Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зорка Давідзіка


Ганна Янкута

Вайна скончылася больш за 10 гадоў таму, на дварэ — 1957-ы (у гэтым годзе нарадзіўся Павел Гюле і загарэлася зорка Вайзэра Давідзіка), але знайсьці ў лясах нямецкі арсэнал яшчэ магчыма, і выбухі, хоць і каляровыя, аднак сапраўдныя і па-сапраўднаму небясьпечныя, ужо здаюцца выкшталцонай гульнёй. Ці гэта ўсё ж была не гульня, спрабуе праз шмат гадоў зразумець адзін з удзельнікаў тых незразумелых падзеяў, заклікаючы на дапамогу памяць пра дзяцінства, хісткую і ненадзейную, і памяць пра горад, якім ён быў калісьці.

Дэбютны раман польскага празаіка Паўла Гюле «Вайзэр Давідзік», выдадзены ў 1987 годзе, на беларускую мову пераклала Марына Шода (рэдактар перакладу — Сяргей Сматрычэнка), і гэты пераклад зроблены дыхтоўна. Кніга чытаецца лёгка і прыемна, нічога ў ёй не чапляе вока і ўсе перакладчыцкія рашэньні выглядаюць удалымі: перакладчыца справілася і з футбольным матчам, і выступамі мясцовага вар’ята-прарока, і з агульнай атмасфэрай твора. Пераклад нядаўна зьявіўся ў выдавецтве «Логвінаў», праўда, у дзіўнаватым афармленьні, якое выразна вылучае кнігу сярод выданьняў «Вайзэра Давідзіка» на іншых мовах, аднак ва ўсім астатнім кніга, безумоўна, вартая ўвагі.

У дзіцячым уяўленьні пэрсанажаў раману Давідзік малюецца мала што не Богам

Знайсьці свайго чытача (таго, які не напужаецца, пабачыўшы на вокладцы ўторкнуты ў галаву штопар, хоць насамрэч гэта зусім ня ён, — а, наадварот, натхніцца такім нечаканым вобразам) кнізе павінна быць не складана, бо тут ёсьць усё, чым можна прывабліваць аматараў чытаньня: і дэтэктыўная гісторыя, прыпраўленая ненавязьлівым сацыялістычным калярытам, і містычная лінія, якая гэты калярыт разбурае дашчэнту, і водгульле вайны, і трошкі эротыкі, і партрэт гораду Гданьску, які ў літаратуры апісваўся ня так шмат, як, напрыклад, Лёндан ці Парыж, а таму не пасьпеў намазоліць вочы. І ў цэнтры ўсяго гэтага — габрэйскі хлопчык, Давідзік, «усяведны апавядальнік», герой, якога ў беларускай літаратуры са сьвечкаю ў руках не знайсьці.

У дзіцячым уяўленьні пэрсанажаў раману Давідзік малюецца мала што не Богам. Ён умее рабіць цуды, а таму толькі ён здольны ўратаваць летнія канікулы, сапсаваныя гарачынёй і той невядомай катастрофай, якая ператварыла затоку ў моташлівы рыбны суп. Ён загадкавы і дзелавіты, дапускае да сваіх таямніцаў толькі Эльку, аднак час ад часу гатовы падзяліцца чымсьці незвычайным і з трыма хлопчыкамі, якіх праз гэта потым будуць доўга дапытваць у справе зьнікненьня Вайзэра.

«У кнізе нічога не зразумела, — такі закід аўтару робяць часьцей за ўсё на форумах тыя чытачы, якім кніга не спадабалася, — дык што там насамрэч адбылося?» Польскія крытыкі таксама прызнаюць, што хоць інтэрпрэтацыі раману множацца, раскласьці «Вайзэра Давідзіка» па палічках яшчэ нікому не ўдалося. «Гэта магічны, чароўны твор пра дзяцінства, памяць і межы пазнаньня» — пішуць на сайце polskieradio. pl, анансуючы сустрэчу з аўтарам. Вобраз Давідзіка — гэта спалучэньне усіх тыповых польскіх рысаў і польскай тугі, адзначае крытык Ежы Яжэмбскі. Ці ня ёсьць Вайзэр, габрэйскі хлопчык, які цікавіцца ўсім нямецкім і ведае, дзе знаходзіцца дом Шапэнгаўэра, духам самога гораду Гданьску? Раман Паўла Гюле называюць містычным і палітычным, аднак усе сыходзяцца на тым, што ён цудоўна выяўляе той Гданьск, якім яго памятае з ранейшых часоў аўтар і якім яго ніколі ня ўбачаць турысты.

Герой-апавядальнік расказвае гісторыю свайго дзяцінства, перамяжоўваючы сцэны допыту ў школе ўспамінамі пра летнія падзеі, якія гэтаму допыту папярэднічалі і прывялі да яго — знаёмства з Вайзэрам і яго незвычайныя ўчынкі ад каляровых выбухаў да ратаваньня вужакаў ад дачнікаў. Не забываючы нагадваць чытачу, што гэта зусім не раман, а спроба знайсьці ў памяці ключ да колішніх падзеяў, апавядальнік раскрывае адну карту за адной, аднак самае цікавае пакідае на потым, на канец, каб чытач разам са школьным начальствам і сьледчымі выпрабоўваў вэрсію пра апошні выбух. Часам апавядальнік аказваецца надта балбатлівым, і гэтая балбатлівасьць, нясьпешнае вядзеньне аповеду з развагамі на палях — асаблівая рыса раману: здаецца, апавядальнік гаворыць і гаворыць, але ў выніку ўсе нітачкі аказваюцца зьвязаныя, усе сьляды замеценыя і дэтэктыў паціху ператвараецца ў містыфікацыю. А можа, у палітычную прыпавесьць (нездарма ж адзін з герояў кнігі гіне ад выпадковай кулі на вуліцах Гданьску, дзе, як вядома, узьнікла «Салідарнасьць»). А можа, проста ў раман пра дзяцінства ў сацыялістычнай Польшчы, дзе, нягледзячы на настаўнікаў М-скіх, цуды былі магчымыя ня менш, чым у любым іншым кутку сьвету.

Падчас адной з сустрэч у цагельні, калі дзеці забаўляюцца (лепш сказаць, вельмі сур’ёзна практыкуюцца) стральбой, Вайзэр нямецкай зброяй прастрэльвае ў мішэні ў выглядзе выявы сацыялістычнага настаўніка М-скага зорку Давіда. Габрэйская тэма ў рамане можа губляцца на фоне такіх унівэрсальных рэчаў, як футбол ці гульня ў вайнушку, але ня варта забываць, што штукар Вайзэр быў габрэем, а значыць, чужым, асабліва ў паваенны час, у антысэміцкай Польшчы. Было б някепска, калі б гэты раман ад пачатку быў напісаны па-беларуску. Вельмі хочацца пачытаць гісторыю такога кшталту, створаную ў нас і пра нас — з добра збалянсаваным сюжэтам, цудамі і дзівацтвамі, сьлядамі іншых культур, вар’ятамі і вайнушкай і, безумоўна, нясьпешнай балбатнёй, якая наўрад ці пераканае нас, што ніякі раман з гэтага не атрымаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG