Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшая калекцыя беларускай музыкі на youtube: 1,5 мільёна праслухоўваньняў


Сёньня канал Second Belarus на Youtube здабыў паўтара мільёна праглядаў. На канале сабраная беларуская музыка з кампутарна генэраваным відэашэрагам – так званым «мроівам». Стваральнікі называюць свой канал «найбуйнейшай калекцыяй беларускай музыкі ў сеціве».

З нагоды паўтарамільённага слухача Свабода паразмаўляла з гаспадаром youtube-канала Ўладзімерам Слабіным.  ​

– Што ўяўляе зь сябе канал, што на ім знаходзіцца?

– На свой канал у Youtube я загрузіў больш як дзьве тысячы так званых мроіва-ролікаў зь беларускімі песьнямі. Зьмест відэа ў іх – кампутарнае мроіва, найчасьцей генэраванае візуалізатарамі з iTunes, G-Force, DiscoBrick ды інш. Мроіва зьмяняецца адпаведна гучаньню песьні.​

– Навошта гэтае мроіва? Ці не прасьцей глядзець сьпевакоў і сьпявачак жыўцом або проста слухаць?

– У мяне няма дзьвюх тысяч кліпаў з выканаўцамі песень, а калі якія і ёсьць, то няма аўтарскіх правоў на іх. Акрамя таго, мроіва-ролікі маюць перад кліпамі тую перавагу, што не ачмураюць слухача-гледача відэашэрагам, які ня мае адносін да песьні. У адрозьненьне ад кліпаў, мроіва-ролікі даюць магчымасьць удумліва слухаць і разьвіваюць нашу фантазію. Пры гэтым яны не такія безаблічныя, як аўдыёзапісы. Таксама ёсьць выканаўцы, чые сцэнічныя вобразы мне не падабаюцца, зьневажаюць мой мастацкі густ. Але песьні ў іх выкананьні – нішто сабе, можна слухаць. Сьпевакі па-свойму таленавітыя і да таго ж прафэсіяналы, проста я не хачу іх бачыць. Тады лепей проста слухаць ды глядзець мроіва-ролікі.

– Колькі ўжо загружана песень?​

– Да Новага 2011 году было сымбалічна загружана 2011 беларускіх песень, цяпер іх 2231 у 181 альбоме. Цяпер там ня толькі мроіва-ролікі, але і некаторыя відэакампіляцыі накшталт «Сямнаццаці імгненьняў вясны». 853 сябры падпісаліся на канал, прыемна.​

– Якія песьні найбольш папулярныя?​

– У першай дзясятцы – «Тры чарапахі», «Разьвітаньне з радзімай», «Маё пакаленьне», «Мала сказаць: “Ненавіджу”», «Паветраны шар», «Лёгкія-лёгкія»... Але найбольш папулярным (126 тысяч праглядаў) чамусьці стаўся ролік зь песьняй Зьмітра Вайцюшкевіча «Будзе дождж». Штодня яго глядзяць 200–300 чалавек, і чамусьці 97% зь іх жывуць у Паўднёвай Карэі – Youtube-статыстыка. Я нават пераклаў Гуглам тэкст песьні на карэйскую, каб далёкаўсходнім сымпатыкам беларускага сьпевака было зразумела.

– А ў чым была першапачатковая мэта праекту? Стварыць базу беларускай музыкі – ці нешта большае?​

– Як ні ўзьнёсла ды патэтычна гэта прагучыць, – хацеў зрабіць нешта добрае для роднай Беларусі, яе грамадзян, суайчыньнікаў у сьвеце. Прашу не шукаць іншых матываў – кажу як ёсьць. Каб кожны беларус мог зайсьці ў Сеціва, знайсьці і праслухаць улюбёную песьню. Такім чынам, хаця б віртуальна, трывае наша беларуская культурніцкая супольнасьць, дзе б мы ні жылі. Задумваў канал Second Belarus на Youtube ня толькі як пацяшальны асяродак, але і гэткі песенны дэпазытарый, адкуль кожны ахвотны можа ўставіць патрэбную песьню на свой сайт. Сам браў адтуль песьні для Беларускага музычнага календара (2011). Каляндар часова ў заняпадзе, але мроіва-ролікі з каналу, паводле Youtube-статыстыкі, штодня глядзяць і слухаюць каля 1000 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG