Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 6 студзеня 2015: Праваслаўная Куцьця; Калядны кірмаш у Менску


ФОТА ДНЯ

Толькі мая Беларусь. Фота Ўладзя Грыдзіна.

Толькі мая Беларусь. Фота Ўладзя Грыдзіна.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

Сёньня Куцьця ў праваслаўных хрысьціян.

У нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» (вул. Я. Купалы, 27) адкрываецца міжнародная выстава «Калядны кiрмаш-2015», якая працягнецца да 14 студзеня.

У Менску праходзіць калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прызы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Група «А» — Беларусь, Славаччына, Швэйцарыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Група «В» — Расея, Фінляндыя, Нямеччына, Латвія.

У менскім клюбе «Графіці» (завулак Калініна, 16) выступіць гурт электроннай музыкі «Касіяпэя». Пачатак канцэрту а 19.00.

У гісторыі:

1896 — У Парыжы адбылася прэм’ера фільма братоў Люм’ер «Прыезд цягніка». Фільм стаў кананічным творам кіно дзякуючы таму, што ўпершыню ў гісторыі выразна перадаў на плоскім экране рух у пэрспэктыве — цягнік зьяўляўся здалёку, праходзіў наўскос справа налева праз увесь экран на першы плян і сыходзіў за левы край экрана, ствараючы ўражаньне прасторы. Акрамя таго, у гэтым фільме ўпершыню ў адным кадры былі паказаныя здымкі людзей агульным, сярэднім і буйным плянам.

У памяці:

1943 — у менскай турме СД памёр Антон Неманцэвіч, каталіцкі сьвятар бізантыйскага і лацінскага абрадаў, манах-езуіт, першы экзарх Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы.

1945 — у Варшаве памерла Магдалена Радзівіл, беларуская мэцэнатка.

1975 — у Саўт-Рывэры ў ЗША памёр Юрка Віцьбіч, беларускі пісьменьнік, дзяяч беларускай эміграцыі.

2004 — у Нью-Ёрку памёр беларускі паэт Янка Юхнавец. Атрымаўшы юрыдычную адукацыю ў Нямеччыне, Юхнавец з канца 1950-х жыў у ЗША. Выдаў зборнікі паэзіі «Шорах моўкнасьці», «Новая элегія», «Калюмбы».

Цытата:

«У хаце добры лад і згода,
Як патрабуе і прыгода,
Паважнасьць вечара сьвятога ―
Не ўчуеш слова ты благога,
І ўсе прыбралісь і памылісь,
Міхал з Антосем падгалілісь
І парасчэсвалі чупрыны.
\ Ну, засьцілайце стол, мужчыны!
І стол той гуртам прыбіраюць,
Настольнік белы падымаюць,
На стол растрэсваюць мурог ―
На сене колісь быў Сын Бог ―
І роўным пластам расьсьцілаюць,
Сянцо абрусам закрываюць.
За стол садзяцца ўсе ў парадку
І прад сабой кладуць аладку,
Відэльцы, лыжкі разьбіраюць
І стравы першае чакаюць.
\ Ты, брат, глядзі не ашукайся:
Ня надта зразу накідайся,
Бо потым шчыра пашкадуеш,
Калі жывот свой напіцуеш:
Чым дальш ― смачнейшыя патравы,
І многа іх, і ўсе цікавы».

Якуб Колас, з разьдзелу «Каляды» паэмы «Новая зямля».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG