Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя Францыі затрымала 7 чалавек у сувязі з нападам на Charlie Hebdo


Тым часам сёньня ў Парыжы невядомы з аўтамата забіў паліцыянтку і параніў яшчэ аднаго чалавека.

Францускія праваахоўныя органы працягваюць апэрацыю па пошуку двух падазраваных у нападзе на сатырычны часопіс Charlie Hebdo. Напярэдадні ў выніку нападу загінулі 12 чалавек.

Паведамляецца, што ўсе сямёра могуць быць сваякамі або знаёмымі двух падазраваных экстрэмістаў. Іх затрымалі ў гарадах Рэймс і Шарлевіль-Мэзьер, а таксама ў Парыжы.

Паводле зьвестак паліцыі, сёньня на поўдні Парыжа чалавек, апрануты ў бронекамізэльку адкрыў агонь з аўтамата па супрацоўніках паліцыі. У выніку загінула адна паліцыянтка, яшчэ адна асоба была цяжка параненая, паведаміў міністар унутраных спраў Францыі Бэрнар Казнёў.

Паліцыя мяркуе, што ўдзел ва ўчорашнім нападзе на рэдакцыю часопіса Charlie Hebdo бралі трое чалавек. Іх ужо ідэнтыфікавалі. Паліцыя распаўсюдзіла фотаздымкі і выдала ордэр на арышт братоў Саіда і Шэрыфа Куашы, якім 34 і 32 гады адпаведна. Абодва нарадзіліся ў Парыжы. Шэрыф Куашы ў 2008 годзе быў прыгавораны да трох гадоў зьняволеньня за ўдзел у працы сеткі, якая адпраўляла баевікоў у Ірак. Францускія ўлады заявілі, што яны «ўзброеныя і небясьпечныя».

Фота Шэрыфа і Саіда Куашы

Фота Шэрыфа і Саіда Куашы

Абодвух падазраваных у датычнасьці да нападу сёньня зранку ў ваколіцах населенага пункта Вілер-Катэрэ (Villers-Cotterêts), на поўначы краіны. Як паведамляюць францускія СМІ, іх распазнаў кіраўнік бэнзазапраўкі, яны былі ўзброеныя.

Трэці меркаваны нападнік — 18-гадовы Мурад Амід — самастойна здаўся паліцыянтам. Гэта адбылося падчас антытэрарыстычнага рэйду ў Шарлевіль-Мэзьер на поўначы Францыі. Аднак пакуль паліцыя не паведамляе пра ягоную сувязь з абодвума братамі, якіх шукаюць праваахоўнікі. Паводле францускай прэсы, сябры трэцяга меркаванага нападніка сьцьвярджаюць, што ў момант нападу ён быў на занятках у школе.

У выніку нападу на рэдакцыю Charlie Hebdo загінулі 12 чалавек, больш за дзесяць атрымалі раненьні. Стан чатырох пацярпелых ацэньваюць як цяжкі. Сярод ахвяраў — галоўны рэдактар, журналіст і карыкатурыст Стэфан Шарбанье, а таксама трое мастакоў-карыкатурыстаў. Забітыя таксама двое паліцыянтаў.

Паводле сьведак здарэньня, учора ў будынак рэдакцыі ўвайшлі мужчыны ў чорных масках, узброеныя аўтаматамі Калашнікава, празь некалькі хвілінаў пачуліся стрэлы. Паводле відавочцаў, нападнікі крычалі, што помсьцяць за прарока.

Францускаму тыднёвіку неаднаразова пагражалі ў сувязі з публікацыяй карыкатур на прарока Мухамэда, а таксама мусульманскіх лідэраў. У лістападзе 2011 года былая рэдакцыя часопіса была зьнішчаная ў выніку падпалу — мяркуецца, што гэта зьвязана з сатырычнымі публікацыямі пра іслам.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заявіў, што «барбарская атака — гэта напад на ўсю Рэспубліку». Сёньняшні дзень у Францыі абвешчаны днём агульнанацыянальнай жалобы. Цягам трох дзён дзяржаўныя сьцягі Францыі будуць прыспушчаныя на ўрадавых будынках.

Сусьветныя лідэры, абаронцы свабоды прэсы і журналісты рэзка асудзілі напад на часопіс Charlie Hebdo, назваўшы яго тэрарыстычным актам і атакай на свабоду слова. З нагоды нападу Францыі выказваюць спачуваньні па ўсім сьвеце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG