Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 3 студзеня 2015: Баль у Міры; блюз, рок-н-рол і джаз у Віцебску


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Фота дня

Анастасія Арол, Менск, Сухарава, 2014

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 9 на 16. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

У Партрэтнай залі Мірскага замка адбудзецца «Мірскі баль XIX стагодзьдзя». Госьці балю змогуць паўдзельнічаць у танцавальных майстар-клясах, пазнаёміцца з сыстэмай таемных знакаў, якія выкарыстоўвалі мужчыны і жанчыны на балях XIX стагодзьдзя, пагуляць у фанты і паўдзельнічаць у экскурсіі па замку. Дрэс-код балю: мужчыны — клясычныя касьцюмы, жанчыны — бальныя сукенкі, абутак без абцасу. Пачатак у 19.00.

Блюз, рок-н-рол, джаз, майстар-кляс па танцах, жывы гук саксафона, конкурсы і шмат іншых сюрпрызаў у Beatles клюбе «Паддашак» у Віцэбску (вул. Кастрычніцкая, 12). Пачатак у 20.00.

У гісторыі:

У 1925 Бэніта Мусаліні распусьціў італьянскі парлямэнт і абвясьціў сябе дыктатарам, узяўшы тытул «Дучэ».

У памяці:

У 1850 нарадзілася Соф’я Кавалеўская, матэматык і мэханік, пісьменьніца і публіцыстка, першая ў сьвеце жанчына-прафэсар. Яна прыйшла на сьвет у Маскве ў беларускай шляхецкай сям’і Корвін-Крукоўскіх.

У 1905 нарадзіўся Ўладзімер Хадыка, беларускі паэт. У 1937 годзе быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў у Іванаўскім і Марыінскім лягерах. Загінуў у ГУЛагу ў 1940. Рэабілітаваны Прэзыдыюмам Вярхоўнага суду БССР у 1954.

У 1944 нарадзіўся Міхась Раманюк, беларускі этнограф. Заснаваў часопіс «Мастацтва Беларусі» і стаў ягоным першым галоўным рэдактарам. Стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танцу Беларусі. У 1981 годзе выдаў альбом «Беларускае народнае адзеньне», які складаецца з архіўных фотаздымкаў ды фотаздымкаў, зробленых аўтарам падчас экспэдыцыяў 1967-1980 гадоў.

У 1947 нарадзіўся Васіль Гігевіч, беларускі пісьменьнік.

У 1951 памёр Ёсіф Лангбард, самы яркі менскі архітэктар ХХ стагодзьдзя. Опэрны тэатар і Дом ураду, Дом афіцэраў і Акадэмія навук даўно сталі візытоўкамі беларускай сталіцы. Нарадзіўся Лангбард у габрэйскай сям’і ў Бельску на Падляшшы.

Цытата:

Люблю, заўсёды сню і мару,
Шаную цьвет вясны тваей.
Увесь да родных рысаў твару
Штодзень прыростаю мацней.

Штодзень кладу на дальні ўскраек
Зямлі і неба галаву.
Адтуль, сярод блакітных маек
Цябе, нязбыўную, заву.

Уладзімер Хадыка

XS
SM
MD
LG