Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«2015 год Расея ў гэтым выглядзе не перажыве»


Андрэй Зубаў

Андрэй Зубаў

Анэксія Крыму ў 2014 годзе прывяла Расею да канфлікту з Украінай, супрацьстаяньня са сьветам, міжнародных санкцый і эканамічнага крызысу.

Гісторык Андрэй Зубаў, які выступіў вясной мінулага года супраць анэксіі і потым страціў месца прафэсара ў Маскоўскім інстытуце міжнародных адносінаў, лічыць пэрспэктывы 2015 для Расеі змрочнымі і кажа, што не згадае ў агляднай мінуўшчыне краіны, якая б апынулася ў падобным становішчы. Свае меркаваньні ён выказаў у інтэрвію супрацоўніку расейскай службы Радыё Свабода Валянціну Барышнікаву.

Зубаў: На працягу 2014 году Расея здолела апынуцца ў варожых адносінах з усім навакольным сьветам, уключаючы сваіх самых блізкіх саюзьнікаў, такіх як Беларусь і Казахстан, ня кажучы ўжо пра Эўропу, не кажучы ўжо пра ЗША. Нават з Кітаем адносіны далёка не саюзьніцкія. Кітай зусім нядаўна заявіў, што цяпер ня будзе саюзьнікаў, а будуць партнэры. І ў гэтым партнэрстве Расея займае вельмі нявыгаднае становішча. Расея апынулася цалкам ізаляванай ад усяго сьвету. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Пры гэтым ізаляванай апынулася краіна зь вельмі слабай эканомікай, нашмат слабейшай, чым эканоміка СССР апошніх дзесяцігодзьдзяў яго існаваньня. У СССР была нейкая дывэрсыфікаваная эканоміка. Вытворчасьць шмат якіх рэчаў была, хай і дрэннай якасьці, якая значна адставала ад эўрапейскіх аналягаў. Але ўсё ж вырабляліся і тэлевізары, і машыны, і халадзільнікі. Цяпер Расея цалкам залежыць ад імпарту і ў галіне тэхнікі, і ў галіне прадуктаў харчаваньня, і ў вобласьці, скажам, насеннага фонду для сельскай гаспадаркі. І цалкам знаходзіцца на нафтавай ігле — на нафце, якую яна прадае галоўным чынам як раз тым краінам, зь якімі апынулася ў самых дрэнных адносінах, гэта значыць з Эўропай і ЗША. Цэны на нафту ўпалі. Адпаведна, Расеі пагражае галеча і вельмі шырокі сыстэмны эканамічны крызыс, што, натуральна, у сваю чаргу, як заўсёды гэта бывае пасьля гадоў сумнеўнага дабрабыту, якія былі ў Расеі да 2014 году, выклікае сацыяльныя беспарадкі. Гэта закон Алексіса дэ Токвіля, што рэвалюцыі здараюцца не тады, калі дрэнна, а тады, калі было добра і рэзка стала горш. Менавіта гэта здарылася ў Расеі. Так што пэрспэктывы 2015 году мне ўяўляюцца вельмі змрочнымі. Вядома, я не прарок, я нічога не магу казаць пра тое, у якой форме гэта адбудзецца. Але, безумоўна, у цяперашнім сваім становішчы Расія доўга існаваць ня зможа, гэты год, 2015-ы, у цяперашнім становішчы не перажыве. Яна ці адкрые сябе зноў сьвету, ці абрынецца ў нейкіх вельмі глыбокіх сацыяльных беспарадках.

Радыё Свабода: Давайце паспрабуем пашукаць гістарычныя аналёгіі зь іншага пункту гледжаньня: Расея апошнюю чвэрць стагодзьдзя — грамадзтва пераходнага пэрыяду, яна перажывала пераход ад савецкай улады да таго, што адбываецца цяпер.

Зубаў: Расея пераходзіла незразумела да чаго. Мы зусім ясна бачым, да чаго перайшлі грамадзтвы Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы. Яны перайшлі ад таталітарнага рэжыму, рэжыму абагуленай уласнасьці да дэмакратыі, да прыватнай уласнасьці, да прыватна-ўладальніцкага прадпрымальніцтва пры дэмакратычных свабодах. Гэта дазволіла ім на працягу чвэрці стагодзьдзя зноў стаць часткай адзінай Эўропы, стаць часткай атлянтычнай сыстэмы бясьпекі. Тут зусім ясна — гэта пераход ад аднаго да іншага. Гэтак жа як да таго Нямеччына перайшла ад нацысцкага таталітарнага рэжыму, праўда, дзе захоўвалася прыватная ўласнасьць, — да дэмакратыі, і яна стала часткай вольнага заходняга сьвету. Расея за гэтыя 25 гадоў, здавалася б, павінна была перайсьці ад таталітарнага абагульняльнага эканамічнага ладу да таго ж дэмакратычнага, рынкавага, лібэральнага грамадзтва і стаць часткай таго ж эўрапейскага, атлянтычнага сьвету. Але нічога гэтага не адбылося. Расея нікуды не перайшла. У гэтым і рэч. Яна завісла ў такім незразумелым, прамежкавым становішчы. Яна спрабавала зьдзейсьніць гэты пераход у 1990-я гады, больш-менш шчыра, але вельмі хутка гэта ўсё згарнулася. І гэтыя спробы былі непасьлядоўныя. Дэкамунізацыю, якую прайшлі ўсе краіны Цэнтральнай Эўропы, Расія нават не пачынала праходзіць. Не было ні рэстытуцыі ўласнасьці, ні люстрацыі асобаў, вінаватых у мінулым рэжыме, не было правапераемнасьці з дакамуністычным вопытам, ні зьмены гістарычнай парадыгмы. У выніку Расея вярнулася да таго, ад чаго яна пайшла. Так, у нас ужо няма сацыялістычнай уласнасьці, але гэтая ўласнасьць зусім не была дыфузіяваная паміж многімі членамі грамадзтва, як гэта адбылося ў краінах Цэнтральнай Эўропы. Гэтая ўласнасьць сканцэнтравана ў некалькіх сотнях сем’яў. У нас паўстала рэальная алігархічная ўлада пры велізарным рэквізаваным насельніцтве, як у савецкі час, і пры уласнасьці, разьмеркаванай сярод вузкага кола асоб, уласнасьці, якая прыносіць вялікія даходы. У нас няма дэмакратыі. У нас няма правоў чалавека, гэта значыць нейкіх лібэральных дзяржаўных падстаў. Таму мы не ў атлянтычнай супольнасьці, мы не ў Эўропе. Мы ня ў Азіі, зразумела. Мы нідзе. Расія апынулася зноў аўтарытарнай краінай з манапалізаванай уласнасьцю, са схільнасьцю да таталітарызму. Таталітарная тэндэнцыя, на жаль, пакуль узмацняецца. І тое, што ў нас узьнікае зараз, — гэта ўжо не камуністычнае дзяржава, а менавіта, у сілу зьменаў адносін у галіне уласнасьці і адносін да рэлігіі, гэта хутчэй дзяржава фашысцкага тыпу, тыпу Італіі Мусаліні. Але гэта вельмі небясьпечная зьява для навакольных краін, для Эўропы, для сьвету і, у першую чаргу, для самой Расеі. Калі Мусаліні прапанаваў гэтую дзяржаўную форму ў першай палове 20-х гадоў 20-га стагодзьдзя, калі яна потым небеспасьпяхова разьвівалася ў Італіі, вырашыўшы шматлікія праблемы глыбокага сацыяльнага і эканамічнага крызысу, у якім апынулася Італія пасьля Першай сусьветнай вайны, многім краінам Эўропы і, дарэчы, Лацінскай Амэрыкі гэтая форма падалася вельмі прывабнай. І ў Эўропе ўзьнікла даволі шмат рэжымаў фашысцкага тыпу — не нацысцкага тыпу, без расавай палітыкі, а менавіта фашысцкага тыпу карпаратыўнай дзяржавы. Замяніць дэмакратыю карпаратыўнай дзяржавай такога сярэднявечнага і квазісярэднявечнага тыпу (у гэтым і была ідэя Мусаліні), заснаванага на ідэі нацыяналізму. Безумоўна, усё гэта скончылася, гэты шлях апынуўся непэрспэктыўным. Ён дае кароткачасовы эфэкт, прыводзіць да агрэсіі і да няўдачы ад агрэсіі. Для Італіі гэта была Абісынія і Лібія, саўдзел у германскай агрэсіі, і ў выніку — катастрофа. І мне здаецца, што ў Італіі былі нашмат лепш зыходныя паказчыкі. У яе было шмат саюзьнікаў. Да 1940 года яе прымалі як частку эўрапейскай супольнасьці. У цяперашняй Расеі нічога гэтага няма. Таму ў нас рэжым разьвіўся і сфармаваўся ў той момант, калі мы апынуліся ў поўнай ізаляцыі. І эканомікі ў нас няма. Там былі заводы «Фіят», там былі суднабудаўнічыя заводы Ліворна. А што ў нас ёсьць? У нас нічога няма. Таму пэрспэктывы вельмі сумныя. І я баюся, што тут гаворка ідзе не пра дзесяцігодзьдзі, і нават, напэўна, не пра многія гады, а пра нашмат больш кароткія тэрміны.

Радыё Свабода: У 2015 годзе спаўняецца 70 гадоў перамогі ў Вялікай айчыннай вайне. Савецкі народ справядліва меркаваў сябе пераможцам (што дзіўным чынам часта спалучалася з пагардай лёсамі вэтэранаў), і з гэтым зьвязана (і гэта стала агульным месцам) адсутнасьць якога б там ні было комплексу віны ў савецкага, а потым у расейскага народу за рэчы, якія суправаджалі гэтую перамогу. Гэта часта служыць для апраўданьня сталінізму і многіх злачынстваў савецкай улады. Як вы лічыце, у расейскага народу так і застанецца назаўсёды адчуваньне ўласнай бязгрэшнасьці?

Зубаў: Перамога ў вайне і зьвязанае з ёй насаджэньне ў Цэнтральнай Эўропе таталітарнага рэжыму, ня менш, а, напэўна, у некалькі аспэктах нават больш жудаснага, чым нацызм, — гэта толькі адзін з момантаў, пра якія трэба сур’ёзна задумацца нашаму народу. Бо гаворка ідзе пра тое, што мы самі сабе выбралі шлях, які ў адным богаслужэбным тэксьце добра названы «самоизмышленной пагубностью». У 1917 годзе мы абралі шлях згубны. І гэты шлях зьнішчыў, я думаю, рускае грамадзтва, рускі народ. Загубіў мільёны людзей фізычна і практычна ўсё насельніцтва Расеі загубіў маральна, зламаў маральна. Задушыў яго эканамічна. Мы гэта не зразумелі да гэтага часу, як немцы ў 1945 годзе не разумелі, што зрабілі з імі 12 гадоў нацызму. Яны ўсё роўна лічылі Гітлера самым выбітным палітыкам Нямеччыны нават праз 2-3 гады пасьля канца вайны. Нават паводле апытаньня ў 1956 годзе прыкладна траціна насельніцтва Заходняй Нямеччыны думала, што Гітлер — самы вялікі палітык Нямеччыны, калі б ён не ўвязаўся ў вайну, калі б ён змог усё скончыць мірам у 1939-1940 годзе. Наш народ працягвае думаць падобным чынам. І гэта вялікая бяда. Калісьці Віктар Астаф’еў на старасьці гадоў сказаў, што мы павінны зразумець, мы павінны ўсьвядоміць, што мы жывем на мяшку з косткамі, якія цяпер закапаныя ад Уладзівастока да нашай заходняй мяжы, і гэтыя косткі, дарэчы кажучы, трэба пахаваць па-чалавечы. Вось калі мы гэта зразумеем, потым пачнецца адраджэньне. Мы выйдзем з гэтай задуранасьці, з гэтага правісаньня ў цемры і пустэчы, у якой мы цяпер апынуліся. Мы павінны пачаць сьвядомую, пасьлядоўную, павольную, але ў той жа час вельмі цьвёрдую дэкамунізацыю. Калі мы гэтым шляхам ня пойдзем, то мы будзем у гэтым бессэнсоўным крузе. І знакам гэтай бессэнсоўнасьці зьяўляецца якраз стаўленьне да нашых вэтэранаў. Яно заўсёды было вельмі дрэнным, ніколі яно не было добрым. Пасьля вайны ў 1946-1947 годзе Сталін усіх калек вайны бяз рук, бяз ног, якія псуюць пэйзаж савецкіх сталіц, адправіў у спэцыяльныя такія дамы, дамы ўбогіх. Адным з такіх дамоў быў абраны Валаамскі кляштар. Я сам хлопчыкам бачыў яшчэ ў 60-я гады гэтых няшчасных сьпітых людзей. Іх там, вядома, не прымушалі працаваць шмат. Ім давалі гарэлку. Але яны там гнілі удалечыні ад свайго натуральнага жыцьця. Ім ніхто не рабіў новых пратэзаў. Ніхто іх не спрабаваў сацыялізаваць. Ім проста далі магчымасьць дагніць і памерці. І тое, што мы маем цяпер, — абсалютную абыякавасьць да чалавека вайны, героя вайны — пры апяваньні гераізму савецкага народу. Гэта якраз наступства ўсёй той трагедыі, ўсёй той нашай унутранай зломленасьці, нашага духоўнага як бы растоптваньня саміх сябе, якія пачаліся ў грамадзтве з 1917 году, якія не выпраўленыя і нават не названыя да гэтага дня.


Радыё Свабода: Калі ўявіць сабе, што зараз Расія ў нейкай форме ў гэтым супрацьстаяньні са сьветам пацерпіць паразу, гэта можа нечаму навучыць, як гэта ні страшна гучыць у такіх тэрмінах?

Зубаў: Я думаю, можа навучыць, але ўсё пытаньне ў тым, хто будуць настаўнікі, ці знойдуцца настаўнікі. У гэтай паразе ў супрацьстаяньні з усім сьветам могуць быць розныя выйсьці. Гэта можа быць неакамуністычнае выйсьце, можа быць нейкае нацыяналістычнае, нават нацысцкае выйсьце. Ёсьць у нас цалкам сабе такія рускія фашысты, і яны досыць моцныя. Дай Бог, каб на чале Расеі ўсталі разумныя і добрыя людзі (яны таксама, натуральна, ёсьць), якія змаглі б з дапамогай астатняга сьвету правесьці гэтыя працэсы дэкамунізацыі, дэтаталізацыі нашага грамадзтва, вярнуць яго ў супольнасьць эўрапейскіх, хрысьціянскіх або постхрысьціянскіх, як заўгодна, народаў. Гэта было б вельмі важна. Але пытаньне адкрытае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG