Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слова «кібарг» назвалі словам году ва Ўкраіне


"Кібаргі" ў Данецкім аэрапорце. Кастрычнік 2014 году.
"Кібаргі" ў Данецкім аэрапорце. Кастрычнік 2014 году.

Слоўнік сучаснай украінскай мовы і слэнгу «Мислово» прызнаў «кібаргаў» словам 2014 году. Якое б слова прапанавалі вы?

Слова «кібарг», якое атрымала сваё новае значэньне ў верасьні 2014 году, хутка падхапілі карыстальнікі сацсетак, а ўсьлед за імі і традыцыйныя СМІ, і палітыкі. Прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка нават выкарыстаў слова «кібарг» у сваім навагоднім звароце.

Характэрна, што слова «кібарг» у значэньні «абаронцы Данецкага аэрапорту» падараваў украінскай мове ў верасьні 2014 прарасейскі баявік. Тады ён спрабаваў растлумачыць, чаму перадавыя атрады прарасейскіх сіл у поўным узбраеньні ня могуць узяць Данецкі аэрапорт, які абараняе некалькі дзесяткаў украінскіх вайскоўцаў са стралковай зброяй.

Слоўнік «Мислово» выбірае слова году другі раз. Летась словам году быў названы «Эўрамайдан». Онлайн-слоўнік зьяўляецца інтэрактыўным праектам па разьвіцьцю сучаснай ўкраінскай мовы і слэнгу, куды пішуць звычайныя карыстальнікі. Асноўнымі крытэрамі выбару зьяўляюцца папулярнасьць слова і яго сацыяльная значнасьць.

У Беларусі сёлета выкладчыкі грамадзкіх курсаў беларускай мовы назвалі словам году «вышымайку».

Тэлеканал «Дождж» назваў словам году ў Расеі «Крымнаш».

Стваральнікі Оксфардзкага слоўніка, якія і запачаткавалі моду на вызначэньне «словаў году», абралі сёлета дзеяслоў «to vape», што значыць «курыць электронную цыгарэту».

Летась у Оксфардзе абралі словам году «Selfie», што азначае фатаграфію самога сябе.

А якое слова стала «словам году» для вас?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG