Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заяўляюць, што ў Кіеве зноў напалі на журналістаў LifeNews


Абуральным фактам перасьледу, на які павінна адрэагаваць міжнародная журналісцкая супольнасьць, назвала інцыдэнт, які нібыта адбыўся ў Кіеве 1 студзеня, намесьнік Дэпартамэнту друку МЗС Расеі Марыя Захарава.

Па паведамленьні тэлеканалу LifeNews, неўпаўнаважаныя асобы напалі на іх журналістку Жану Карпенку і апэратарку Аляксандру Ульянаву падчас шэсьця нацыяналістаў у Кіеве. Зламысьнікі, як сьцьвярджаюць у LifeNews, штурхнулі журналістку і адабралі ў яе тэлефон, а ў апэратара забралі і разьбілі камэру.

Расейская чыноўніца таксама сьцьвярджае, што Карпенка і Ульянава зьвярталіся да ўкраінскіх сілавікоў, якія ахоўвалі мерапрыемства, але тыя рэагаваць на інцыдэнт адмовіліся.

Прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў Украіны пакуль не камэнтавалі заявы расейскага боку.

У лістападзе іншая карэспандэнтка LifeNews Яўгенія Зманоўская заяўляла, што ў Кіеве каля палаца «Ўкраіна», дзе праходзіў канцэрт сьпявачкі Ані Лорак, яе зьбілі ўкраінскія журналісты, і тады міліцыя таксама не адрэагавала на інцыдэнт.

Украіна забараніла вяшчаньне 14 расейскіх тэлеканалаў, сярод якіх і LifeNews, абвінаваціўшы іх у распаўсюдзе прапаганды вайны.

1 студзеня ў Кіеве ўшанавалі 106-ю гадавіну з дня нараджэньня правадыра АУН Сьцяпана Бандэры. Актывісты правялі шэсьце ад парку імя Тараса Шаўчэнкі да плошчы Незалежнасьці. У акцыі ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG