Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаў больш ня будзе. Ну няхай, у мяне ў шуфлядзе засталося крыху літоўскіх грошай. Можна яшчэ патраціць да сярэдзіны студзеня, потым — ідзі ў банк, мяняй на эўра. ​

Апошнімі гадамі ў некаторых літоўскіх крамах цэны пазначаліся таксама ў эўра. Я гэта бачыў, напрыклад, у кнігарнях. Такім чынам людзей прызвычайвалі да думкі аб будучым далучэньні краіны да зоны агульнаэўрапейскай валюты. Між іншым, у Польшчы сёньня на чэках таксама напісана: можна плаціць у эўра. Зноў жа, у кнігарнях прынамсі. Хаця палякі пакуль не сьпяшаюцца за прыбалтамі.​

Так, літаў больш ня будзе, частка застанецца па кішэнях, на памяць. Так бывала зь іншымі грашыма ў такіх выпадках, з дойчмаркай той жа. На руках засталося шмат. Я, напрыклад, і беларускія грошы з Пагоняй пакінуў сабе. Самай вялікай была купюра дваццацітысячная, памятаю.​

Літ пакідае нам вельмі павучальную гісторыю. Ён праіснаваў два дзесяцігодзьдзі. (Першая эмісія была надрукаваная ў 1993-м). Прычым пачатковы курс чатыры літы за даляр затым палепшыўся: два з паловай. Стабільныя атрымаліся грошы, якімі ўдала замянілі ранейшыя літоўскія грашовыя талёны, адпаведнік беларускіх «зайцоў». А дапамаглі айцы-заснавальнікі першай Літоўскай Рэспублікі, даваеннай. Калі ў 1940-м Сталін заняў яе, залаты запас застаўся за мяжою, перш у Лёндане, Парыжы, а таксама ў Стакгольме (які аддаў золата Літвы СССР — 1250 кг) і ў швэйцарскім банку. Напачатку 1990-х яны вярнулі яго Вільні, падмацаваўшы выхад новага літа. Золата, што засталося (пасьля анэксіі 1940-га) ў Штатах, патраціла на свае патрэбы эміграцыя.

Вядома, што першы літ пачаў абарачэньне з 1922-га. Літоўцы здолелі выбіць зь Леніна кампэнсацыю (1920) за страты, нанесеныя Першай сусьветнай вайной тэрыторыі створанай рэспублікі. Прычым і за беларускія землі таксама грошы атрымалі, за Гарадзеншчыну. Тры мільёны царскіх рублёў золатам, дзьве з паловай тоны. Таму кожны выпушчаны літ падмацоўваўся пятнаццацьцю грамамі золата. Курс тады выглядаў так: дзесяць літаў за даляр. А пасьля крызысу ў Штатах за даляр давалі толькі шэсьць літаў. ​

Калі Чырвоная армія заняла Літву, яе перш парадавалі выдатнай «цукеркай»: аддалі Вільню з ваколіцамі, якія ў даваенны час былі часткай Польшчы. А затым далучылі разам зь Вільняй да СССР. Літы абмянялі на савецкія рублі. За адзін літ бальшавікі давалі толькі дзевяноста капеек, хоць рэальны курс былой літоўскай валюты быў у чатыры-пяць разоў большы. ​

Тыя даваенныя манэты з Пагоняй трапілі мне ў рукі, калі я вучыўся ў Шаўляі. І маркі таксама літоўскія. Тады я яшчэ не падазраваў, што на рыцарскі герб мы таксама маем маральнае права (і гістарычнае, само сабой). У аповесьці Сакрата Яновіча «Сярэбраны яздок» Кастуся Каліноўскага караюць сьмерцю на Лукіскім пляцы ў Вільні, а ў аднаго зь герояў застаецца ў кішэні манэта з рыцарам. Пастарэўшы, ён хоча паказаць яе дзецям. Але яна выпадае з рук і трапляе ў шчыліну паміж масьніцамі. І там застаецца. Нібы да часу. І сапраўды, атрымалі таксама беларусы купюры з Пагоняй. Але ненадоўга. Надрукаваныя сапраўдныя грошы ня трапілі ў банкі, былі зьнішчаныя. А цяперашні рубель так і застаецца зайцам, які ўцякае сам ад сябе…​

А за парогам у яго сёньня паявіўся Эўра. І на манэтах, якія ў кожнай краіне Эўразоны захоўваюць мясцовы калярыт, цяпер адбіта Пагоня. На памяць пра літоўскі літ.

Помнік «доўгатэрміноваму» прэзыдэнту (1926-1940) Антанасу Сьмятону, пры якім быў павялічаны залаты запас Літвы

Помнік «доўгатэрміноваму» прэзыдэнту (1926-1940) Антанасу Сьмятону, пры якім быў павялічаны залаты запас Літвы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG