Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бурбалкі «чорнага золата» Вэнэсуэлы. Як падзеньне коштаў на нафту забівае «братнюю» рэспубліку


Нікалас Мадура, прэзыдэнт Вэнэсуэлы

Нікалас Мадура, прэзыдэнт Вэнэсуэлы

Рэзкае падзеньне коштаў на нафту стала ўдарам для дзяржаваў, сыравінная эканоміка якіх арыентаваная на атрыманьне дывідэндаў з экспарту «чорнага золата». Самай паказальнай стала сытуацыя ў Вэнэсуэле — цэнавы абвал на нафтавым рынку наблізіў заакіянскіх сяброў Беларусі да дэфолту. Нягледзячы на найбагацейшыя запасы нафты, краіна ў адзін момант засталася бязь зьнешняй падпіткі — вэнэсуэльская эканоміка больш, чым на 90% залежыць ад продажу энэргарэсурсаў. Паводле ацэнак экспэртаў, пры зьніжэньні коштаў на нафту ўсяго на 1 даляр Каракас губляе 700 мільёнаў даляраў. Цяпер у Вэнэсуэле фіксуецца самая высокая ў сьвеце інфляцыя, што правакуе астатні ланцужок — зьбядненьне насельніцтва і паніку на таварным рынку.

Пратэсты ў Вэнэсуэле

Пратэсты ў Вэнэсуэле

Кожная навіна пра чарговае зьніжэньне нафтавых каціровак узмацняе ў вэнэсуэльскім грамадзтве адчуваньне непазьбежнасьці дэфолту — нафта там складае 95% экспартных прыбыткаў, іншых крыніцаў практычна няма. У апошнія дні мінулага году такія засьцярогі толькі ўзмацніліся: інфляцыя ўжо наблізілася да 70%, а скарачэньне эканомікі ў 2015-м перавысіць 4%. Напалоханае незайздроснымі пэрспэктывамі насельніцтва ўсё часьцей сутыкаецца зь недахопам тавараў першай неабходнасьці, з паліцаў крамаў «разьмятаюцца» соль, мука, алей ды іншыя верныя спадарожнікі зацяжнога крызісу.

Супрацоўнік адной зь дзяржаўных праектных арганізацыяў Беларусі Яўген Краўцэвіч у камандзіроўках у Вэнэсуэле правёў некалькі гадоў, займаўся распрацоўкай і закладкай жылых раёнаў. Паводле яго словаў, абсалютна большая частка людзей, выхаваных на запаветах тамтэйшых рэвалюцыянэраў, ніколі не была заможнай — увесь прыбытак ад дзяржаўных нафтавых манаполій скіроўваўся, зноў жа, пад кантроль дзяржавы. Цяперашняя сытуацыя абясцэньваньня грошай і павальнага дэфіцыту прадуктаў першай неабходнасьці пагражае сацыяльным выбухам:

«Вось гэты кантраст там, вядома, проста жахлівы. Нават нас гэта шакавала, хоць беларусы таксама як сыр у масьле не катаюцца. Прынамсі бяднейшыя пласты насельніцтва зараз у вельмі цяжкім становішчы. Зразумела, як і ўва ўсіх праблемных краінах, хапае папулізму, улады расказваюць, што ўсё пад кантролем, што гэта ўсясьветная змова і г. д. Але ж схаваць відавочныя рэчы ўсё складаней. Зь іншага боку, для мяне, паезьдзіўшы па краіне, стала зразумела, што Чавэс там быў невыпадковы, што вэнсуэльцы і пасьля яго фізычнага адыходу ўсё роўна прагаласавалі за ранейшую палітыку, што маятнік так надоўга пайшоў менавіта ў гэты бок. Нягледзячы на бядотны стан, ідэі сацыяльнай роўнасьці і нянавісьць да амэрыканскага імпэрыялізму вельмі жывучыя. Пры гэтым не выключаю, што менавіта цяпер краіна нарэшце знойдзе здаровы, рацыянальны шлях разьвіцьця і, магчыма, нарэшце менш будзе палітыкі і лёзунгаў, а больш рэальных дзеяньняў».

З-за дэфіцыту тавараў улады Вэнэсуэлы пачалі ўводзіць норму на продаж. Так, у бальшыні крамаў усталяваныя сканэры адбіткаў пальцаў, каб пакупнікі не маглі атаварвацца некантралявана. Прыкладам, вызначаныя абмежаваньні на такія стратэгічныя харчы як малако, мука, алей, рыс, кава, курынае мяса. Як сумна жартуюць СМІ, не да канца падкантрольная ўраду краіна, якая прадала ў 2013 годзе нафты на 114 мільярдаў даляраў, вымушаная эканоміць туалетную паперу. Паўсталі праблемы і ў іншых сфэрах: так, у буйных гарадах уведзеныя абмежаваньні на спажываньне вады і электраэнэргіі, а заправіць аўтамабіль можна толькі двойчы на тыдзень.

Невясёлыя карцінкі: Беларусь імпартуе нафту з далёкай Вэнэсуэлы

Невясёлыя карцінкі: Беларусь імпартуе нафту з далёкай Вэнэсуэлы

Глябальныя катаклізмы непазьбежна адрэзануюць і на Беларусі, кіраўніцтва якой усе апошнія гады называе Вэнэсуэлу адным з галоўных эканамічных і ідэалягічных партнэраў. Штогод за акіян выпраўляюцца сотні беларускіх спэцыялістаў, якія дапамагаюць узводзіць завадзкія карпусы для вытворчасьці беларускай тэхнікі, гарадзкія мікрараёны і аграгарадкі. Але ці запатрабуецца ўсё гэта ва ўмовах фінансавага крызісу? Архітэктар-будаўнік Яўген Краўцэвіч мае сумнеў наконт глыбокіх пэрспэктываў беларуска-вэнэсуэльскага супрацоўніцтва, бо ахаладжэньне ў адносінах наступіла яшчэ пасьля сьмерці Ўга Чавэса — ідэйнага сябра і «кроўнага брата» Аляксандра Лукашэнкі:

«Практычна на нешта разьлічваць складана, бо там ад самага пачатку былі праблемы з маштабам краінавай геаграфіі. Усё насельніцтва сканцэнтраванае на поўначы, а намагаліся ахапіць месцы, дзе пэрспэктывы на ажыўленьне былі мінімальныя. Шмат што проста не стыкавалася. Хоць, зь іншага боку, палітыка праводзілася досыць рацыянальная, каб паспрабаваць задзейнічаць у абарот і іншыя месцы, аддаленыя ад цэнтру. Тут ужо нават ня важна, хто канкрэтна стаяў за гэтым, пад якімі лёзунгамі ўсё праводзілася; адчуваліся прагматычныя рашэньні, якія праводзіла б, мабыць, любая эўрапейская краіна. Чаму б не скарыстацца дапамогай тых, хто можа зрабіць гэта больш майстравіта? Іншая справа — мэтады, якія пры гэтым былі задзейнічаныя, бо яны былі небясспрэчныя. Але на ўзроўні ідэі задумвалася ўсё правільна. Зрэшты, цяпер ўсё гэта наўрад ці будзе ў прыярытэце».

Нікалас Мадура

Нікалас Мадура

На тле падзеяў на нафтавым рынку прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура падкрэсьліваў, што справядлівы кошт на нафту — 100 даляраў за барэль. Але аналітыкі ўжо падлічылі, што насамрэч краіне для забесьпячэньня бюджэтнага балянсу патрэбна лічба ў 130 даляраў, а гэта ў цяперашніх умовах наўрад ці рэальна. Рызыкі для Вэнэсуэлы зьвязаныя і з тым, што да небясьпечнай рысы зьнізіліся валютныя запасы. Калі тая ж Расея на пачатку валютнага крызісу магла сабе дазволіць прадаць больш за 80 мільярдаў даляраў на падтрымку нацыянальнай валюты, пакінуўшы ў рэзэрве 400 мільярдаў, то ў вэнэсуэльскага цэнтрабанку засталося ўсяго 20 мільярдаў. Пры гэтым урад і дзяржаўная нафтавая манаполія абрасьлі такой колькасьцю запазычанасьцяў, што аплаціць іх можна толькі пры цане на нафту не ніжэй за 117 даляраў за барэль. Сёлета давядзецца аддаць крэдыторам агулам 13 мільярдаў даляраў, зь якіх 8,5 мільярдаў — гэта толькі працэнты па пазыках. Мясцовы цэнтрабанк канстатуе, што першапачатковыя фінансавыя патрэбы дзяржавы нельга пакрыць нават пры 80 даляраў за барэль, тады як сярэдні кошт вэнэсуэльскай нафты набліжаецца да паказьніка ў 50 даляраў. Выглядае, што ў кароткатэрміновай пэрспэктыве плаціць па даўгах Каракасу проста няма чым.

Як чалец арганізацыі краінаў-экспартэраў нафты (OPEC) Вэнэсуэла не спыняе спробаў паўплываць на «цяжкавагавіка» у асобе Савудаўскай Арабіі, каб істотна зьменшыць аб’ёмы здабычы нафты і тым самым выклікаць рост коштаў. Аднак пры канцы 2014 году OPEC чарговым разам канстатавала, што не зьбіраецца скарачаць здабычу, чым канчаткова разбурыла надзеі вэнэсуэльскага кіраўніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG