Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі крытыкуюць прэзыдэнта Зэмана за пазыцыю па Ўкраіне


Мілаш Зэман
Мілаш Зэман

Пра гэта былы міністар замежных спраў Чэхіі, лідэр правай палітычнай партыі «ТОР 09» Карэл Шварцэнбэрг заявіў 5 студзеня, камэнтуючы выказваньне чэскага прэзыдэнта Мілаша Зэмана, што ва Ўкраіне ідзе «грамадзянская вайна».

Са словаў Шварцэнбэрга, спачатку, калі ўзброеныя людзі пачалі захопліваць гарады на ўсходзе краіны, «гэта быў узброены путч, які падтрымала Расея ў жніўні мінулага году, гэта адкрытая вайна і нічога іншага».

Карэл Шварцэнбэрг параўнаў сытуацыю ва Ўкраіне з падзеямі ў Аўстрыі. «Калі аўстрыйцы перад Другой сусьветнай вайной пераважна думалі, што яны зьяўляюцца немцамі, то пасьля таго, як іх захапіў Гітлер, прыйшлі да перакананьня, што яны самастойныя аўстрыйцы. Тое ж адбылося цяпер ва Ўкраіне. Пуцін кесаравым перасекам стварыў сапраўды нацыянальную ўкраінскую дзяржаву», — падкрэсьліў Шварцэнбэрг.

З крытыкай пазыцыі Мілаша Зэмана ў нядзельнай праграме праскага Радыё Frekvence 1 выступіў таксама чэскі палітоляг Аляксандар Мітрафанаў. Ён назваў непраўдзівай інфармацыю Мілаша Зэмана наконт лёзунгаў, зь якімі выступілі ўдзельнікі шэсьця паходняў ва Ўкраіне ў гонар 106-й гадавіны з дня нараджэньня Сьцяпана Бандэры. «Падчас маршу ў Кіеве, пра які ўспамінае Зэман, быў усяго толькі лёзунг „Сьмерць ворагам“, а зусім не палякам і габрэям, а гэта ўжо пахне скандалам», — адзначыў палітоляг.

Заяву з нагоды выказваньняў Мілаша Зэмана ў панядзелак, 5 студзеня, апублікавала і амбасада Ўкраіны ў Чэхіі. У ёй, у прыватнасьці, адзначана, што «нягледзячы на магчымыя рознагалосьсі ў поглядах на Сьцяпана Бандэру, для большасьці ўкраінцаў ён зьяўляецца сымбалем барацьбы за свабоду і незалежнасьць нашай дзяржавы».

У нядзелю, 4 студзеня, у інтэрвію чэскаму радыё Frekvence 1, прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман заявіў, што маршы ў гонар Сьцяпана Бандэры сьведчыць, што з Украінай нешта ня так. Самога ж Бандэру Зэман параўнаў зь нямецкім нацыстам Рэйнхардам Гэйдрыхам.

На думку Зэмана, многія дрэнна дасьведчаныя аб падзеях ва Ўкраіне, а таму ідэалізуюць гэтую краіну. Узровень карупцыі ва Украіне — адзін з самых высокіх у сьвеце, сьцьвярджае Зэман, а таму «Майдан ня быў толькі дэмакратычнай рэвалюцыяй, лічу, што ва Ўкраіне ідзе грамадзянская вайна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG