Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі пісьменьнік і мастак Макcім Кантар, які напісаў спэктакль «Робін Гуд, і духоўныя скрэпы» пра сёньняшняе расейскае «уставаньне з кален», у інтэрвію Свабодзе разважае пра тое, чаму рэваншысцкія і імпэрскія настроі так лёгка апанавалі Расею.

У студзені ў Маскве выйдзе публіцыстычная кніга пісьменьніка і мастака Максіма Кантара «Імпэрыя навыварат», а ў канцы сьнежня ў Бэрліне быў пастаўлены лялечны спэктакль па яго п’есе «Робін Гуд, і духоўныя скрэпы», тэкст апублікаваны на ўкраінскім сайце «Гардон».

Цмок разам з аўтарам

Цмок разам з аўтарам

Пэрсанажы лялечнага фарсу — кабанападобны капіталіст фон Барэль, напаўчалавек-напаўcабака летапісец Пласьцілепін, цмок Хуцінпуй — пачвара з нагамі грыфона, хвастом кракадзіла і тулавам чалавека, прынцэса Пармэзана з суседняга царства і вызваліцель Робін Гуд. Спрэчка аб пошуках духоўных скрэпаў завяршаецца адкрыцьцём, што галоўная скрэпа, акрамя нафты, гэта хвост, які маюць прыхільнікі Хуцінпуя. Робін Гуд вызваляе прынцэсу, якую цмок зьбіраўся зжэрці; народ, які яшчэ нядаўна спрабаваў здабыць духоўныя скрэпы, вітае выратавальніка:

— О, как я под игом дракона страдал!
— О, как я ненавидел тоталитаризма оскал!
— Долой Хутинпуя!
— Барреля прочь!
— Желаем рабство свое превозмочь!

Завяршаецца фарс зваротам да журналістаў:

Послушайте меня, журнальные витии,
Пекущиеся столь о будущем России,
Что и война для вас нисколько не страшна,
Хоть нет причин у ней, нет смысла и рожна.
Вам жизнями рабов рискнуть в тиши диванной
почетным кажется. То долг ваш постоянный —
подзуживать людей и звать их умирать.
Когда б всех вас, таких ораторов, собрать,
И всей гурьбой в один мешок упаковать...
Большой для этого мешок нам нужен, знаю.
Но краю своему найти его желаю.

Радыё Свабода пагутарыла з Максімам Кантарам аб духоўных скрэпах і «эстэтыцы рускага фашызму» (рабочая назва будучай кнігі, якую ён задумаў).

РС: «Робін Гуд, і духоўныя скрэпы» — ня першая ваша п’еса, але першы досьвед працы для лялечнага тэатру. Вы самі рабілі лялек?

Кантар: Лялек рабіў сам. Гэта сапраўды першы досьвед працы зь лялечным тэатрам, але ня першы вопыт драматургічны, я напісаў п’ес 10-12, і некаторыя зь іх ідуць у тэатрах. Я вельмі люблю драматычны жанр. А лялькі — гэта нешта іншае, вельмі фальклорнае, вельмі сярэднявечнае. Але мне падалося, што ў нашай рэчаіснасьці, якая вярнулася шмат у чым да фэадалізму, гэтая сярэднявечная стылістыка дарэчная. Рэальнасьць страшная, але сьмешная — усё лялечнае, і патрабуе, па меншай меры на Каляды, лялечнага спэктакля. Я рабіў зь вялікім задавальненьнем гэтых лялек, тым больш, што гэта супала зь перакладамі баляд пра Робін Гуда; я зрабіў такую кніжку перакладаў усяго корпуса баляд. На рускую мову было пераведзена 18 з 42 баляд, цяпер мы перавялі ўсё — намаганьнямі групы энтузіястаў з трох чалавек. Баляды сталі добрым зачынам, каб убачыць у фэадальнай гісторыі парафраз зь сёньняшняй рэальнасьцю. Так паўстаў лялечны фарс «Робін Гуд, і духоўныя скрэпы».

РС: Акрамя баляд пра Робін Гудзе, яшчэ адна крыніца — п’еса Яўгена Шварца «Цмок»...

Кантар: Зразумела. Я б згадаў і трэцюю крыніцу: палітычныя сатыры Бэртольда Брэхта, аўтара, які цяпер робіцца як ніколі актуальным. Брэхт, Рэмарк — яны раптам зрабіліся сёньняшнімі; бярэш п’есу Брэхта «Страх і галеча Трэцяй імпэрыі» ці «Размова бежанцаў» і дзівісься не алюзіі, але

І зараз мы ўбачылі, як гэта адбываецца: нацыяналізм распаўсюдзіўся па краіне імгненна, нібы пажар у сухім лесе

наўпроставым супадзеньням. Сёньня мы атрымалі расшыфроўку падзей, якіх ніколі не разумелі. Як, уласна, узьнікаў фашызм? Мы прывыклі казаць, што гэта незвычайна для нацыі культурнай, гётэўскай, бахаўскай; ненармальна, каб людзей ахапіў д’ябал. Гэта тлумачылі паразай у Першай сусьветнай або назапашанай культурнай зайздрасьцю — з часоў першай франка-прускай вайны ішло суперніцтва з Францыяй. Але нішто не тлумачыла імгненнага і павальнага ап’яненьня. І зараз мы ўбачылі, як гэта адбываецца: нацыяналізм распаўсюдзіўся па краіне імгненна, нібы пажар у сухім лесе. Самі нацыяналісты, зразумела, называюць свой запал інакш: туга па былой славе Расеі, цяга да нармальнага, не прыніжанага Захадам жыцьця. Гэта загаворваньне саміх сябе, а ап’яненьне нацыянальнай тугой адбылося літаральна за дні. Туга па Сталіну даўно разьдзірала бедных людзей, але тузе далі прарвацца, нарыў лопнуў. Я раптам убачыў, як людзі дурнеюць ад гадзіны да гадзіны. Натоўпам авалодалі імпэрскія настроі — беднякі сталі казаць аб жаданай імпэрыі, нібы заняволеньне суседзяў уратуе іх саміх ад бед і галечы. Маральная сьлепата — гэта хвароба, і гэтая хвароба няўмольная, як чума.

РС: П’еса завяршаецца стомленым мэнтарскім зваротам да часопісных красамоўцаў. Вы думаеце, што яны распаўсюдзілі гэтую заразу, яны вінаватыя ў першую чаргу?

Кантар: Журналісты былі пераносчыкамі заразы, як пацукі ў Сярэднявеччы былі пераносчыкамі чумы. У гэтым сэнсе журналісты, вядома, адыгралі ролю пацукоў. Так, як працавала прапаганда ў апошнія

Такога імклівага абалваньваньня насельніцтва, якога дасягнулі ў апошнія паўгода, раней не бывала

паўгода, яна не працавала ніколі і нідзе. Так не працавала прапаганда Марата ў газэце «Сябар народу», так не працавала прапаганда Жданава, так не працавала прапаганда Гебельса. Такога імклівага абалваньваньня насельніцтва, якога дасягнулі ў апошнія паўгода, раней не бывала. Прытым што трук, ужыты сёньня, стары, але выкананьне новае. Гэта была грандыёзная выдумка з «украінскім фашызмам» і з антыфашызмам расейскім. Па-свойму бліскучая выдумка, і апэрацыя была праведзена магутна, вельмі падрыхтавана і па-свойму эфэктыўна. Пралік фактычна толькі адзін (хоць і капітальны): зрабіўшы сёньня «антыфашызм» фарсам, выкарыстаўшы гэтае слова для каляніяльных мэтаў, заднім чыслом паставілі пад пытаньне ўсю гісторыю барацьбы з фашызмам у ХХ стагодзьдзі. Гэта вялікая няўдача прапаганды.

РС: Хубэрт Фіхтэ ў сваёй кнізе пра тое, што адбывалася ў Германіі ў 1944-45 гадах, вельмі маляўніча апісвае, як у 1944 суседзі даносілі адзін на аднаго ў гестапа, адпраўлялі дзяцей у Гітлерюгенд, а ў 1945 годзе імгненна сталі антыфашыстамі, спалілі партбілеты і выкленчвалі шакалядку ў ангельскіх салдат. Штосьці падобнае адбываецца ў вашай п’есе, калі Робін Гуд перамагае дракона, народ тут жа аб’яўляе, як ён пакутаваў пад ярмом хвастатых людзей з духоўнымі скрэпамі. Ап’яненьне, пра якое вы кажаце, яно можа так лёгка прайсьці?

Кантар: Мы з вамі былі сьведкамі таго, як імкліва насельніцтва прымае тую ці іншую мантру і неадкладна пачынае думаць, што гэта не навязаная ідэалёгія, але сапраўды народнае меркаваньне. Гэты дзіўны выраз «народная думка» на самой справе не апісвае нічога. Няма ў прыродзе ніякага адзінага цела народа, у якога ёсьць адзінае

Чалавек у Растове, чалавек у Валакаламску або чалавек у Маскве ня маюць аднолькавага меркаваньня, у іх ва ўсіх культывуюць меркаваньне чыёсьці чужое, не ўласьцівае адзінцы з Валакаламску або Растову

меркаваньне, не існуе такога адзінага (як яго Маякоўскі ўяўляў) 150-мільённага Івана, які рухаецца, а ў ім утрымліваецца 150 мільёнаў людзей, і волі мільёнаў зьлітыя ў адзінае меркаваньне. Такога проста няма. Чалавек у Растове, чалавек у Валакаламску або чалавек у Маскве ня маюць аднолькавага меркаваньня, у іх ва ўсіх культывуюць меркаваньне чыёсьці чужое, не ўласьцівае адзінцы з Валакаламску або Растову. Народнага меркаваньня няма, але ёсьць мэханізм, выкарыстоўваючы які, можна меркаваньне культываваць, можна ўкласьці начальніцкія словы і чыноўную волю ў чалавека ў натоўпе. І гэта патрабуе мастацтва і тэлеэкрана. Вядома, патрабуецца давесьці насельніцтва да такой стадыі разгубленасьці і крыўды, што людзям будзе патрабавацца ня веданьне, а лёзунг.

У гэтым накірунку стараліся даўно, прычым ня толькі дыктатары стараліся, але ўся наша фэадальная рэальнасьць. Бо гэта ж не сакрэт ні для каго — і вы, і я выдатна ведаем, наколькі сёньняшнія адукацыйныя праграмы прайграюць ў параўнаньні з тым, што было 30 гадоў таму. Патрэбныя ня веды, а навык мэнэджмэнту. І тое, што зрабілі з народам — гэта таксама свайго роду мэнэджмэнт. Жахлівы эфэкт стэпавага пажару, агульнай патрэбнасьці ў гарматах замест масла — гэты эфэкт прапаганды, увогуле, заканамерны. Нацыяналізм і цяга да імпэрыі ж не свабоду замянілі (было б наіўна прадставіць справу так, быццам жыла вольная рэспубліка Расея, якую раптам ахапіў д’ябал нацыяналізму). Не, нацыяналізм, рэваншызм і імпэрскасьць прыйшлі як заканамерны вынік рынкавай нэалібэральнай палітыкі. Новы фэадалізм падрыхтаваў глебу для сёньняшняй аўтакратыі так, што тут і імкнуцца асабліва не прыйшлося. Па плячах алігархіі, па плячах новага фэадалізму тыранія прыйшла лёгкай, звыклай дарогай, як гэта было і ў Вэймарскай рэспубліцы, як гэта было ў Афінах, як апісана Платонам, як гэта было апісана Арыстоцелем. Гэта клясычны шлях. Калі разбэшчаныя ўсе дашчэнту, калі ўлада над сабе падобнымі раздадзеная верным і прагным, тырану застаецца толькі працягнуць руку і ўзяць гэтую ўладу сабе аднаасобна. Тыран кажа: алігархі вас падманвалі, людзі, ідзіце да мяне. І людзі ідуць, прычым часьцей за ўсё ідуць на забой.

Фактычна пратэстныя хваляваньні пазамінулага году як бы легалізавалі тыранію: бачыце, грамадзтву патрэбная цьвёрдая рука

Я працягваю думаць, што дрэнную паслугу грамадзтву зрабіў падзел на так званых «анчоўсаў» і так званы «крэатыўную клясу». Баронская фронда заўсёды ўзмацняе абсалютызм, хоць яе многія прымаюць за сацыяльную рэвалюцыю. Я нават цяпер схіляюся да думкі, што мела месца нейкая правакацыя расейскіх спэцслужбаў. Фактычна пратэстныя хваляваньні пазамінулага году як бы легалізавалі тыранію: бачыце, грамадзтву патрэбная цьвёрдая рука. Такі падарунак кінуць будучай тыраніі і сказаць, што вось ёсьць мы, мэнэджэры («крэатыўная кляса»), якія вартыя лепшай долі, а ёсьць просты народ («анчоўсы»), які хай трывае, таму што ўсё роўна, што зь ім будзе, — такое заклінаньне зьяўляецца ідэалягічным падарункам для будучай тыраніі. У далейшым быў адказ жорсткі, імклівы, хуткі. І тыя, каго назвалі «анчоўсамі», сказалі: вы, якія лічыце сябе «крэатыўнай клясай», вы на самой справе антынароднае цела, вы «пятая калёна», а мы-та ўзьнімаемся з каленяў, мы сапраўды творым сваю гісторыю зноўку. Ці было гэта народным меркаваньнем? Гэта было народнай крыўдай, а новая ідэалёгія дадала крэмавую ружачку на гэты торт, дадала геапалітыку. І стала ўзьнікаць гэтая недарэчная рэтраімпэрыя з клясычным фашысцкім патасам. Але гэты сёньняшні пажар быў падрыхтаваны менавіта нэалібэральным разбоем і нічым іншым. Калі ўявіць, што імпэрская рыторыка гучыць у 1991 годзе ці ў 1992-м, то ясна: яна б не была ўспрынятая грамадзтвам. Тады грамадзтва жыло пошукамі праўды і адзінства, ня верыла уладам. То быў кароткі пэрыяд рускай гісторыі, ён ужо забыўся, але ён быў. У далейшым, вядома, цынізм рынку адціснуў згоду; памятаеце, як асьвіствалі шасьцідзесятнікаў? Ім казалі: прыйшлі новыя часы! Куды вы лезеце ў новы сьветлы сьвет рынку, што вы разумееце ў сучаснасьці? І дзеля разьвіцьця рынку, ратуючы накрадзенае, самі, сваімі рукамі, пасадзілі на царства гэбэшніка. Ну, ці ня дзіка: хацелі змагацца з ГУЛАГам і прывялі афіцэра ГБ на трон. Дзеля чаго? Здалося, што ён добры вартаўнік грошай. Калі ўчорашнія пратэстоўцы выйшлі на плошчу, то нават пасаромеліся сказаць, з кім жа змагаюцца, таму што па сутнасьці трэба было сказаць: мы змагаемся самі з сабой. З карпаратыўнай маральлю. Цынізм дасягнуў такога градусу, што фашызм вырас на ўробленай дзялянцы карпаратыўнага сьвядомасьці. Тут вінаваціць трэба перш за ўсё саміх сябе і самім сабе стукаць па галаве: фашызм ніхто не прывёз з заакіянскіх краін, фашызм паўстаў ня злой воляй бога Перуна. Не, сучасны фашызм узгадавалі мы самі, ён такі, які мы самі зрабілі.

РС: Вы пісалі пра тое, што ў краіне перамагла бандыцкая мараль, дакладней, нават не бандыцкая, а «блатная мараль дробнай шпаны». Хто можа ўціхамірыць дробную шпану? Вы спадзяецеся на тое, што прыйдзе жандар або, калі казаць мовай вашай лялечнай п’есы, Робін Гуд?

Кантар: Я не спадзяюся, што паўстане справядлівы жандар, або Робін

Няма сёньня ніякай Рускай імпэрыі, а ёсьць гальванізаваныя труп імпэрыі, сама імпэрыя распалася, і няма высакароднай мэты, якая можа яе сабраць

Гуд, ці нейкі камісар паліцыі Мегрэ зараз зможа размаўляць так, каб яго зразумела тая стыхія, што ўсхадзілася. На жаль, яго не пачуюць, а як пачуюць — не павераць. Фашызм заўсёды, неабавязкова цяпер у Расеі, але наогул заўсёды карыстаецца важнай уласьцівасьцю натоўпу: фрагмэнтарным мысьленьнем. Людзі бачаць сьвет фрагмэнтамі, ня зьвязваючы іх разам. І прапаганда сьвядома ўзмацняе гэтую ўласьцівасьць сьвядомасьці. Калі ўзьнікаюць ретраімпэрыі, гэтыя рэтраспэктыўныя, другасныя ўтварэньні, якія гальванізуюць славу Рыма ці славу Нібэлюнгаў, а ў дадзеным выпадку гальванізуюць Расейскую імпэрыю, то страшны эфэкт гэтага другаснага заключаецца ў тым, што зьнікае сувязь часоў, гістарычнасьць мысьленьня. Другаснае, фальшывае ўспрымаецца як першаснае і народжанае — з гэтага моманту ўсё ўжо ідзе крыва. Лёгіка зьнікае адразу. Няма сёньня ніякай Рускай імпэрыі, а ёсьць гальванізаваныя труп імпэрыі, сама імпэрыя распалася, і няма высакароднай мэты, якая можа яе сабраць. Імпэрыі ўзьнікаюць для таго, каб несьці малым краінам асьвету, закон, рамёствы. І калі патрэба (аб’ектыўная патрэба) у імпэрыі зьнікае, імпэрыі распадаюцца: няма патрэбы трымаць вялікае ўтварэньне, калі малая нацыя лепш жыве па-за імпэрыяй. І наоклькі ж сьмешны рэжым, які жыве спэкуляцыямі, няздольны наладзіць жыцьцё ўласнага грамадзтва, будуе герархію на крадзяжы і прагне прыгоннага права «як духоўнай скрэпы» і адначасова прэтэндуе на «новы сусьветны парадак» — гэта нонсэнс.

Гэта пачалося з таго моманту, калі за дэмакратыю сталі выдаваць ўладу багатых

Але ж гэта паўстала не цяпер. Гэты настрой не штукар з цыліндру выняў. Гэта ж пачалося ня ўчора, не з крымскага эпізоду — гэта пачалося даўно, калі гісторыю краіны перасталі бачыць як цэлае. Закрэсьлім — і пачнем з нуля. Возьмем і зробім багатыроў, хай намі кіруюць не фанатыкі, а багатыя спрытнюгі — навошта ж адмаўляць, што гэтай маральлю мы жылі дваццаць гадоў? Гэта пачалося з таго моманту, калі за дэмакратыю сталі выдаваць ўладу багатых, хіба не? Калі казалі: ён багаты, а значыць, у яго ёсьць падставы меркаваць аб жыцьці, мастацтве, палітыцы, маралі — хіба ж ня з гэтага пачаўся працэс гніеньня? І як гэта загадаеце падзяліць гісторыю абалваньваньня на этапы? Людзі бачаць лякальныя крыўды і лякальныя праўды і ня бачаць агульнага працэсу; але ад гэтага хада падзей не перастае быць пасьлядоўнай.

РС: Калі вярнуцца да Робін Гуда і пытаньня пра збаўленьне ад дракона. Вам не здаецца, што адзіны пляцдарм для такой атакі на дракона — гэта Ўкраіна. Вядома, першым крокам была б ліквідацыя кантролю над гэтымі тэрыторыямі ў Данбасе, якія цяпер захопленыя Матаролам, а далей ужо Масква. Свабода ў Маскву прыйдзе з Кіева?

Кантар: Я думаю, што пэрыяду Маскоўскай Русі аб’ектыўна прыходзіць канец. Гэта ня значыць, што гэта прыйшоў канец Расеі. Я думаю, што маскоўскі пэрыяд зьбіраньня земляў пад руку адзінага Маскоўскага княства аб’ектыўна скончаны. У гэтым сэнсе так, Украіна — увасабленьне або абяцаньне іншай, свабоднай Кіеўскай Русі. А ўсё-ткі вальней, чым Кіеўская Русь, мы ня ведалі нічога ў рускай гісторыі. Падкрэсьліваю: кажу цяпер не пра Ўкраіну, але пра структуру Кіеўскай Русі. Рамантыка, напрыклад, баляд Аляксея Талстога зьвязана з Кіеўскай Русьсю, а калі ён апісвае Маскоўскае княства ў «Князі Срэбраным», то яго стаўленьне прыкметна мяняецца, а ўжо яго сатыра

Імпэрыю павінна зьмяніць канфэдэрацыя. Расея не прысуджаная быць імпэрыяй, спадзяюся, што не

на сучасны яму рускі побыт не пакідае ілюзій. Кіеўскую Русь ён вельмі рамантызаваў, і былі падставы. Я ня ведаю, як гэта павернецца, я ня думаю, што літаральныя паўтарэньні магчымыя; як я ня думаю, што можна вярнуцца да рускай імпэрыі, як гэтага хочуць сёньня нацыяналісты, сапраўды гэтак жа нельга літаральна вярнуцца да Кіеўскай Русі. Няма шляху назад да асобнага кіеўскага ўдзельнага княжаньня, да асобнага чарнігаўскага княства, асобнага маскоўскага, асобнага Разанскага — гэта ілюзіі. Але ў канфэдэратыўнай сыстэме я бачу вельмі шмат плюсаў, я нават больш скажу: менавіта канфэдэратыўная сыстэма заўсёды ва ўсіх гісторыях любой дзяржавы давала інтэлектуальны росквіт. Імпэрыю павінна зьмяніць канфэдэрацыя. Расея не прысуджаная быць імпэрыяй, спадзяюся, што не. Калі мы ўспомнім канфэдэратыўную сыстэму часоў італьянскага адраджэньня зь Міланскім герцагствам, з Флярэнцыяй, Ферарай, Рымам і гэтак далей, букет, суквецьце, Вэнэцыянская рэспубліка, Рым, і гэтак далей — гэта суквецьце давала несумнеўны рост. І што ўжо казаць пра асьвету германскую з трыма сотнямі асобных княстваў. Нічога роўнага гэтаму імпэрская гісторыя, нават гэтак велічная, як Рымская, не давала і даць не магла. Тое ж самае тычыцца і Кіеўскай Русі. Калі жадаць будучыні сваёй радзіме і краіне, я б жадаў ёй вольнага

Калі жадаць будучыні сваёй радзіме і краіне, я б жадаў ёй вольнага канфэдэратыўнай разьвіцьця, а зусім не імпэрскага

канфэдэратыўнай разьвіцьця, а зусім не імпэрскага. Я думаю, што імпэрскае разьвіцьцё сёньня гібельнае, яно і немагчыма ў прынцыпе. Любая гальванізацыя імпэрскіх сіл вядзе да сусьветнай канфрантацыі, вядзе да вайны, вядзе да жабрацтва і забойства ўласнага народу.

РС: І ёсьць моц новых варвараў, моц Матаролы — вось што небясьпечна.

Кантар: Проста набег качэўнікаў разбурыць сьвет ня можа. Калі баявік Матарола і баявік Гіркін прыходзяць у Данбас, яны нават ня ведаюць, што яны там будуць будаваць. Адзін кажа, што будуць будаваць казацкую рэспубліку, іншы кажа, што сацыялізм, але гэты сацыялізм далучыцца да Расейскай імпэрыі, у якой няма ні грама сацыялістычнага. Яны ваююць супраць украінскіх алігархаў за алігархаў і на грошы алігархаў расейскіх — гэта ўсё боты ўсьмятку, гэта ўсё набор недарэчнасьцяў. Так ваюе шпана, але варвар, разбуральны Рым, павінен валодаць ідэалёгіяй, а яе няма. Зразумейце мяне правільна, я не хачу сказаць, што заходняя сыстэма спажываньня і стан рэчаў у Эўропе і Амэрыцы выклікаюць у мяне поўнае захапленьне, а Матарола выклікае жах і пагарду.

Фашызм ніколі не вяртае набыцьця алігархаў, ён іх проста забірае сабе, як больш тоўсты, больш моцны. Натуральна, як старэйшы алігарх, тыран забірае ўсе набыткі папярэдніх дробных алігархаў, тлумачачы народу, што цяпер ён народны правадыр і ўвасабляе ў сабе ўсе людзкія спадзяваньні. Заканамерна, што ў яго ў руках засяроджана ўсё, яго ніхто не папракае ў валоданьні ўсім. У валоданьні залішнімі выгодамі папракаюць алігархаў, і правільна папракаюць, але няправільна, што не папракаюць тырана. У нас жа лічыцца, што алігарх скраў, а правадыру наканавана мець. Ня бачыць сувязі паміж алігархіяй і тыраніяй наіўна. Сёньняшнія ідэолягі імпэрыі высьпявалі павольна, яны рыхтавалі сабе гэты ўзьлёт (ці, наадварот, гэта падзеньне, хто як хоча, так няхай і лічыць), гэта было падрыхтавана многімі, многімі гадамі бяспраўя.

А што можна гэтаму супрацьпаставіць, вяртаючыся да пытаньня, што наогул можна супрацьпаставіць фашызму як такому, імпэрскай сьвядомасьці як такой? На гэта існуе клясычны рэцэпт, які аднойчы чалавецтва вымавіла ў 1930-я гады: гэта рэалістычнае мастацтва, гэта дэмакратыя, рэлігія. Бяда ў тым, што дэмакратыя вельмі моцна сябе зьвязала цяпер з рынкам і тым самым з алігархатам — гэта цяжка адмаўляць, гэта адбылося паўсюдна. Дэмакратыю падмяніла карпаратыўная мараль — гэта, на жаль, так. Каб дэмакратыі ачысьціцца і стаць зноў звонкай зброяй, спатрэбяцца намаганьні ўнутры самой дэмакратычнай думкі, дэмакратычных партый. Каб зноў вярнулася мастацтва гуманістычнае, патрабуюцца намаганьні самога мастацтва, якое стала даўно дэкаратыўным і рынкавым. Ідзе паўгода вайна ў Украіне, забітыя тысячы людзей, дзясяткі тысяч пакалечаныя, мільёны бежанцаў, вы ведаеце які-небудзь адказ у мастацтве, хто-небудзь напісаў карціну, хто-небудзь напісаў кнігу, скажам, пра Расею, а ідуць жа выставы глямурныя, відэа-арт, біенале, трыенале — штосьці зроблена? Не, гэта паралельныя дзьве гісторыі. Па-ранейшаму ў галерэях п’юць шампанскае, і дамы з голымі сьпінамі салютуюць келіхамі.

Калі чалавек выступае супраць усяго гэтага змроку, ён выглядае амаль вар’ятам. Але калі не сабраць сілы зноў, калі зноў не зьбярэцца вычышчаная ад рынку дэмакратыя, вычышчанае ад камэрцыі гуманістычнае мастацтва і вычышчаная ад сэрмільнасьці рэлігія, супрацьпаставіць фашызму нам будзе няма чаго. Іншага рэцэпту людзі не прыдумалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG