Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данецк: «Калі грошы — бог»


Новы год на вуліцах Данецку

Новы год на вуліцах Данецку

Радыё Свабода вядзе рубрыку, аўтарамі якой сталі жыхары захопленых прарасейскімі ваеўнікамі раёнаў на ўсходзе Ўкраіны. Піша Эма Магурава, настаўніца з Данецку.

Да вайны і «ДНР» ў Данецку заўсёды быў адзін бог — грошы. Такім, як Ахметаў і Януковіч, тут заўсёды прабачалі тое, што лічыцца грахамі ў іншых рэлігіях.

Мне добра запомнілася размова са знаёмым — карэнным жыхаром Данецку, які апраўдваў агідныя паводзіны свайго дзіцяці ў школе.

«Я задаволены, што ён ня зубрыць і б’ецца на перапынках. Я добра вучыўся, скончыў інстытут, сумленна працаваў і цяпер жыву на „мінімалку“. А ён можа стаць алігархам, такім як Ахметаў», — тлумачыў мой суразмоўца «данецкую мару».

Менавіта грошы для многіх і сталі матывам для падтрымкі «ДНР». І гэта тычыцца ня толькі прасоўваньня «рускага сьвету» за грошы, але і звычайных шахцёраў, якім шкада было дзяліцца падаткамі з «гультаямі» з Львову, і пэнсіянэраў, якія вераць у высокія расейскія пэнсіі.

Але «рэспубліка», захапіўшы горад, прынесла з сабой палітэізм. Данчане пачалі пакланяцца зброі, страху і прапагандзе, а грашовы бог стаміўся іх любіць.

Першымі здаліся банкі. У чэрвені, пасьля сэрыі нападаў на філіялы «Прывату», аддзяленьні большасьці банкаў сышлі ў падпольле. Многія скарацілі працоўны дзень і зачынілі аддзяленьня для іншых кліентаў: у іх можна было зайсьці толькі з картай банка або пасьля тлумачэньня мэты візыту ахоўніку. Спачатку грошы скончыліся ў вулічных банкаматах, але іх яшчэ можна было зьняць у касах або тэрміналах, якія стаяць ўнутры памяшканьняў. Затым перабоі з наяўнымі пачаліся і ў ахоўных філіялах. Тады ў Данецку пачалі вырастаць першыя вялізныя чэргі жадаючых зьняць грошы.

Пераломным момантам стала рабаваньне ў Данецку касы «Прыватбанку». У ліпені днём у цэнтры гораду група аўтаматчыкаў у балаклавах на мікрааўтобусе больш за дзьве гадзіны выносіла мяшкі з наяўнасьцю, пакуль супрацоўнікі касы ляжалі на падлозе, баючыся паварушыцца. Тады яшчэ афіцыйная данецкая міліцыя і ДАІ ачапілі квартал і проста назіралі разам з мінакамі за рабаваньнем.

Памятаю, як на пытаньне «Вы нас ад іх ахоўвалі — ці іх ад нас?», малады міліцыянт вінавата паціснуў плячыма. У яго быў толькі табэльны пісталет і відавочна не было загаду хоць неяк перашкаджаць баявікам. Аўтаматчыкі вынесьлі ў той дзень па афіцыйных падліках больш за 15 мільёнаў грыўняў, а «Прыват» на працягу месяца разьвітаўся з Данецкам назусім.

Але жыхары горада яшчэ верылі ў сваю фінансавую стабільнасьць, спадзеючыся, што з заканчэньнем баёў на месца «Прыватбанку» прыйдуць расійскія банкі. А некаторыя адкрыта радаваліся магчымасьці не пагашаць крэдыты.

Ўсьведамленьне, што фінансавага дабрабыту, як раней, ужо не будзе, прыйшло, калі з банкаў у горадзе застаўся толькі «Ашчадбанк» і зачыніліся амаль усе дарагія буцікі, гандлёвыя цэнтры і модныя рэстараны. А наведвальнікамі тых, якія яшчэ працуюць, сталі людзі са зброяй.

У пэрыяд актыўных абстрэлаў ў горадзе пачалі закрывацца нават маленькія прадуктовыя крамы і аптэкі — у фінансавым пляне вайна мацней за ўсё ўдарыла па малым і сярэднім бізнэсе.

Але сапраўдная паніка захліснула былую дзелавую сталіцу краіны пасьля пастановы Кабміну Ўкраіны аб фактычным спыненьні любой фінансавай дзейнасьці, у тым ліку і выплаты пэнсій на тэрыторыях, падкантрольных баявікам. Каля 200 тысяч і да таго небагатых данецкіх пэнсіянэраў апынуліся на мяжы галечы, а зьберажэньні на банкаўскіх рахунках жыхароў Данецку пагражалі застацца кавалкам бескарыснай плястыкавай карты.

Паколькі зьняць грошы з картак у Данецку ўжо няма дзе, гараджане сталі штурмаваць крамы, дзе была магчымасьць расплаціцца праз тэрміналы. За тыдзень-два людзі спустошылі ўсе крамы бытавой тэхнікі і гіпэрмаркэт «Ашан». На грошы з картак, выстаяўшы ў велізарных чэргах, куплялі ўсё — ад лядоўняў да мяшкоў з цукрам. Цяпер ажыятаж ужо схлынуў — толькі ў некаторых супэрмаркетах працуе па адной касе на краму, дзе можна расплаціцца карткай, астатнія ж чакаюць ад жыхароў наяўных грошай.

Але зь імі цяпер не сьпяшаюцца расставацца, спадзеючыся, што яны дапамогуць ў самыя цяжкія часы, як малітва забытаму богу.

Эма Магурава, настаўніца, горад Данецк

Тэксты ў рубрыцы "Лісты з акупаванага Данбасу" публікуюцца з захаваньнем асаблівасьцяў аўтарскага стылю і могуць не адлюстроўваць пункт гледжаньня Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG