Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бамжы распавялі пра свае навагоднія жаданьні: «Мне хочацца цеплыні, памыцца, пераапрануцца і паесьці»


Бомж Юры Іванавіч
Бомж Юры Іванавіч

Навагоднія сьвяты па-свойму адзначылі і тыя, хто ня мае ў жыцьці сталага прытулку — бяздомныя. І хоць прыход навагодзьдзя бадзягі сустракаюць сваімі будзённымі клопатамі, яно і для іх час чаканьня цуду. Іхныя жаданьні прыземленыя — пазбаўленыя навагодняга пафасу.

Герой шэрагу свабодаўскіх сюжэтаў магілёўскі бадзяга Юры Іванавіч у апошні дзень прамінулага году адзначыў 76-годзьдзе. З бэтоннай трубы, у якой жыў цэлы год, стары перабраўся ў іншы цяплейшы прытулак. Кажа, што жаданьняў у яго шмат, аднак сумняваецца, што хоць адно споўніцца. Хацеў бы, прызнаецца, у новым годзе звычайнага жыцьця:

«Не такога вось майго жыцьця, а звычайнага. Як у людзей!, — тлумачыць. — я ўжо дваццаць чатыры гады боўтаюся. Якое ў мяне шчасьце? Да ста гадоў жыць не хачу. Да васьмідзесяці — мне больш і ня трэба. Тры-чатыры гады я б ужо пражыў, і ладна. Грошай я баюся. Мне яны патрэбныя, але толькі троху. Я пятнаццаць гадоў пэнсіі не атрымліваю, дык у мяне б, каб аддалі, быў бы мільярд. А куды б я яго падзеў? Напэўна, прапіў бы ўсё».

Юры Іванавіч чакае сына і ўнука. Яны, кажа, зьмянілі месца жыхарства і цяпер адшукаць іх ён ня можа. Спадзяецца, што некалі яго прыйдуць праведаць. Навагодзьдзе стары зьбіраўся адзначыць звычайна. Калі пашанцуе, казаў, будзе што выпіць і закусіць. Цяпер ён не самотны. Зь ім жыве кот.

Бомж Альбэрт
Бомж Альбэрт

Сямідзесяцісямігадовы Альбэрт — інвалід другой групы. Ходзіць на мыліцах. Улетку жыве ля бакаў са сьмецьцем. Леташнюю сьцюжу перабываў пад бальконам дому ў адным са спальных раёнах Магілёва. Прыглядзець старога няма каму. Сваіх дзяцей у яго няма. Пакуль зіма, Альбэрта пускае да сябе такі ж інвалід.

У мяне жаданьне памерці хутчэй. Я ўжо стаміўся. Ні пэнсіі ў мяне, ні дакумэнтаў.

«Ён такі, як і я, з палкамі ходзіць. Яму семдзесят тры гады. Адзін жыве ў аднапакаёвай кватэры. У мяне сястра ёсьць — восемдзесят адзін год. Ляжыць на ложку. Сын яе даглядае. Я ж сорак гадоў у турмах адседзеў. Зь дзяцінства, — апавядае пра жыцьцё Альбэрт. — У мяне жаданьне памерці хутчэй. Я ўжо стаміўся. Ні пэнсіі ў мяне, ні дакумэнтаў. А пэнсія ў мяне была б добрая. Я зваршчыкам рабіў».

Як зазначае Альбэрт, людзі да яго ставяцца добра. Дапамагаюць капейчынай ды ядой. На раство і навагодзьдзе стараюцца і яму зрабіць сьвята. Наагул, даводзіць ён, на гэтыя сьвяты народ становіцца зычлівейшым.

Ігар і Віктар пераднавагодні вечар правялі ў пошуках сваёй бадзяжнай удачы. Ігар, сярэдняга веку мужчына, выглядае закаранелым бамжом. Шчарбаты рот, адзежа са сьметніцы. Ён першы агучвае свае жаданьні ў новым годзе: «Выпіў бы сотку. Паесьці знайшоў бы на сьметніцы. Нехта мо і пачастуе і грошы дасьць».

Я рабацяга. Але ж я сам дайшоў да такога стану. Быў я і месцах аддаленых. А пасьля таго, як адседзеў, стаў нікому не патрэбны.

Віктар таго ж, як і Ігар, веку выглядае больш дагледжана. Свайго бадзяжнага сучаснага саромеецца. Жаданьні мае іншыя:

«Мне хочацца цеплыні. Памыцца. Пераапрануцца і, каб было паесьці, — кажа пра свае чаканьні Віктар. — Выпіць хочацца, калі дужа холадна. У мяне рукі ёсьць. Я рабацяга. Але ж я сам дайшоў да такога стану. Быў я і месцах аддаленых. А пасьля таго, як адседзеў, стаў нікому не патрэбны. Так у жыцьці нехта пончык есьць, а ты сьлінкі глытаеш».

Ля праваслаўнай царквы Трох сьвяціцеляў штодзень просяць міласьціну не вялікімі грамадкамі абяздоленыя. Жабруюць ля ўваходу ў храм. Ня ўсе зь іх пагаджаюцца на гутарку. Саракагадовы мужчына з кійком пагадзіўся. Прызнаўся, што бяздомны і інвалід. Тут жа выказаў сваю крыўду:

Не хаваў: калі ня ўдасца набыць «чарніла», задаволяцца «чыфірам» і небагатым навагоднім сталом. Перакананы, што сустрэча новага году мае быць вясёлым сьвятам

«Дзяржава дужа кепска ставіцца да інвалідаў. Відаць, ня хоча імі займацца. У мяне абмарожаныя ногі, і нідзе мяне на працу не бяруць. Як убачаць, што на мыліцах, дык і ўсё. А я ж прафэсійны зваршчык. Ды многія б пацягнуліся б, каб бралі на працу, а так, як убачаць, што з кійком ці мыліцамі, дык нікому мы і ня трэба».

Суразмоўца кажа, што бамжуе больш за год. Новы год зьбіраўся сустрэць у свайго сябра. Не хаваў: калі ня ўдасца набыць «чарніла», задаволяцца «чыфірам» і небагатым навагоднім сталом. Перакананы, што сустрэча новага году мае быць вясёлым сьвятам:

«І каб людзі адно да аднаго цягнуліся і, каб адно аднаго віншавалі ў новы год, ды, каб ва ўсіх было шчасьце. І, каб ня мерзьлі, як мы, жабракі. Вось тут просім капейчыну, каб на яе неяк пражыць ды сустрэць Новы год — яго адзначыць хоць гарачай гарбатай».​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG