Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі камусьці зрабілі больш доўгі ланцужок — ня трэба ўспрымаць гэта за свабоду»


Якім быў стан грамадзянскай супольнасьці ў 2014 годзе? Наколькі шырокім быў калідор магчымасьцяў для яе дзейнасьці, ці павялічылася колькасьць затрыманьняў і рэпрэсіяў? Чаму ўлады так і ня выпусьцілі Міколу Статкевіча?

Удзельнікі — намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і Кіраўнік Рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч.

Прапануем вам тэкст перадачы ў скароце. Цалкам перадачу можна паслухаць тут:

Якімі былі посьпехі і няўдачы грамадзянскай супольнасьці ў 2014 годзе?

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Мацкевіч: Можна без усялякіх дасьледаваньняў прызнаць, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі вельмі слабая і не выходзіць за вузкае кола пэўных людзей. Трэці сэктар, альбо сукупнасьць недзяржаўных арганізацыяў (НДА) — гэта ня ёсьць грамадзянская супольнасьць. Грамадзянская супольнасьць — гэта тое, што тычыцца агульных справаў. А НДА, сэктар, які стаў досыць прафэсійным — гэта справа невялічкай колькасьці людзей, нават калі гэта тычыцца вельмі важных і прынцыповых пытаньняў.

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Стэфановіч: Умовы існаваньне грамадзянскай супольнасьці не зьмяніліся, яны абцяжарваюцца рознымі акалічнасьцямі, найперш перасьледам уладаў. У прыватнасьці, мы маем рост колькасьці адміністратыўных затрыманьняў. У 2013 было 172 выпадкі, у 2014 — 253 выпадкаў затрыманьняў, у 2013-м — 11 адміністратыўных судовых працэсаў, у 2014 — 162. У 2013 — 59 адміністратыўных арыштаў, у 2014 — 105. Любая публічная дэманстрацыя сваіх меркаваньняў, спроба выйсьці за нейкае вузкае кола жорстка прасякалася ўладамі.

Гэтая пагаршэньне я б патлумачыў надыходам прэзыдэнцкіх выбараў. Тут можна ўзгадаць і папраўкі ў закон аб СМІ, якія шмат у чым, я думаю, будзе выкарыстоўвацца ў мэтах цэнзураваньня. Таксама — справа Рубцова, новая крымінальная справа ў дачыненьні да палітвязьня Дзядка, высылка Алена Танкачовай.

Чаму ўлада не пайшла на лібэралізацыю?

Мацкевіч: Тыя дзеяньні, якія ўлада робіць, каб стварыць карцінку лібэралізацыі — гэта заўсёды «на продаж». Ніякай сапраўднай лібэралізацыі ніколі не было, у тым ліку ў 2009-10 гадах. Тое сама і зараз, утвараюцца нейкія ўяўныя тэндэнцыі — нібыта беларусізацыя, «лібэралізацыя» — якія не прадугледжваюць удзелу сапраўды незалежных структураў ці грамадзянаў. Наадварот, усё незалежнае ад дзяржавы ад гэтых працэсаў адсоўваецца. Бо ад грамадзянскай супольнасьці яны заўсёды чакаюць непрадказальных, нечаканых дзеяньняў. Сучасныя аўтарытарныя рэжымы даюць пэўны калідор магчымасьцяў для выяўленьне грамадзянскай актыўнасьці, але жорстка кантралююць межы гэтага калідору. Калі камусьці зрабілі больш доўгі ланцужок — ня трэба ўспрымаць гэта за свабоду.

Задачы грамадзянскай супольнасьці

Стэфановіч: Мне здаецца, трэба сыходзіць з таго, што ў краіне ў прынцыпе няма публічнага палітычнага працэсу, канкурэнтнай палітыкі. Таму застаюцца нейкія формы грамадзянскай актыўнасьці. Але пагаджуся з Мацкевічам — гэта застаецца ўсё ў кантраляваным коле, выйсьці зь якога досыць складана. Бо збольшага ўладам грамадзянская супольнасьць проста не патрэбная. Таму ў грамадзянскай супольнасьці існуе пэўная самацэнзура.

Мацкевіч: Ёсьць 4 пункты, якія я сам раблю. Па-першае, трэба засяродзіць увагу на разьвіцьці самой грамадзянскай супольнасьці, яе структураў, магчымасьцяў. Па-другое, заўсёды застаецца магчымасьць адукацыі і самаадукацыі. Па-трэцяе, накірункам разьвіцьця павінна стаць радыкалізацыя — мы павінны патрабаваць большага. Па-чацьвёртае, трэба разумець, што ўсе нашы праблемы маюць палітычныя перашкоды, яны ўпіраюцца ў палітычныя пытаньні.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG