Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь 1 студзеня запраўкі А-100 перайшлі на беларускую мову. Ці сапраўды так?


У першы дзень новага году ў фэйсбуку зьявіліся паведамленьні кшталту: «Ура! Запраўкі А-100 перайшлі на беларускую мову». Ніякай інфармацыі пра гэта на сайце не было. Атрымаць камэнтар ад кіраўніцтва групы кампаніяў «А-100» таксама не ўдалося. Тады Радыё Свабода вырашыла на практыцы спраўдзіць чуткі і аб’ехала чатыры запраўкі ў розных частках гораду.

Хоць афіцыйнага паведамленьня пра пераход зь 1 студзеня заправак сеткі А-100 на беларускую мову няма, відавочна, што зьмены ў гэтым кірунку адбываюцца. Так, запраўка па адрасе Брыкета, 23, што на выезьдзе на Горадню, сапраўды беларусізавалася. Апэратар Аляксандар Пуха прыязна ўсьміхаецца і гаворыць па-беларуску з усімі, нават з тымі, хто да яго зьвяртаецца на расейскай мове.

«Так, зь 1 студзеня ўсе запраўкі нашай сеткі перайшлі на беларускую мову. Абсалютна ўсе», — заявіў Аляксандар Пуха.

Вывескі і аб'явы на запраўцы - па-расейску

Вывескі і аб'явы на запраўцы - па-расейску

На пытаньне, якім чынам рыхтавалі супрацоўнікаў, Аляксандар узгадвае курсы «Мова Нанова» і кажа, што праводзіліся адмысловыя трэнінгі.

Тады мы вырашылі праверыць, як справы з мовай на іншых запраўках сеткі. На міні-запраўцы на Някрасава, 41 гавораць па-расейску. Як, дарэчы, і на Казінца, 133 — там праігнаравалі беларускую мову, адказаўшы па-расейску. Нават пытаньне, як наліць гарбату і дзе ляжыць цукар, не справакавала апэратара перайсьці на беларускую.

А вось на запраўцы, якая знаходзіцца па адрасе Прыгарадная, 69, адбылася такая гісторыя. Зьвяртаемся па-беларуску, за касай два хлопцы, адказваюць па-расейску. Заправіўшы машыну, вяртаемся ў памяшканьне запраўкі, каб узяць квіток. На слова «Дзякуй» чуем нясьмелае «Дзякуй і вам. Прыходзьце да нас яшчэ».

Склалася ўражаньне, што, па-першае, хлопцы параіліся паміж сабой і вырашылі адказваць на мове, а па-другое, хацелі падкрэсьліць прыхільнае стаўленьне да беларускай мовы. Прынамсі, расейскамоўных пакупнікоў яны не запрашалі наведацца да іх яшчэ.

Акрамя гэтага, зь 1 студзеня старонка групы кампаніяў А-100 на фэйсбуку таксама перайшла на беларускую мову. Вось якое паведамленьне было зьмешчана ў сацыяльнай сетцы: «Сябры, зь 1 студзеня 2015 года афіцыйная група сеткі АЗС „А-100“ будзе весьціся на мілагучнай беларускай мове. Новае гучаньне — новы воблік „А-100“!».

Асноўная вэрсія сайту кампаніі — таксама на беларускай мове.

Чуткі пра тое, што зь 1 студзеня заправачныя станцыі А-100 пяройдуць на беларускую, упершыню зьявіліся ў лістападзе летась. Праўда, і тады кіраўніца ўпраўленьня маркетынгу групы кампаній «А-100 АЗС» Ніна Ніканорава адмовілася даваць камэнтары, хаця пацьвердзіла, што кампанія ладзіць курсы беларускай мовы для сваіх супрацоўнікаў. ​

У Беларусі больш за 30 заправак А-100. Кампанія надае вялікую ўвагу праектам сацыяльнай адказнасьці. Так, у жніўня 2014 г. «А-100» зладзілі кампанію «Веласіпед за дзякуй» сумесна з грамадзкай арганізацыяй «Менскае роварнае таварыства». Акцыя праводзілася для папулярызацыі сярод менчукоў здаровага ладу жыцьця, кожны ахвотны мог задарма ўзяць ровар у пракат.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG