Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы адмаўляюцца ад адпачынку ў Беларусі. Задорага


У расейцаў працягваюцца зімовыя вакацыі, шмат хто па традыцыі выправіўся ў Беларусь. Але чаканага аншлягу гарналыжныя цэнтры, санаторыі і аграсядзібы не атрымалі — платаздольнасьць традыцыйна шчодрых гасьцей з Расеі зьнізілася разам з абвалам расейскага рубля.

Жыхар Масквы Іван Ткачук — этнічны беларус. Летам кавалак адпачынку праводзіць дзе-небудзь на моры, а зімой любіць вырвацца на радзіму. Сёлета разам з жонкай паехалі ў пансіянат кампаніі «Ладэ» ў Лепелі на Віцебшчыне. Асобны дамок з поўным пансіёнам на беразе возера быў арандаваны, як расейскі рубель толькі пачало ліхаманіць, таму па кішэні на той час ударыла ня моцна. І ўсё ж беларускія цэньнікі непрыемна зьдзівілі:

Гэта што тычыцца менавіта пражываньня. А харчаваньне, паслугі — аднолькава і для беларусаў, і для расейцаў

«Я цяпер дакладны парадак коштаў ня памятаю, бо замаўляў і плаціў яшчэ ўвосень. Ён нам абышоўся дзесьці пад 20 тысяч рублёў на дваіх, то бок пад 600 даляраў у эквіваленце. Але гэта мне палічылі як для жыхара Беларусі, бо я маю беларускі пашпарт і наймаў на сябе. Грамадзянам Расеі, нягледзячы на дэкляраваную роўнасьць у саюзнай дзяржаве, было б удвая даражэй. Гэта што тычыцца менавіта пражываньня. А харчаваньне, паслугі — аднолькава і для беларусаў, і для расейцаў».

Суразмоўца асабліва задаволены тым, што набыў «поўны пакет», бо ў іншым выпадку давялося б за паўтара тыдня дадаткова заплаціць 300 даляраў толькі за харчаваньне. Пры гэтым згадвае, што летам яны з жонкай былі ў Віетнаме, дзе пракарміцца, як аказалася, утрая таньней, чым у Беларусі:

Добра, што ўзяў пуцёўку з поўным пансіёнам, таму што калі падлічыць сьняданак, абед і вячэру, то ўрэшце назьбіраецца прыстойная сума.

«Добра, што ўзяў пуцёўку з поўным пансіёнам, таму што калі падлічыць сьняданак, абед і вячэру, то ўрэшце назьбіраецца прыстойная сума. Акругляючы, сьняданак каштуе дзесьці 35 тысяч рублёў на аднаго, абед — 50 тысяч і вячэра — 45 тысяч. Іншымі словамі, пад 300 тысяч на дзень яшчэ плаціў бы за ежу, гэта калі на дваіх. Шчыра кажучы, гэта шмат, не ў сэзон таньней нават у турыстычных краінах. Я ўжо не кажу пра тое, што ў Віетнаме ў разгар нашэсьця турыстаў гэта нам абыходзілася разы ў тры меней, дзесьці па 10 баксаў».

Зрэшты, як кажа спадар Ткачук, гэтым разам грэх было б на нешта наракаць. А вось леташні адпачынак у турыстычным комплексе «Высокі бераг» на Меншчыне застанецца ў памяці надоўга:

«У параўнаньні зь мінулым годам адпачываем лепш у разы, нават безь перабольшваньня. Вельмі задаволеныя. Адзіная цікавостка „Высокага берага“ — што з тых мясьцінаў родам Якуб Колас, усё астатняе пакінула сумнае ўражаньне. Адзіная на ўвесь комплекс кавярня-бар да 31 сьнежня яшчэ неяк папрацавала, пасьля чаго супрацоўнікі „без абвяшчэньня вайны“ сышлі ў неаплатны адпачынак. І штосьці набыць у радыюсе колькі там кілямэтраў не было нават фізычнай магчымасьці. А ў Лепелі ўсё проста выдатна, нават WiFi, усё працуе».

Малады чалавек кажа, што ў пансіянаце досыць шмат расейцаў, але мясцовая інфраструктура задуманая такім чынам, каб ехалі найперш сямейныя людзі. Шумным кампаніям разгуляцца асабліва няма дзе:

Расейцы ёсьць, аўтамабіляў з расейскімі нумарамі даволі шмат. Але тут амаль усе зь дзецьмі, такіх, як мы — літаральна адзінкі. Ну, і для дзяцей, адпаведна, стараліся.

«Расейцы ёсьць, аўтамабіляў з расейскімі нумарамі даволі шмат. Але тут амаль усе зь дзецьмі, такіх, як мы — літаральна адзінкі. Ну, і для дзяцей, адпаведна, стараліся. Ёсьць невялікі заапарк: алені, казлы, розныя сабакі дзікія. Можна пахадзіць, паглядзець. Таксама з горак катаюцца на гумовых кругах, на каньках — пад каток чысьцяць унутранае азярцо. Дзіцячыя пляцоўкі ўсялякія, так што сапраўды ёсьць чым заняцца. Я сам толькі што прыйшоў з лыжнай прагулкі, возера пад сьнегам, то я там ежджу».

Экспэрты турыстычнага рынку адзначаюць, што гэтым разам многія беларускія кампаніі ды аграсядзібы ня выявілі патрэбнай геапалітычнай гнуткасьці і ў выніку засталіся ўвогуле без доўгачаканых кліентаў з усходу. Калі ў Расеі грымнуў фінансавы крызіс, расейцы пачалі карэктаваць адпачынкі, адмаўляючыся нават ад забраніраваных месцаў у гатэлях, пансіянатах, санаторыях. Аднак у Беларусі зьніжаць кошты ня толькі не захацелі, а наадварот — накруцілі іх да ўзроўню альпійскіх курортаў, асабліва ў калядна-навагоднія вакацыі.

Так, пяць начэй у прамежку ад 3 да 8 студзеня ў дзяржаўным гарналыжным цэнтры «Сілічы» каштуюць 897 даляраў кожнаму ў двухмесцавым нумары (люкс — 973 даляры) і 984 даляры — у катэджы. Удвая даўжэйшыя сьвяткаваньні выліваюцца ў 2000 даляраў з госьця. Асобныя сядзібы ацанілі ўласны «звышкамфорт» ад 1500 да 2500 даляраў за суткі. І калі ў лепшыя гады тыя ж расейцы маглі нават не таргавацца, то цяпер ня так.

Як вынікае з прапановаў на сайтах замежных турапэратараў, вакацыі ў натуральных, а не насыпных гарах каштуюць удвая таньней, чым у Беларусі. Прыкладам, шэсьць дзён на базе ў польскім Закапанэ ў двухмесцавым нумары каштуюць 550 даляраў, у славацкіх Татрах — 500 даляраў, а ва ўкраінскіх Карпатах — крыху больш за 400 даляраў. І гэта з улікам візавай падтрымкі, харчаваньня і выдаткаў на дарогу. У дзяржаўных «Сілічах» ці прыватным «Лагойску» за такія грошы не працягнеш і пару дзён.

XS
SM
MD
LG