Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля тэракту: акцыі салідарнасьці і абстрэлы сьвятыняў


Напад на рэдакцыю францускага часопісу Charlie Hebdo выклікаў хвалю дэманстрацыяў салідарнасьці з ахвярамі, але ў Францыі таксама адбыліся абстрэлы мусульманскіх сьвятыняў.

Увечары 7 студзеня дзясяткі тысяч чалавек прынялі ўдзел у дэманстрацыях у шэрагу францускіх гарадоў. У Парыжы прайшла масавая акцыя ў абарону свабоды слова, у якой, паводле розных ацэнак, прынялі ўдзел каля 35 тысяч чалавек.

Акцыі ў салідарнасьці з ахвярамі трагедыі прайшлі і ў гарадах іншых краін - у Лёндане, Мадрыдзе, Амстэрдаме, Нью-Ёрку і Бэрліне.

Між тым, зьявіліся паведамленьні, што дзьве мусульманскія сьвятыні ў двух францускіх гарадах былі абстраляныя, аднак ніхто не атрымаў раненьняў.

Тры пустыя гранаты кінулі ў мячэць сёньня ўначы ў горадзе Ле-Ман, на захад ад Парыжа. У вакне мячэці таксама выявілі дзірку ад кулі.

У Порт-ла-Нувэль на паўднёвым усходзе Францыі ў кірунку мусульманскай малельнай залі невядомыя зрабілі некалькі стрэлаў.

Сёньня таксама адбыўся выбух каля крамы з кебабамі ў Вільфранш-сюр-Сон на ўсходзе Францыі. У выніку ніхто не пацярпеў. Мясцовыя праваахоўнікі назвалі выбух «злачынным актам».

XS
SM
MD
LG