Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая зорка БТ Дзяніс Кур’ян стварае прома-ролікі для Саюзнай дзяржавы: «Я палітыкі ў гэтым ня бачу»


Міжпраграмныя ролікі выходзяць на саюзным тэлеканале «ТРО». У адным з ролікаў маці тлумачыць сыну, што Расея для Беларусі — не замежжа, бо мяжы няма.

Беларуская кампанія Promofilm цягам двух гадоў стварае прамацыйнае відэа ў межах цыклю «Беларусь і Расея: Мы разам». Міжпраграмныя ролікі выходзяць на саюзным тэлеканале «ТРО». У адным з ролікаў дзея адбываецца ў цягніку: маці тлумачыць сыну, што Расея для Беларусі — не замежжа, бо мяжы няма.

Крэатыўны прадусар кампаніі і тэлевядоўца Дзяніс Кур’ян бачыць сваёй задачай паказаць выгоды жыцьця ў саюзнай дзяржаве.

Рэклямныя ролікі створаныя на замову Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі. Ужо выйшла шэсьць відэасюжэтаў, у якіх, кажа Дзяніс Кур’ян, «распавядаюцца наіўныя і душэўныя гісторыі, якія маглі б адбыцца зь беларусамі і расейцамі і якія дэманструюць, што мы жывем у адной саюзнай дзяржаве».

— Дзяніс, вы асабіста лічыце саюзную дзяржаву найлепшым геапалітычным выбарам для Беларусі?

— Вядома. Абсалютна. На мой погляд, Эўропа не прымае нас у тым фармаце, у якім мы можам працаваць з Расеяй. Таму на дадзены момант і для Беларусі, і для Казахстану саюзная дзяржава і мытны саюз з Расеяй — найлепшае геапалітычнае рашэньне. Хаця б таму, што Эўропе мы не патрэбныя. Мы гатовыя разьвіваць супрацу зь ёй на раўнапраўных умовах, але ёсьць шмат прыкладаў таго, што мы Эўропе ня вельмі і патрэбныя. І наўрад ці нават праз шмат гадоў Беларусь зможа стаць раўнапраўнай з краінамі, якія заснавалі Эўразьвяз. А ў саюзнай дзяржаве, нават нягледзячы на маштабы, замацавана раўнапраўе яе ўдзельнікаў.

— Як тэлеканал і камітэт саюзнай дзяржавы акрэсьлілі творчую задачу, калі замаўлялі відэаролікі?

— Задача была вельмі агульная — стварыць міжпраграмныя ролікі. Гэта хутчэй наша ініцыятыва і прапанова, што да іх зьместу. Мы прыдумалі гісторыі, якія здарыліся з жыхарамі саюзнай дзяржавы — гэта наша распрацоўка. Мы былі абсалютна свабодныя ў творчасьці. Сутнасьць у тым, што мы выдатна разумеем: так, мы жывем у саюзнай дзяржаве, і на канале саюзнай дзяржавы мы гаворым пра тое, што для жыхароў Беларусі і Расеі ўзьніклі пэўныя выгады, зьвязаныя з тым, што 15 гадоў таму назад была заключаная такая дамова.

— Дык а чаму гэта выгадна?

— Разумееце, мы ж не гаворым пра адну дзяржаву — гэта розныя рэчы. Мы — розныя дзяржавы, мы — Беларусь. Мы ні ў якім разе не гаворым пра тое, што Беларусь здымае дзяржаўную мяжу, як палічылі некаторыя чытачы вашага сайту і выказаліся пра гэта ў камэнтарах. Мы гаворым пра тое, што ў беларусаў і расейцаў няма кантролю на мяжы. Сапраўды, ты кладзесься спаць у Беларусі, а прачынаесься ў Маскве. Ты вязеш тавар зь Беларусі ў Расею, і ў нас паводле заканадаўства Мытнага зьвязу няма ні памежнага, ні мытнага кантролю. Шчыра кажучы, чым гэта кепска? І чаму камусьці не падабаецца, што ў нас няма памежнага кантролю і што мы жывем у саюзнай дзяржаве і Мытным зьвязе? Мне гэта складана зразумець. Я ўвогуле за адсутнасьць межаў. Мы ж ня кажам, што ў Эўразьвязе, калі там няма паміж краінамі памежнага кантролю, сьціраюцца адметнасьці народаў. Там ёсьць паўнавартасныя дзяржавы, якія проста ня маюць памежнага кантролю паміж сабой. У Саюзнай дзяржаве — тое самае. І менавіта гэта мы паказваем у сацыяльных роліках.

— Значыць, ролікі гэтыя непалітычныя?

— Я палітыкі ў гэтых роліках ня бачу. Так, былі прынятыя палітычныя рашэньні, але далей мы апускаемся да ўзроўню простых людзей і таго, што яны выйгралі ад жыцьця ў саюзнай дзяржаве. І калі нехта дзякуючы нашым ролікам даведаўся, што няма памежнага і мытнага кантролю, то я рады, што мы адукавалі такіх людзей.

— Але ж у сувязі з сытуацыяй у рэгіёне, дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне такі, як вы кажаце, непалітычны ролік становіцца палітычным...

— Я ня згодны. Тады любое ўзгадваньне слова «Расея» можа выглядаць як палітыка. Не. Ня трэба шукаць палітыку там, дзе яе няма. Тут проста дэманстрацыя тых выгадаў, якія дае саюзная дзяржава. Але ня больш за тое.

— Што б вы рабілі, калі б з падобнай ідэяй стварыць ролік пра Беларусь зьвярнулася прадстаўніцтва Эўразьвязу ці НАТО?

— Мы будзем разглядаць любыя прапановы, калі яны паступяць. Мы адкрытыя і гатовыя да супрацы.

Тэлевядоўца Дзяніс Кур’ян, крэатыўны прадусар кампаніі Promofilm, у 2012 годзе звольніўся з БТ, дзе працаваў у праграмах «Сфэра інтарэсаў», «Актуальнае інтэрвію», «5×5».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG