзі, які прысутнічалі пры гэтай размове, стараліся зьвесьці гаворку да таго, што Быкаву можна знайсьці месца ў іншым музэі — абласным, Максіма Багдановіча, у „Гродзенскай праўдзе“. Але мы рашуча гэтыя меркаваньні адкінулі. І, ведаеце, старшыня аблвыканкаму прыняў нашы матывы і ў канцы размовы даў распараджэньне, праўда, толькі вуснае — шукаць варыянты памяшканьня для музэю. Ну вось, нейкі пачатак, маленькі, праўда, але, здаецца, ёсьць».

Карэспандэнт: «А вы нагадвалі начальству, што ў Горадні людзі зьбіралі подпісы за адкрыцьцё вуліцы імя Быкава, што гарсавет прымаў рашэньне адкрыць шыльду на доме, дзе жыў пісьменьнік, але дагэтуль нічога няма?»

Пяткевіч: «Не, мы не адыходзілі да другіх тэмаў, варта было гаварыць толькі пра гэта адно. Хоць, вядома, гэта вельмі важна, і яшчэ пытаньняў хапае, і ня толькі з Быкавым. Але мы гаварылі толькі пра адно».

Карэспандэнт: «А вы асабіста бачыце нейкае канкрэтнае месца ў горадзе, дзе б мог быць музэй Быкава?»

Пяткевіч: «Канечне, варта, каб гэта было ў гістарычным цэнтры гораду — гэта самае важнае. А ня так, як зрабілі ў Менску — недзе на лецішчы. Хто гэта ведае і як туды дабярэцца? Гэта папросту

.....А ня так, як зрабілі ў Менску — недзе на лецішчы. Хто гэта ведае і як туды дабярэцца? Гэта папросту адчэпнага зрабілі, і толькі.

адчэпнага зрабілі, і толькі. А ў Горадні шмат розных арганізацыяў зьяжджаюць з будынкаў, і гэта цалкам рэальна — нешта падабраць. Праўда, пры жаданьні».

Карэспандэнт: «Аляксей Міхайлавіч, як вам падалося — ці разумелі людзі, якія сядзелі насупраць вас, якое значэньне мае постаць Быкава ў сусьветным маштабе?»

Пяткевіч: «Я думаю, што так, бо старшыня аблвыканкаму — Уладзімер Краўцоў — чалавек дасьведчаны, сур’ёзны, і ён разумее гэта. Я думаю, што так і не патрэбна асабліва гэта даводзіць».

Карэспандэнт: «Значыцца, спадзяваньні зьявіліся...»

Пяткевіч: «Спадзявацца заўсёды трэба, спадзявацца можна, я таксама спадзяюся, хоць выніку можа і ня быць. Але калі на такім узроўні сказана такое слова — дарэчы, і тэлебачаньне прысутнічала, здымала нашу размову — я думаю, што такімі словамі ня кідаюцца, не павінны».

Карэспандэнт: «Вы чытаеце ва ўнівэрсытэце лекцыі пра сучасную беларускую літаратуру, у тым ліку і пра Быкава — ці ведае сёньняшняе маладое пакаленьне Быкава?»

Пяткевіч: «На вялікі жаль, кепска ведаюць. Пакаленьне сёньняшняе амаль не чытае, і гэта бяда. Самая важная крыніца ўсяго для іх — інтэрнэт. Гэта сумная рэч, але гэта так. Кепска ведаюць і Быкава, і Караткевіча, і іншых аўтарытэтных пісьменьнікаў. Папросту не чытаюць».

Карэспандэнт: «Дык для каго вы тады дамагаецеся адкрыцьця музэю?»

Пяткевіч: «Канечне, калі музэй будзе створаны і прывесьці іх, то гэта зацікавіць і зьявіцца жаданьне пачытаць. Зьяўленьне такога музэю будзе важным фактарам і паверне людзей да чытаньня. Але ў цэлым тут ня проста нейкая практычная мэта ставіцца. Быкаў — гэта сымбаль Беларусі, гэта зьява эпохі, і таму трэба, каб ён напамінаў людзям пра многія рэчы. І фігура Быкава, і музэй Быкава — гэтым вырашаецца вельмі глябальная задача, так што ён ва ўсіх адносінах важны».

Цяпер у Горадні дзейнічае невялікі музэй Васіля Быкава, створаны на грамадзкіх асновах актывістамі Гарадзенскага гарадзкога грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл. Музэй месьціцца ў невялікім пакоі ў офісным будынку па Савецкай вуліцы і не прыстасаваны для наведваньня экскурсійнымі групамі.

Пісьменьнік пражыў у Горадні чвэрць стагодзьдзя, пасьля чаго пераехаў у Менск. У горадзе над Нёманам ён напісаў «Жураўліны крык», «Трэцюю ракету», «Альпійскую баляду», «Мёртвым не баліць» ды іншыя вядомыя творы.

XS
SM
MD
LG