Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Памёр былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў


Васіль Лявонаў

Васіль Лявонаў

Васіль Лявонаў пасьлядоўна выступаў з прапановамі аб рэфармаваньні сельскай гаспадаркі, крытыкаваў Лукашэнку, лічыў, што цяперашняя ўлада ў Беларусі — гэта праект Крамля.

Як паведаміў Аляксандар Коктыш са спасылкай на жонку і дачку, сёньня раніцай памёр былы міністар сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў.​

Васіль Лявонаў — былы міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі.

Васіль Лявонаў н​арадзіўся 16 красавіка 1938 ў вёсцы Дубянец Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. У 1964 скончыў Беларускі інстытут мэханізацыі, а потым Менскую вышэйшую партыйную школу.

Напрыканцы 80-х Лявонаў быў першым сакратаром Магілёўскаму абкаму КПБ​.

У 1984-1989 быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, пазьней — дэпутатам і старшынём Мандатнай камісіі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня.​

Падчас выбараў першага прэзыдэнта Беларусі ў 1994 Васіль Лявонаў адкрыта падтрымліваў В. Кебіча, аднак нягледзячы на гэта, прыняў прапанову А. Лукашэнкі заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня. В. Лявонаў не падтрымаў ідэю лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году, пасьля чаго ў міністэрстве пачаліся масавыя праверк

Васіль Лявонаў пасьлядоўна выступаў з прапановамі аб рэфармаваньні сельскай гаспадаркі, накіраванай на рэфармаваньне калектыўнай уласнасьці, далучэньне сельскай гаспадаркі да рынкавай эканомікі, яе вызваленьне ад камандна-адміністрацыйных мэтадаў, што і сталася асноўнай прычынай ягонага арышту ў 1997 годзе.

Ён быў арыштаваны 11 лістапада 1997 году ў працоўным кабінэце. Эксміністру былі прад’яўленыя абвінавачаньні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: арт. 91.1 — «крадзеж маёмасьці ў асабліва буйных памерах», арт. 169 — «атрыманьне хабару» і арт. 213 — «незаконнае захоўваньне баявых прыпасаў і зброі». На судзе сваёй віны Васіль Лявонаў не прызнаў. Ужо ў першай сваёй прамове ён заявіў, што лічыць сваё зьняволеньне палітычнай справай, ня верыць у справядлівасьць суду, бо, па яго меркаваньні, яго будзе судзіць ня суд, а асабіста А. Лукашэнка. Лявонаў быў прызнаны Вярхоўным судом вінаватым у хабарніцтве і крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ды пакараны 4 гадамі калёніі з канфіскацыяй маёмасьці.

Васіль Лявонаў пакутаваў на шэраг цяжкіх хранічных захворваньняў. Стан яго здароўя падчас зьняволеньня значна пагоршыўся, ён перанёс некалькі сардэчных прыступаў. Вызвалены 5 кастрычніка 2000 г. паводле амністыі.

У 2001 г. узначаліў аргкамітэт руху «За новую Беларусь». Лявонаў стаў адной з ключавых фігураў у працэсе абраньня адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году.

Неаднаразова выступаў экспэртам у праграмах Радыё Свабода.​ Лічыў, што цяперашняя ўлада ў Беларусі — гэта праект Крамля.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG