Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Куль-Сяльверстава: Гарадзенская гістарычная школа выстаіць


Сьвятлана Куль-Сяльверстава
Сьвятлана Куль-Сяльверстава

2015 год пачаўся ў Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы новымі звальненьнямі — свае працоўныя месцы страцілі доктар гістарычных навук Сьвятлана Куль-Сяльверстава і архэоляг Генадзь Семянчук. Чаму пад рэпрэсіі ўладаў падпадаюць найперш выкладчыкі ГарДУ, які колісь славіўся сваёй гістарычнай школай? Сьвятлана Куль-Сяльверстава — госьцяй перадачы.

— Спадарыня Сьвятлана, што ўсё ж адбываецца ў Гарадзенскім унівэрсытэце? Адміністрацыя аднаго за другім працягвае звальняць выдатных спэцыялістаў.

— Я гэта разумею як зьнішчэньне ўнівэрсытэту, плянамэрнае і мэтанакіраванае. Нішчыцца адукацыйны і ідэалягічны цэнтар на заходніх межах Беларусі. Калі паглядзець на характар звальненьняў, на тое, каго звальняюць, як звальняюць, за што звальняюць, то тэндэнцыя вельмі добра прасочваецца. У мяне такое ўражаньне, што гэтая акцыя скіраваная ня толькі супраць нашага ўнівэрсытэту. Плянава нішчыцца Горадня як культурны і ідэалягічны цэнтар празаходняй арыентацыі. Горадня, калі браць аналяг Украіны, выконвае ролю Львова ў Беларусі. А сэрца Горадні — якраз Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Купалы.

— Адначасова з вамі з пасады міністра быў звольнены Сяргей Маскевіч — былы рэктар Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Як вы ацэньваеце яго ролю ў тых падзеях, якія апошнім часам адбываюцца ў сьценах ГарДУ?

— Я вельмі паважаю Сяргея Аляксандравіча Маскевіча. Мы сябравалі ў той час, калі ён працаваў ва ўнівэрсытэце. Я ведаю яго як чалавека праэўрапейскага, адкрытага, пэрспэктыўнага, вельмі разумнага. Менавіта ён даў штуршок для разьвіцьця ўнівэрсытэту як эўрапейскай навучальнай установы. А падтрымаў і разьвіў гэтую тэндэнцыю наступны рэктар — Роўба Яўген Аляксеевіч. Гэтыя два чалавекі і зрабілі Гарадзенскі ўнівэрсытэт тым, чым ён быў у лепшыя свае часы. Маё такое ўражаньне, што Маскевіча проста не падпусьцілі да справы Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Калі паглядзець на тое, што ён рабіў як міністар, на тое, як працавала пры ім Міністэрства адукацыі, то заўважная празаходняя тэндэнцыя, трэнд на захад. Гэта і кірунак на Балонскі працэс, і разьвіцьцё новых спэцыяльнасьцяў. Я не бяру тут пад увагу сярэднюю школу, тэхнікумы і коледжы, я гавару толькі пра школу вышэйшую. Гэтая тэндэнцыя адчувалася менавіта ва ўнівэрсытэтах. А апошнія два гады кіроўная рука міністэрства зусім не адчувалася. Такое ўражаньне, што Маскевіча адсунулі, і па-за ім, цераз яго рабілі тое, што было зроблена з Гарадзенскім унівэрсытэтам. Наколькі я ведаю Маскевіча, ён ніколі ў жыцьці ня даў бы зьнішчыць тое, на што паклаў добры кавалак жыцьця.

— Ва ўнівэрсытэце вы выкладалі палеаграфію, летазьлічэньне. Ці пасьпелі падрыхтаваць сабе замену?

— Так, свае курсы я здолела перадаць. Прызнаюся, я меркавала пайсьці яшчэ ўвесну, калі звольнілі Іну Соркіну. Тады была фальсыфікацыя выбараў, і замест яе ўзялі чалавека, Ягорычава, які зьяўляецца, прама скажу, плягіятарам

— Так, свае курсы я здолела перадаць. Прызнаюся, я меркавала пайсьці яшчэ ўвесну, калі звольнілі Іну Соркіну. Тады была фальсыфікацыя выбараў, і замест яе ўзялі чалавека, Ягорычава, які зьяўляецца, прама скажу, плягіятарам. Ён выдае публіцыстычныя кнігі, прычым невысокай якасьці, за навуковыя. Я пра гэта пісала адкрыта, у тым ліку ў ВАК. Іне Соркінай, гісторыку з эўрапейскім імем і вялікай будучыняй, знайшлі такую замену. Гэта было жахліва. Я ўбачыла, на што здольныя некаторыя людзі, якім я верыла і якіх паважала. І я сказала, што ў такім калектыве працаваць ня буду. Тым больш, у мяне была дадатковая праца ў Беластоку, дзе мяне, я спадзяюся, цэняць. А свае курсы я перадала чалавеку, які будзе ў гэтай сфэры працаваць. Ягоная кандыдацкая дысэртацыя зьвязаная з гэтай праблематыкай, я буду і надалей, наколькі магчыма, яму дапамагаць. Тым больш, па сваіх дысцыплінах я падрыхтавала мэтадычны апарат, уключаючы два падручнікі, усе праграмы, мэтодыкі работы. Ёсьць чалавеку на што абаперціся, ня трэба будзе пачынаць з нуля. Што б ні рабіла адміністрацыя ці хто заўгодна, студэнты не павінны выходзіць дэбіламі з унівэрсытэту.

— У многіх на памяці, як былы кіраўнік Гарадзенскай вобласьці Сямён Шапіра публічна гаварыў пра тое, што ў ГарДУ выкрытая група нацыяналістаў з шаснаццаці чалавек. Звольнілі пакуль ня ўсіх... Будуць новыя звальненьні?

​— Я доктарскую дысэртацыю абараняла па ХІХ стагодзьдзі і магу правесьці пэўныя аналёгіі. Справа ГарДУ вельмі нагадвае справу філяматаў і філярэтаў у Віленскім унівэрсытэце. Са студэнцкага таварыства, якое было далёкім ад палітыкі, апякун Віленскай навучальнай акругі і «асоба, набліжаная да імпэратара» Навасільцаў разьдзьмуў велізарную палітычную справу, якая ўпісалася ў агульную тэндэнцыю нішчэньня ўнівэрсытэтаў у Расейскай імпэрыі. У той час грамілі і Пецярбургскі, і Казанскі, і іншыя ўнівэрсытэты. І патрэбны быў нейкі кручок, каб прычапіцца да Віленскага ўнівэрсытэту. Знайшлі філяматаў і філярэтаў, зрабілі зь іх палітычную арганізацыю, тайнае таварыства. Турма, ссылкі... Трыста чалавек арыштавалі, скінулі рэктара, скінулі куратара. Бачыце аналёгію з Маскевічам?

— А ролю Навасільцава выканаў той самы Шапіра?

Група з шаснаццаці чалавек, і скандал вакол кнігі «Гродназнаўства» — гэта сучасныя філярэты і філаматы

— Так-так. А цяперашні рэктар ГарДУ Андрэй Кароль — гэта тагачасны новы рэктар Віленскага ўнівэрсытэту Вацлаў Пэлікан. Пры Пэлікане пачалося зьнішчэньне і разбурэньне ўнівэрсытэту — цэнтра ліцьвінскага вальнадумства. Справа філярэтаў і філаматаў была падставай для звальненьня выкладчыкаў, расьцярушваньня фундушаў, скарачэньня гуманітарных спэцыяльнасьцяў, чысткі студэнцкіх кадраў. Пакласьці побач дзьве справы — нашага ўнівэрсытэту і Віленскага — адзін да аднаго. І група з шаснаццаці чалавек, і скандал вакол кнігі «Гродназнаўства» — гэта сучасныя філярэты і філаматы. Гісторыя паўтараецца.

— Дзе сёньня ў Беларусі падзецца звольненаму гісторыку? Вы выкладаеце ў Польшчы, вам лягчэй, а астатнім што рабіць?

​— З досьведу сваіх сяброў, якія былі звольненыя ня толькі ў Горадні, але і ў Менску, магу сказаць: добра, калі чалавек дасягнуў пэнсійнага веку, тады можна неяк пратрымацца. Многія бяруць прыватныя заказы на распрацоўку нейкіх тэмаў — гісторыя банкаў, прадпрыемстваў і г. д. Такая праца някепска аплочваецца, але яна рамесьніцкая, дзеля кавалка хлеба. Добра архэолягам, бо на сёньняшні дзень ёсьць пасады архэолягаў у будаўнічых і праектных арганізацыях. А астатнім вельмі цяжка, яны — па-за межамі сыстэмы выкладаньня. Для іх ёсьць варыянт перабіцца нейкімі грантамі ад фондаў, але не заўсёды гэта ўдаецца. Застаецца жыць на ўтрыманьні сям’і ці зьмяніць прафэсію. Безумоўна, для многіх гэта трагэдыя.

— Як бы вы ўвогуле ацанілі стан гістарычнай навукі ў Беларусі? Якія тэндэнцыі тут маюць месца?

— На сёньняшні дзень гістарычная навука ў нас падзеленая на два лягеры. Першы лягер — гэта тыя, хто стаіць на, умоўна кажучы, пазыцыях ліцьвінства, у аснове якога ляжыць ідэя дзяржаўнасьці. Дзяржаўнасьці з апірышчам на гістарычныя традыцыі ВКЛ, ад якіх можна працягнуць лінію да вызвольных паўстаньняў, да БНР, да 1991 году. Другі лягер — гэта тыя гісторыкі, якія стаяць на пазыцыі заходнерусізму, прыкладам, Ігар Марзалюк. Ёсьць яшчэ і канфармісты, якія сваю маленечкую тэму распрацоўваюць і ня лезуць у вялікую палітыку. І вось «ліцьвінскі лягер» вылучаецца і імёнамі, і адкрыцьцямі, і значнымі кнігамі. Тое, што на сёньняшні дзень ствараецца ў гістарычнай навуцы, ставараецца найперш прадстаўнікамі «ліцьвінскага лягеру». Іншая справа, што ў ім адсоткаў шэсьцьдзясят гісторыкаў гэта тыя, хто не працуе ў дзяржаўных ВНУ, гэта людзі па-за фармальнай гістарычнай навукай.

— Гарадзенскія гісторыкі выдаюць нямала вартасных кніг па мінулым свайго рэгіёну. Скажам, у топ-дзясятку найлепшых кніг 2014 году па вэрсіі нашага радыё ўвайшла і кніга «Горадня: каралеўскі горад з правінцыйным лёсам». Вы згодныя з такім вызначэньнем?

Нам трэба гэты народ зрабіць беларусамі, а беларусаў — грамадзянамі

​— Тут неабходна ўлічваць храналягічныя межы. Калі гаворка ідзе пра ХІХ стагодзьдзе, то згодная, а калі пра ранейшы час — не. Унікальнасьць сытуацыі ў тым, што ў час, калі ўжо не існавала Рэчы Паспалітай як дзяржавы, Горадня заставалася каралеўскім горадам. Гэта быў апошні каралеўскі горад на ўсёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, бо апошні кароль Станіслаў Панятоўскі дажываў апошнія гады тут. Што да гарадзенскай гістарычнай школы, то яе ўжо немагчыма зьнішчыць. Яна выстаіць. Вы правільна заўважылі — колькі добрых кніг выдаецца нашымі маладымі гісторыкамі. Колькі новых імёнаў зьявілася! Улада можа разганяць кафэдры, нішчыць спэцыяльнасьці, закрываць факультэт, але гэтую школу яна ўжо ня зьнішчыць. Людзі ўсё роўна будуць працаваць, дасьледаваць, выдаваць, праз сацыяльныя сеткі распаўсюджваць свае веды. Будуць абмяркоўваць праблемы беларускай гісторыі — няхай ня тут, а ў Каўнасе ці Варшаве. Іх немагчыма забараніць, ня тая сёньня сытуацыя.

— Ведаю, што вы этнічна не беларуска. Вы выкладаеце за мяжой. Чаму ж для вас такія актуальныя праблемы беларускамоўнай адукацыі?

— У мяне мама — украінка, дзед у мяне эстонец. Беларускай была толькі мая бабуля. Па-беларуску я пачала гаварыць толькі ў 1994 годзе. Набытая беларускасьць — мая тоеснасьць. Я ў сабе выхавала беларуску. Думаю, што такіх людзей у Беларусі шмат. Вядома, трэба падтрымліваць беларускую мову, вывучаць гісторыю і г. д. Але нельга адпрэчваць людзей, якія размаўляюць па-расейску, шмат хто зь іх патэнцыйна адчувае сваю еднасьць з гэтым народам і гэтай зямлёй. Хай яны расейскамоўныя, хай яны пралукашэнкаўскія, але ў іх часам ёсьць той патрыятызм, які ў час ікс спрацуе. І такія людзі выступяць на абарону краіны і народу дзе заўгодна — у размове, у зьнешняй палітыцы, у збройным змаганьні. І гэта трэба мець на ўвазе. А то часам у нас можна пачуць: ах, ты не гаворыш па-беларуску? то прэч адсюль, ідзі да ватнікаў. Для кагосьці чуць такое вельмі балюча. Над гэтым нам усім трэба працаваць. У ХVIII стагодзьдзі ў колішняй Рэчы Паспалітай быў такі дэвіз: зрабіць людзей палякамі, а палякаў — грамадзянамі. Дэвіз гэты трэба перанесьці на нашую глебу. Нам трэба гэты народ зрабіць беларусамі, а беларусаў — грамадзянамі. Вось якія словы павінны быць на нашых сьцягах. Тады ў Беларусі ўсё будзе добра.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG