Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На перапродажы расейскіх аўто беларусы «наварылі» ў сярэднім ад 2 да 5 тысяч даляраў


Больш за 50 тысяч (дакладнай лічбы пакуль Белстат ня мае) легкавых аўтамабіляў вывезьлі беларусы за 2014 год з Расеі.

Гэта як мінімум у тры разы болей, чым у 2013 годзе. Напрыканцы мінулага году беларусы літаральна штурмавалі расейскія аўтасалёны.

Былы прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч незадоўга да сваёй адстаўкі прывёў такую лічбу: толькі за кастрычнік-лістапад 2014 году жыхары Беларусі ўвезьлі з Расеі 21,5 тысячы аўто. Тагачасны кіраўнік ураду зьвязаў такі ажыятажны попыт з абвалам расейскага рубля.

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Сапраўды, той хто хуценька ацаніў узьніклую сытуацыю, наварыў дзесьці 7–10 тысяч даляраў нават на найдаражэйшых машынах, — камэнтуе становішча для Свабоды кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. — Кемлівыя беларусы скарысталіся тым, што цэны на аўто ў расейскіх рублях пару месяцаў не пераглядаліся. Яны рынуліся да суседзяў, мянялі там даляры і эўра на расейскі рубель і на гэтым значна выйгралі.

Але гэта толькі адна з трох прычынаў. Другая — гэта вынік уступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Расейцы змаглі дамовіцца пра льготы для свайго аўтапраму. Фактычна правілы свабоднага гандлю на гэтым сэгмэнце расейскага рынку пачнуць дзейнічаць толькі ад 2019 году. Беларусь такіх ільготаў ня мае. І таму мы вымушаныя дыхаць у хвост расейскаму аўтамабільнаму лобі.

А трэцяе — гэта вынік нашага далучэньня да Эўразійскага эканамічнага саюзу. Раней мы мелі магчымасьць усталёўваць сваё мыта на імпартныя машыны. Фізычныя асобы ўвозілі заходнія машыны ў Беларусь, растаможвалі іх і часта далей прадавалі расейцам. Пасьля ўтварэньня ЭАЭС мы ўжо ня маем права прызначаць сваё мыта. І таму мы вымушаныя працаваць у адзінай прасторы пад дыктоўку вытворцаў аўтамабіляў на тэрыторыі Расеі. А яны выбілі высокае мыта на імпарт машын з трэціх краінаў. Вось мы і трапілі ў расейскую пастку».

Анатоль Шаўчэнка

Анатоль Шаўчэнка

Экспэрт аўтамабільнага рынку, рэдактар штотыднёвіка «Аўтадайджэст» Анатоль Шаўчэнка ў размове са Свабодай сказаў, што навар беларусаў на закупе машын у Расеі вымяраецца найперш маркай аўто. Напрыклад, пакупнік Таёты Лэнд Крузэр выгадваў нават пару дзясяткаў тысяч даляраў. Але бальшыня набывала прасьцейшыя і таньнейшыя маркі. Таму можна казаць, што пераважна на адной машыне зараблялі ад дзьвюх да пяці тысяч даляраў.

Пакупнікоў машын у Расеі спадар Шаўчэнка дзеліць на тры катэгорыі. Хтосьці ратаваў грошы. Хтосьці, хто раней плянаваў купіць машыну сабе, карыстаўся халявай. І нейкая частка беларусаў набывала аўто, каб пасьля перапрадаць яго з выгадай для сябе. Пра дакладную прапорцыю казаць цяжка. Але, на думку Анатоля Шаўчэнкі, працэнтаў 25 дзейнічалі паводле прынцыпу «купіць — перапрадаць — наварыць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG