Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве распаўсюднік газэты «Новы час» бароніць свой гонар і гонар выданьня, якое назвалі «фашысцкім»


 Віктар Чаравухін

Віктар Чаравухін

У Магілёве судзяць ахоўніка крамы, які назваў незалежную газэту «Новы час» фашысцкай. На ахоўніка Дзьмітрыя Прохарава паскардзіўся ў міліцыю распаўсюднік выданьня пэнсіянэр Віктар Чаравухін, якія заяўляе, што Прохараў зьняважыў і яго, назваўшы «фашыстам». Міліцыя ўгледзела ў дзеяньнях ахоўніка факт зьнявагі і перадала справу ў суд.

У судзе ахоўнік крамы «777» Дзьмітры Прохараў сваёй віны не прызнаў. Адмовіўся і пайсьці на прапанаванае судзьдзёй Кастрычніцкага раёну абласнога цэнтру Тацянай Міхайлавай прымірэньне са скаржнікам. Прохараў заявіў, што не зьневажаў, называючы фашыстам, Чаравухіна. І гэтаму, як ахоўнік цьвердзіў, ёсьць шмат сьведак. Ніводзін зь іх на судовае пасяджэньне, праўда, не зьявіўся.

Прохараў даводзіў суду, што Чаравухін перадаваў газэту ахоўнікам і што ён, Прохараў, доўга пільнаваў яго, каб сказаць яму, што насіць выданьне ня трэба.

Ён распаўсюджваў газэту „Новы час“, якая ўтрымлівае нацысцкі, фашысцкі і нацыяналістычны зьмест супраць прэзыдэнта і нашай рэспублікі.

«Ён распаўсюджваў газэту „Новы час“, якая ўтрымлівае нацысцкі, фашысцкі і нацыяналістычны зьмест супраць прэзыдэнта і нашай рэспублікі. Я цягам доўгага часу спрабаваў яго вылавіць, але ён даваў газэту і ўцякаў. Калі мне перадалі, што ён прыйшоў — я падышоў і сказаў яму: „Дзядуля, не насіце болей газэты фашысцкія і нацыяналістычныя“. Ён у адказ пачаў азьвярацца. Я яго тады выкінуў з крамы — вось і ўсё. Ён тады сказаў, што будзе насіць іх і далей», — казаў у тлумачэньнях суду Дзьмітры Прохараў.

Калі Віктар Чаравухін пачаў задаваць ахоўніку пытаньні на беларускай мове, той адразу абурана заявіў, што адказваць на іх па-беларуску ня будзе. Адказваў па-расейску.

Віктар Чаравухін казаў на судзе, што распаўсюджвае газэту «Новы час» шмат год і ў яго была вусная дамоўленасьць з адным з ахоўнікаў крамы, што ён будзе насіць выданьне для ягоных калегаў. Прыносіў заўжды адзін асобнік. Сярод пакупнікоў газэты не распаўсюджваў, бо ня меў, паводле ягоных словаў, такога права — не дамаўляўся на гэты конт з гаспадаром крамы.

У дзень, калі здарыўся інцыдэнт, Віктар Чаравухін зайшоў у краму, каб набыць, як ён казаў, прадуктаў. Паводле пацярпелага, Прохараў нядаўна працаваў у краме:

Ён убачыў мяне і заявіў, каб я не распаўсюджваў фашысцкія газэты. Я тады абурыўся: „Як, кажу, фашысцкія? Яна не фашысцкая. Яна зарэгістраваная ў Міністэрстве інфармацыі.

«Ён убачыў мяне і заявіў, каб я не распаўсюджваў фашысцкія газэты. Я тады абурыўся: „Як, кажу, фашысцкія? Яна не фашысцкая. Яна зарэгістраваная ў Міністэрстве інфармацыі. Я маю права яе распаўсюджваць“. Ён парушыў мае правы. Зьняважыў мяне. Першае, што зь ягоных вуснаў прагучала гэта „Не распаўсюджвай фашысцкай газэты“. Гэта азначае, што я фашыст. Потым ён мяне вывалак на вуліцу. Я падвярнуў нагу і падрапаў руку», — даводзіў суду Віктар Чаравухін.

Паводле распаўсюдніка, участковы, які афармляў пратакол, адгаварыў яго зьвяртацца ў судмэдэкспэртызу, каб зафіксаваць цялесныя пашкоджаньні.

Чаму Прохараў зрабіў выснову, што зарэгістраванае выданьне «Новы час» — «фашысцкае», засталося няясным. Суд ня стаў гэтага высьвятляць. У судзе Прохараў казаў, што чытаў газэту. На пытаньні журналіста пасьля судовага пасяджэньня адказваць адмовіўся, толькі згадаў пра «бандэраўцаў» і заўважыў, што «падзеі ва Ўкраіне пачыналіся з такога».

У судовым працэсе абвешчаны перапынак да 12 студзеня, бо не прыйшлі сьведкі. Судзьдзя прыгразіла Прохараву, што калі сьведкі зь ягонага боку ня зьявяцца, то іх прыцягнуць да адказнасьці.

Камэнтуючы судовы працэс, Віктар Чаравухін зазначыў, што Дзьмітры Прохараў — ахвяра расейскай прапаганды:

«Відаць, іншай інфармацыяй ён не валодае, таму ў яго аднабокае меркаваньне: „фашысцкая газэта“ — і ўсё. У нас цяпер усё дужа насычана расейскай інфармацыяй. А многія камэнтатары выказваюцца, што менавіта пуцінскі рэжым блізкі да фашысцкага».

Кідаць распаўсюджваньне незалежнай прэсы Віктар Чаравухін не зьбіраецца. Кажа, што канфліктных сытуацыяў, пакуль займаецца гэтым, было нямала, але з гэткай агрэсіяй, як ад ахоўніка ў краме, ён не сутыкаўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG