Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Луганск: «Ёсьць вакзал, але цягнікі не ідуць»


Кірмаш ёлак у Луганску, 26 сьнежня 2014
Кірмаш ёлак у Луганску, 26 сьнежня 2014

Радыё Свабода вядзе рубрыку, аўтарамі якой сталі жыхары захопленых прарасейскімі ваеўнікамі раёнаў на ўсходзе Ўкраіны. Піша Пётр Іваноў, псыхоляг з Луганску.

Большасьць канапавых псыхолягаў ня бачаць, якую ролю ў жыцьці любога чалавека гуляюць нематэрыяльныя рэчы, напрыклад, любоў (якую нельга ніяк памацаць). Ці — маральная падтрымка. Ці — тая «аўра», якой суправаджаецца тваё жыцьцёвае становішча.

Калі ў Луганску пасьля блякады зноў зьявіўся інтэрнэт, і аднавілася зносіны з сябрамі па ўсім сьвеце, адна дзяўчына з Мікалаева напісала мне: «Мы паважаем вас за вашыя пакуты!».

Ня ўсім спадабаецца такая пастаноўка пытаньня. Я, суб’ектыўна, не знаходжу ў становішчы ахвяры нічога, што заслугоўвала б рэспэкт. І ўсё ж такое стаўленьне лепш, чым нянавісьць і абыякавасьць. Паколькі калі няма хлеба, сьвятла, вады, калі бамбяць, і ты не ведаеш, ці скончыцца гэта наагул, табе сапраўды важна ведаць, ці ёсьць за межамі замкнёнага кола людзі, якім ты неабыякавы.

У мяне такія людзі былі, я адчуваў іх маральную падтрымку амаль фізычна. Але гэта былі асабістыя адносіны. А што ў цэлым адчуваў сьвет па адносінах да Данбасу?

«Афіцыйная вэрсія», пацьверджаная шматлікімі пэрсанальнымі запісамі на асабістых старонках, абвяшчала, што астатняя Ўкраіна ненавідзіць Данбас як пагалоўнае зборышча сэпаратыстаў. А Расея — наадварот, усёй душой жадае Данбасу перамагчы, адужаць, атрымаць посьпех у працы і здабыць шчасьце ў асабістым жыцьці.

Аднак, калі ўвосень інфармацыя, нарэшце, стала прасочвацца, высьветлілася, што дадзеныя вэрсіі не зусім дакладныя. Для большасьці расейскага насельніцтва Данбас да таго часу «пратух». Гэта значыць, энэргія ўвагі СМІ, накіраваная на Данбас вясной 2014 года, да восені вычарпалася, і спажыўцы пераключыліся на іншыя мэдыйныя нагоды. Акрамя таго, у калектыўным настроі расейцаў зьявілася нешта новае: у большасьці сваёй абывацелі не абрадаваліся прыезду ўцекачоў.

Аналіз псыхалёгіі абывацеля (яна прыкладна аднолькавая ў любым пункце зямнога шара) не ўваходзіць у мае сёньняшнія задачы. У цэлым: любое масавае ўварваньне іншагародніх або замежнікаў заўсёды ўспрымаецца абывацелямі, як замах на «пірог». Абывацелі пачынаюць будаваць меркаваньні пра тое, што «бюджэт будзе растрачаны на ўцекачоў, самім нічога не застанецца».

З іншага боку, якая б ні была пазыцыя афіцыйнага Кіева да Данбасу, асабістае стаўленьне украінцаў, якія жывуць у Харкаве, Адэсе і іншых рэгіёнах, далёка не заўсёды зь ім супадае.

Наколькі я ведаю, у большасьці выпадкаў перасяленцаў-уцекачоў у гэтых гарадах прынялі добра. Я асабіста знаёмы з людзьмі, якія цалкам нармальна працаўладкаваліся, атрымалі прыдатнае жыльлё.

Але чуў і іншыя гісторыі, напрыклад, пра тое, як у Адэсе мясцовыя жыхары адмаўляліся здаваць уцекачам кватэры ці задзіралі арэндную плату да нябёсаў.

Няма чаго і казаць, што ў шматлікіх выпадках менавіта такія абставіны прывялі да таго, што тыя, хто зьехаў з Луганску, увосень вярнуліся дадому — можа быць, хутчэй, чым хацелі б, і, напэўна, хутчэй, чым наладзілася нармальная жыцьцё ці хаця б зьявіліся для яго перадумовы.

Трэба адзначыць, што ўцекачы прапусьцілі «самае цікавае» і трапілі ў зусім іншы, паралельны сьвет, — ня той, адкуль зьяжджалі. Яны апынуліся цалкам не гатовыя да Луганску, у якім няма пошты, не працуюць банкаматы і супэрмаркеты, ваду трэба здабываць на вадакачках, мабільную сувязь «лавіць» каля кулінарнага тэхнікума, а папаўняць рахунак «ў гэтага вось хлопца», які (адзіны ў Луганску) ўмее гэта рабіць праз адзіны кампутар, які працуе ад генэратара...

Паступова жыцьцё аднаўляецца. Але кагнітыўны дысананс уцекачоў, якія вярнуліся ў горад, нікуды не зьнікае. Вайна падобная да матэматыкі. Калі ты прапусьціў ўрокі ў першай клясе, дык далей ужо незразумела ўсё.

І толькі ў матэматыцы ёсьць усё тое, чаму няма аналягаў у іншых навуках, напрыклад, адмоўныя лікі.

Луганск сёньня — гэта ня той самы горад, што год таму, у якім, напрыклад, стала менш бэнзакалёнак або супэрмаркетаў. Хоць іх менш, але сутнасьць ня ў гэтым.

Гэта — прынцыпова іншай горад, які жыве па зусім іншых законах існаваньня. У ім, напрыклад, нельга проста пайсьці на вакзал, проста купіць квіток і куды-небудзь паехаць. Вакзал ёсьць, але няма цягнікоў. Проста пайсьці ў кавярню і выпіць кавы з сябрамі. Ёсьць і сябры, і кава, але няма кавярні.

Дакладней — адна ёсьць. І я ведаю, дзе яна. Але я не прапускаў урокаў Луганску.

Пётр Іваноў, псыхоляг, горад Луганск.

Тэксты ў рубрыцы "Лісты з акупаванага Данбасу" публікуюцца з захаваньнем асаблівасьцяў аўтарскага стылю і могуць не адлюстроўваць пункт гледжаньня Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG