Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт закрыў справу па факце сьмерці Ігара Пцічкіна і абвінаваціў яго ў распаўсюдзе «спайсаў»


Сьледчы камітэт закрыў крымінальную справу па факце гібелі ў СІЗА на Валадарскага ў жніўні 2013 году Ігара Пцічкіна.

У прэс-рэлізе СК паведамляецца, што І. Пцічкін доўгі час цярпеў на сындром залежнасьці ад «спайсаў» і алькаголю.

«З моманту пачатку адбыцьця пакараньня ў І. Пцічкіна ўзьнікла вострае (часовае) псыхічнае расстройства на фоне стану адмены псыхаактыўных рэчываў, ускладненае парушэньнем сьвядомасьці, вар’яцкімі ідэямі перасьледу, галюцынацыямі. З гэтай прычыны 3 жніўня 2013 году І. Пцічкін быў шпіталізаваны з агульнай камэры ў мэдычную частку ізалятара, дзе з мэтай прадухіленьня членашкодніцтва быў зафіксаваны мяккімі рамянямі да ложка. Сьмерць І. Пцічкіна наступіла ў мэдычнай частцы раніцай 4 жніўня 2013 г. з прычыны вострай сардэчна-сасудзістай недастатковасьці, што ўзьнікла на фоне сындрому, які разьвіўся [ў яго]», — кажуць у Сьледчым камітэце.

Расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да мэдыцынскага пэрсаналу СІЗА аб неналежным выкананьні прафэсійных абавязкаў, якія спрычынілі празь неасьцярожнасьць сьмерць Пцічкіна, спынена.

«Асноўным у надыходзе сьмерці зьявіліся характар і цяжкасьць саміх працэсаў хваробы. Аказаньне мэдыцынскай дапамогі ў поўным аб’ёме нават ва ўмовах спэцыялізаванага стацыянару не гарантавала спрыяльнага зыходу, у сувязі з чым дапушчаныя парушэньні службовых інструкцыяў з боку мэдыцынскага ізалятара СІЗА № 1 не знаходзяцца ў прамой прычыннай сувязі з наступствамі, якія мелі месца», — падкрэсьліваюць у СК.

Акрамя таго, у СК абвінавацілі Пцічкіна ў актыўным распаўсюдзе «спайсаў»:

Па гэтым факце адным з раённых аддзелаў УСК па г. Менску расьсьледавалася крымінальная справа ў дачыненьні да апошняга, у ходзе якой былі атрыманыя ўсе неабходныя доказы яго дачыннасьці да збыту псыхатропных рэчываў.

«Па гэтым факце адным з раённых аддзелаў УСК па г. Менску расьсьледавалася крымінальная справа ў дачыненьні да апошняга, у ходзе якой былі атрыманыя ўсе неабходныя доказы яго дачыннасьці да збыту псыхатропных рэчываў. Акрамя таго, гэта пацьвярджаецца шматлікімі допытамі сьведак. Цяпер, пасьля поўнага і ўсебаковага расьсьледаваньня, крымінальны перасьлед у дачыненьні да І.Пцічкіна спынены з прычыны ягонай сьмерці».

15 траўня 2013 году суд Заводзкага раёну Менску прысудзіў Ігару Пцічкіну тры месяцы адміністрацыйнага арышту за кіраваньне аўтамабілем у пэрыяд, калі ён быў пазбаўлены правоў. 30 ліпеня малады чалавек сам прыбыў у Заводзкі РУУС, адкуль яго накіравалі для адбыцьця пакараньня ў СІЗА № 1.

4 жніўня родным паведамілі, што Ігар Пцічкін памёр у СІЗА на Валадарскага. Паводле папярэдняй вэрсіі, сьмерць наступіла ад спыненьня сэрца. На целе Пцічкіна былі шматлікія драпіны і гематомы.

Маці загінулага Ігара Пцічкіна Жанна Пцічкіна сказала карэспандэнту Свабоды, што яны дагэтуль не атрымалі дакумэнтаў са Сьледчага камітэту пра закрыцьцё справы аб прычынах сьмерці яе сына.

Жанна Пцічкіна ня згодная з рашэньнем аб закрыцьці справы і будзе яго абскарджваць. Паводле Жанны Пцічкінай, сьледчыя абяляюць міліцыянтаў, якія вінаватыя ў сьмерці яе сына.

Экспэртыза пасьля эсгумацыі ня выявіла ў сына сьлядоў наркотыкаў ці алькаголю, затое вызначыла сінякі, не сумяшчальныя з жыцьцём.

«Экспэртыза пасьля эсгумацыі ня выявіла ў сына сьлядоў наркотыкаў ці алькаголю, затое вызначыла сінякі, не сумяшчальныя з жыцьцём. Між тым чамусьці паталягаанатам вырашыў, што мой сын прымаў наркотыкі. Гэта дзіўнае рашэньне, якое нельга патлумачыць. Потым мне казалі, што яны апыталі ў сьледчым ізалятары вязьняў, якія зь ім сядзелі, нібыта сын расказваў ім, што ён ужо 6 гадоў ужывае наркотыкі. Гэта няпраўда, ня мог ён такога казаць, а зь людзей пад сьледзтвам можна ўзяць любыя паказаньні. Міліцыянты выгароджваюць сваіх, але мы ня спынім спробаў дамагчыся праўды пра сьмерць Ігара», — сказала Жанна Пцічкіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG