Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Логвінаў: «Мы дагэтуль застаёмся краінай, у якой кнігавыдаўцоў садзяць у даўгавую яму»


5 студзеня а 15-й гадзіне ў Эканамічным судзе Менска пачынаецца судовы працэс па справе кнігарні «ЛогвінаЎ».

На пачатку сьнежня ў кнігарню «ЛогвінаЎ» прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспекцыі з пазапланавай праверкай. Памяшканьне апячаталі, дакумэнтацыю забралі на вывучэньне. Пасьля праверкі кнігарню распячаталі. Але вынесьлі суровае пакараньне — за працу без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі і аштрафавалі амаль на 1 мільярд рублёў. Менавіта на такую суму — 1 мільярд рублёў — кнігарняй было прададзена кніг за год. Цяпер спаганяць выстаўлены штраф будуць праз суд.

У верасьні 2013 года Міністэрства інфармацыі пазбавіла ліцэнзіі выдавецтва «ЛогвінаЎ» за выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011». Альбом прызналі нібыта экстрэмісцкім.

Уласнік кнігарні Ігар Логвінаў за год восем разоў зьвяртаўся ў Мінінфарм па ліцэнзію. І кожны раз яму адмаўлялі.

Напярэдадні суду Ігар Логвінаў адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

Ігар Логвінаў

Ігар Логвінаў

— Вы атрымалі 8 адмоваў ад Міністэрства інфармацыі. Што было пазначана ў якасьці прычыны?

«Апошняя адмова была на падставе таго, што ў мяне няправільна быў пазначаны паштовы індэкс. А папярэдняя адмова — што памер мыты ня той. Тады мыта памянялася, яны месяц чакалі, не прымалі дакумэнты, каб потым сказаць нам, што мыта зьмянілася. Усе падставы — гэта дробныя недакладнасьці, якія звычайна вырашаюцца проста і лёгка, а ў нашым выпадку сталі праблемай».

— Сёньня ў вас суд. Якія ў вас надзеі?

«Я вельмі і вельмі спадзяюся на спрыяльны зыход гэтага суду. Бо ў мяне ёсьць такое пачуцьцё нерэальнасьці, што суд — гэта няпраўда. У нашай краіне мала таго, што трэба атрымаць дазвол, каб пісаць кнігі, дазвол — каб выдаваць, друкаваць. А з мінулага году яшчэ патрэбны дазвол, каб прадаваць кнігі. Спадзяюся, што ў нашым грамадзтве ёсьць яшчэ рэшткі розуму, каб ня ўводзіць дазвол на чытаньне кніг».

— Нядаўна галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько на сустрэчы кіраўнікоў СМІ з міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч задаў наўпрост пытаньне, што тычыцца выдавецтва і кнігарні «ЛогвінаЎ». І спадарыня Ананіч казала, што яна ня ў курсе справы.

«Верыцца, канечне, з цяжкасьцю, таму што ўсе адказы з Міністэрства інфармацыі прыходзілі за подпісам Ліліі Ананіч, якая спачатку была першым намесьнікам міністра, а цяпер — міністар. Былі звароты грамадзкасьці і буйных сусьветных арганізацыі з нагоды пазбаўленьня мяне ліцэнзіі, якія друкаваліся ў незалежных СМІ. Так што ня веру, што яна ня ў курсе».

— Нейкія варыянты, як выйсьці з гэтай сытуацыі, у вас ёсьць? Ці шукалі вы разам з адвакатам нейкія шляхі?

«Па-першае, з Новага году ў „Кнігарні Ў“ будзе працаваць ужо новае прадпрыемства. Па-другое, адвакат параіў усё ж такі абскардзіць нежаданьне Міністэрства інфармацыі зарэгістраваць нас у якасьці кнігараспаўсюдніка, падаць пазоў у суд на Мінінфарм. Бо гэта па-чалавечы выглядае як зьдзек, як цалкам прадузятае стаўленьне да нас».

— Калі мы ўявім самае горшае разьвіцьцё падзеяў, і вам пакінуць гэты штраф ў 1 мільярд рублёў, будзеце плаціць?

— Я б, магчыма, і заплаціў гэты штраф, але гэта сума такая фантастычна вялікая! І ня толькі для мяне, але і для заможных людзей. І гэта грошы, аддадзеныя гаспадарам кніжак, зь іх сплачаныя падаткі, арэндная плата. Мы кожны месяц знаходзімся ў нейкім мінусе, нягледзячы на тое, што цягам пяці гадоў займаемся асьветніцкай дзейнасьцю. Таму плаціць такі шалёны штраф цяжка ня толькі з маральнага, але і з эканамічнага боку.

Днямі мы ўзгадалі, што прайшло ўжо 498 гадоў, як выдалі першую беларускую кніжку. А мы дагэтуль застаёмся краінай, у якой кнігавыдаўцоў садзяць у даўгавую яму".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG