Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Мажэйка

Канфлікт на паўднёвым усходзе Ўкраіны гібрыдны, усёабдымны, таму, безумоўна, закранае і культурную сфэру. І, на жаль, у дачыненьні да культуры ня вельмі разумную пазыцыю выказвае далёка ня толькі краіна-агрэсар Расея. Сумнеўныя захады мы бачым і з боку Кіеву, і з краінаў Балтыі. Было б дзіўна, калі б усё гэта не зачапіла і Беларусь. Якія крокі робяць (ці ня робяць) краіны ў рэгіёне і якіх можна чакаць наступстваў ад такой палітыкі?


Украіна: «Міністэрства праўды» ды забароны дзеячаў культуры


Апошняй навіной, якую зьвязваюць з абмежаваньнем інфармацыйнай прасторы Ўкраіны, называюць стварэньне там Міністэрства інфармацыі. Прынамсі, такую думку выказвае праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў». Як яны заяўляюць у камюніке, «стварэньне міністэрства інфармацыі — гэта найгоршы з усіх магчымых адказаў на тыя сур’ёзныя выклікі, зь якімі сутыкаецца ўрад», які «вядзе інфармацыйную вайну».

На жаль, часам складаецца ўражаньне, што ў гарачцы баявых дзеяньняў некаторыя ўкраінскія чыноўнікі пераймаюць вопыт беларускіх калегаў ды пачынаюць ўяўляць забароны лепшым крокам культурнай палітыкі. Так, напрыклад, яшчэ 28 кастрычніка Мінкульт Украіны паведамляў, што ўрадам зацьверджаны сьпіс расейскіх дзеячаў культуры, якія сталі пэрсонамі нон-грата ва Ўкраіне (канкрэтныя імёны агучаныя тады не былі).

Таксама пад забарону трапілі і фільмы расейскай вытворчасьці: «Кадэцтва», «Гончыя», «Спэцназ», «Вайсковая разьведка» ды іншыя. Прычым, забарона ўкраінскага Дзяржкіно тычыцца ня толькі кіна- ды тэлевізійнага паказу, але ж нават і хатняга відэа.

А пасьля таго, як Міхаіл Парэчанкаў у данецкім аэрапорце начапіў каску «Прэса» ды страляў з кулямёту, у сьпіс забароненага кіно трапілі аж 69 фільмаў з яго ўдзелам. Напрыклад, гэта тычацца першага сэзону «Вуліц разьбітых ліхтароў».

Мяне асабіста ўся гэта шырспажыўная мянтоўска-бандыцкая кінапрадукцыя, мякка кажучы, ня вельмі вабіць. Аднак жа відавочна, што расповед пра жыцьцё ды працу міліцыянтаў у Піцеры 1995-98 гадоў (тады ж і зьняты) ніяк ня тычыцца падзеяў на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Дзеяньні Парэчанкава ў Данецку выклікаюць справядлівае абурэньне і зьяўляюцца падставай для крымінальнай справы (СБУ Ўкраіны неўзабаве і распачало яе па артыкуле 258-3), аднак жа пры тым ня маюць ніякага дачыненьня да яго творчасьці.


Зрэшты, размовы з украінскімі сябрамі-актывістамі сьведчаць, што стварэньне «Міністэрства праўды» ды агрэсія да «няправільных» мастакоў ня вельмі ўхваляюцца разумнымі ўкраінцамі — яны цудоўна разумеюць, што рэпрэсіі па прыкладзе Расеі ды Беларусі ніяк не прыводзяць да цывілізаванай эўрапейскасьці.


Балтыя: прарасейскіх мастакоў абмяжоўваюць. А які вынік?


У краінах Балтыі, якія ўжо даўно ў аб’яднанай Эўропе, з расейскімі дзеячамі культуры таксама ўсё складана. «Чорныя» сьпісы артыстаў, якім забаронены ўезд у краіны, склала Латвія. Эстонія не пусьціла на кінафэстываль амэрыканскага актора Стывена Сігала, які называў «абгрунтаванай» анэксію Крыму. Літва робіць аналягічныя крокі.

Так, напрыклад, міністар культуры Літвы Шарунас Біруціс лічыць, што Алег Газманаў можа «прыватным чынам... прыехаць, адпачываць у Паланзе, траціць грошы ў Старым горадзе Вільнюса. Калі ж з праграмай, то яе трэба было б ацаніць». Ня цяжка зразумець, пра што ідзе гаворка — Газманаў меў у Літве інцыдэнт зь песьняй «Зроблены ў СССР», якую яму забаранілі выконваць на канцэрце (кліп дэманструе мапу, дзе Літва таксама ў складзе СССР); але ж на літоўскім канцэрце публіка падтрымала Газманава і скандальная песьня ўсё ж была выканана.

Канечне, настальгія па часах СССР у значнай часткі літоўскага насельніцтва — гэта ня тое, што цешыць урад. Аднак ці дапамогуць зьмяніць гэтыя настроі дзяржаўныя забароны канцэртаў? Ці наадварот? Падаецца, у Балтыі ёсьць добры прыклад: адсутнасьць разумнай палітыкі да расейкамоўнага насельніцтва на ўсходзе Ўкраіны як раз шмат у чым і прывяла да таго, што там змаглі ўтварыцца ДНР ды ЛНР (відавочна, што ўтварыцца з падтрымкай Расеі, аднак гэтак жа відавочна, што ніякая падтрымка Расеі не прывяла б да утварэньня Львоўскай Народнай Рэспублікі)...



Беларусь: безабаронныя перад расейскай прапагандысцкай літаратурай


Наша краіна таксама праявіла сабе ня лепшым чынам: калі іншыя перастаралася з забаронамі, то беларускі бок наадварот — ня бачыць яўна незаконнай літаратуры, якую вязуць нам з Расеі.

Пад скандал трапіла найбуйнейшая інтэрнэт-крама OZ. by, якая гандлявала кнігай Міхаіла Палікарпава «Абарона Данбасу. Ігар Стралкоў — жах бандэраўскай хунты». Ня трэба быць экспэртам, каб адзначыць, што кніга распальвае варожасьць (у тым ліку — міжнацыянальную), калі выстаўляе героем актывіста тэрарыстычных арганізацый.

Зрэшты, падзеі разьвіваюцца так хутка, што ўжо і Стралкоў не на Данбасе. Але ж з плыньню антыўкраінскіх кнігаў у Беларусь трапілі і яшчэ горшыя для нашай краіны творы. Так, напрыклад, кніга «Незалежная Украіна. Крах праекту» мае наступную анатацыю: «Праект „незалежная Ўкраіна“ першапачаткова быў асуджаны на правал. У аснове яго — жахлівая і гідкая па сваёй сутнасьці ідэя аб тым, што ўкраінцы асобны ад Рускага сьвету народ. Ці не надышла пара стварэньня вялікага Рускага саюзу, дзе велікаросы, беларусы і ўкраінцы...».

Вось так, між справай, і раскрываецца сакрэт полішынэля: аматарам «сьвятой адзінай Русі» дзяржаўная самастойнасьць што Ўкраіны, што Беларусі «жахлівая і гідкая па сваёй сутнасьці ідэя». То бок гэтая літаратура па сутнасьці ўтрымлівае заклікі да зьвяржэньня дзяржаўнага ладу, распальвае міжнацыянальную варожасьць, выкарыстоўвае мову нянавісьці (hate speech). Тут ужо якраз гаворка не пра свабоду слова, а пра відавочнае парушэньне закону. Аднак улады забараняюць кніжкі Алеся Бяляцкага, а вось расейскага мядзьведзя чапаць не рызыкуюць. І гэта яскрава дэманструе катастрафічную слабасьць беларускай дзяржавы ў вельмі рызыкоўным пытаньні — абароне незалежнасьці ад уплыву расейскай прапаганды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG