Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка выйшаў на волю пасьля арышту і галадоўкі


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка

10 сутак віцебскі актывіст КХП БНФ адбыў у ізалятары часовага ўтрыманьня паводле пастановы Першамайскага райсуду. І ўсе 10 сутак Сяргей Каваленка трымаў галадоўку.

Галадоўку актывіст абвясьціў адразу пасьля затрыманьня — а яго ўзялі пад варту яшчэ 24 сьнежня. У той дзень у Віцебску быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Але афіцыйная прычына затрыманьня — зусім іншая: у міліцэйскіх пратаколах было запісана, што Сяргей Каваленка быў затрыманы за дробнае хуліганства — нібыта недалёка ад уласнага дому ён спраўляў малую патрэбу. А потым ён нібыта не падпарадкаваўся патрабаваньням міліцыянтаў — адмаўляўся ехаць для разьбіральніцтва ў пастарунак.

Сяргей Каваленка катэгарычна ня згодны з такім абвінавачаньнем — ён цьвердзіць, што яго абылгалі, і таму на знак пратэсту адразу абвясьціў галадоўку.

Суд прыняў да ўвагі сьведчаньні міліцыянтаў, і Сяргей Каваленка быў прызнаны вінаватым толькі на гэтай падставе. Ужо пасьля суду, які адбыўся 27 сьнежня, падчас знаходжаньня ў ІЧУ, актывіст спрабаваў абскардзіць пастанову пра пакараньне, абвешчанае судзьдзём Першамайскага райсуду Андрэем Прэйсам. Але абласны суд пакінуў рашэньне суду першай інстанцыі бязь зьменаў. Сяргей Каваленка адбыў пад арыштам роўна 10 сутак: трое сутак, прысуджаных нібыта за дробнае хуліганства, і яшчэ сем — нібыта за непадпарадкаваньне міліцыянтам.

Сустракаць Сяргея Каваленку да ізалятара часовага ўтрыманьня прыйшлі ягоная маці і жонка Алена, а таксама некалькі партыйцаў. За сустрэчай назіралі і некалькі чалавек у цывільным, якія стаялі наводдаль.

Сваякоў і блізкіх турбаваў стан здароўя Сяргея пасьля галадаваньня. Той выглядаў схуднелым, але на здароўе не скардзіўся. Казаў, што ў камэры займаўся фізычнымі практыкаваньнямі, і нават падчас галадоўкі мог зрабіць 25 адцісканьняў ад падлогі. Яшчэ Сяргей Каваленка распавёў, што падчас арышту працягваў вучыць польскую мову — цяпер актывіст навучаецца ў Польшчы, і якраз падчас вакацый ён трапіў на «суткі».

Сёлета начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Скарыновіч паведаміў, што ў абласным цэнтры робяцца адмысловыя захады па ахове гарадзкой елкі: каля яе наладжаная кругласутачная ахова. Таксама з 24 сьнежня па 8 студзеня мясцовая міліцыя пераведзеная на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы, і асабліва пільнымі міліцыянтам належыць быць у месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў, на якіх забаронена «мець пры сабе зброю або яе імітацыю, праносіць з сабой піратэхніку, сьпіртныя або іншыя напоі, карыстацца забароненай сымболікай».

Сяргей Каваленка разам з жонкай Аленай
Сяргей Каваленка разам з жонкай Аленай

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG