Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова ў Савеце Рэспублікі. Што думаюць «сэнатары» аб разьвіцьці мовы?


У папярэдніх публікацыях я распавядаў аб тым, што думаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пра беларускую мову.

Але ёсьць яшчэ і Савет Рэспублікі, старшынём якога нядаўна прызначылі Мясьніковіча. У Савет Рэспублікі ўваходзяць 64 дэпутаты. Хаця сёньня туды прызначаныя толькі 56 сябраў.

Але нават тыя, што прызначаныя ці абраныя, не выконваюць свае абавязкі і пазбаўленыя дэпутацкага імунітэту, як напрыклад, Ганна Шарэйка і Віктар Кастагораў, супраць якіх узбуджаныя крымінальныя справы. У Кастагорава яшчэ, як паведамлялася, і пашпарт грамадзяніна Расеі знайшлі.

У кантэксьце ўкраінскіх падзеяў, калі пасьля зьвяржэньня рэжыму Януковіча высьветлілася, што шмат высокапастаўленых чыноўнікаў мелі пашпарты Расеі і працавалі супраць Украіны, гэта ўжо не зьдзіўляе. Але гэта тэма для асобнай размовы. Вернемся да тых дэпутатаў, якія выконваюць свае абавязкі, ды паглядзім, як яны ставяцца да беларускай мовы і культуры.

Трэба заўважыць, што ў адрозьненьне ад сайту Палаты прадстаўнікоў, які мае беларускую вэрсію сайту, Савет Рэспублікі беларускай вэрсіі сайту ня мае, што ўжо аб нечым можа казаць.

Сябра пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савету Рэспублікі Юры Аляксей, вылучаны ад Карэліцкага, Наваградзкага і Шчучынскага раёнаў, паведаміў:

«У цяперашні час у Беларусі прымаецца шэраг мер, якія накіраваны на папулярызацыю і развіццё беларускай мовы. Так, па ініцыятыве Міністэрства культуры распрацаваны і зацверджаны ўрадам план мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства. Гэты ж падыход закладзены ў праграме ўрада на 2011-2015 гады.​

Указам прэзідэнта 2012 год быў абвешчаны „Годам кнігі“. У межах „Года кнігі“ быў рэалізаваны шэраг праектаў, накіраваных на папулярызацыю і развіццё беларускай мовы.

Акрамя таго, уся сістэма дзейнасці Міністэрства культуры накіравана на падтрымку і папулярызацыю беларускай мовы. Заканадаўчая і нараматыўная база ў сферы культуры распрацавана і прынята на беларускай мове.»

Вельмі добра ўсё выглядае па словах Юрыя Мар’янавіча зь беларускай мовай у Беларусі. Толькі вось дзеяньне праграмы, на якую ён спасылаецца, ужо сканчваецца, а нейкіх істотных захадаў, накіраваных на пашырэньне выкарыстаньня беларускай мовы, не назіраецца. Магчыма, у 2015 годзе нейкі прарыў і адбудзецца, але гэта сумнеўна. Цікава і тое, што сябра камісіі па дзяржаўным будаўніцтве так шмат у сваім лісце апісвае тое, што робіць міністэрства культуры — можа ня ў тую камісію запісаўся? Добра, што заканадаўства у сфэры культуры распрацавана на беларускай мове, але як жа іншыя, ня менш важныя сфэры жыцьця?

Юры Аляксей дадае:

«Вашы прапановы з мэтай унясення зменаў у закон «Аб мовах» былі дэталёва прапрацаваны. У адпаведнасці з артыкулам 50 Канстытуцыі «кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін».

На падставе вышэйпададзенага, мяркую, што няма неабходнасці ўносіць змены з закон «Аб мовах».

Вось і адказ на пытаньне, па якім прынцыпе ў нас ідзе дзяржаўнае будаўніцтва: неабходнасьці пашыраць беларускую мову і культуру ў Беларусі няма.

Былы старшыня Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, намесьнік старшыні пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі па рэгіянальным разьвіцьці і мясцовым кіраваньні Мікалай Ладуцька ад адказу сышоў, выкарыстаўшы фармальныя заканадаўчыя падставы:

«У адпаведнасці з артыкулам 41 закона „Аб Нацыянальным сходзе“ старшыня Мінскага гарвыканкаму і члены Савета Рэспублікі правам заканадаўчай ініцыятывы не валодаюць».

Так, не валодаюць, але ж законапраекты выносяць да разгляду і за іх галасуюць, таму сваё меркаваньне Ладуцька, думаю, і наконт беларускай мовы мае. Але вырашыў схітраваць — хто ведае, які адказ у будучыні можа правільным аказацца. Хітрасьць для чыноўніка — рэч у Беларусі неабходная, але галоўнае — зь ёй не перагуляць.

Сябра пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным разьвіцьці, урач-кардыёляг Анжаліка Дарагакупец, вылучаная ў Савет Рэспублікі ад Брагінскага, Хойніцкага і Лоеўскага раёнаў была ляканічнай:

«Мной рассмотрено Ваше письменное обращение и я считаю, что Ваши предложения, для внесения в закон „О языках“ на мой взгляд нецелесообразны.»

Вось такія людзі займаюцца разьвіцьцём беларускай культуры. Па-першае, прозьвішчы не перакладаюцца. Па-другое, нават па-беларуску спадарыня Дарагакупец напісаць ня здолела, хаця гэта патрабаваньне закону «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў». Такая вось культурка.

Яшчэ адзін сябра камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным разьвіцьці, хірург Уладзімір Плыткевіч, вылучаны ад Аршанскага і Талачынскага раёнаў паведаміў:

«Прапанаваныя Вамі змяненні абавязковага адначасовага ўжывання абедзвюх дзяржаўных моў запатрабуюць павелічэння працоўнага часу, памераў справаводства, дадатковых матэрыяльных сродкаў у розных галінах гаспадаркі.​

Таксама хачу адзначыць, што праца ў выбарчай акрузе з жыхарамі нашай краіны, дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў сведчыць аб адсутнасці якіх-небудзь складанасцей у жыцці насельніцтва ў сувязі з дзейнічаючым законам „Аб мовах“.

Таму ўнясенне прапанаваных Вамі змяненняў у закон лічу немэтазгодным.»

Тое, што ў камісіі па культуры лічаць немэтазгодным развіваць беларускую мову і культуру, я ўжо зразумеў з адказу Дарагакупец — відаць, палітыка ў камісіі такая. Цікавым выглядае толькі абгрунтаваньне, чаму беларускую мову разьвіваць немэтазгодна, бо дужа наданазначная фармулёўка, на якую спасылаецца Плыткевіч, выглядае: «з жыхарамі нашай краіны, дэпутатамі Мясцовых саветаў дэпутатаў сведчыць аб адсутнасці якіх-небудзь складанасцей у жыцці насельніцтва». Відаць, тут развмова ідзе, што працуе Плыткевіч толькі з членамі мясцовых Саветаў, для якіх закон «Аб мовах» і так добра функцыянуе. Упэўнены, што ім сапраўды так зручна — не сустракаў яшчэ такога чыноўніка ў Беларусі, якому б зручна не было. Але можа, трэба паразмаўляць і з жыхарамі раёнаў, ад якіх цябе вылучылі — упэнены, што ў іх будуць і супрацьлеглыя меркаваньні.

Дарэчы, цікавым выглядае і тое, што ў нас культурай займаюцца мэдыкі, а мэдыцынай, відаць, настаўнікі будуць займацца. Таму няма чаго зьдзіўляцца, што ў нас робіцца ў адукацыі і мэдыцыне.

Намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы, старшыня рады дырэктароў «Амкадора», самы багаты беларускі «сэнатар» Аляксандр Шакуцін паведаміў наступнае (арфаграфія захавана):

«У сувязі з тым, што пытаннямі выкарыстання моў у Беларусі займаецца Камісія па адукацыі, навуке, культуры і сацыяльнаму развіццю, Вашыя прапановы былі накіраваны ў бок гэтай Камісіі з пажаданнем прыняць рашэнне аб разгледжванні пытанняў у межах наступнай сесіі Савета Рэспублікі».

Інтэрнэт-тролям трэба павучыцца ў Шакуціна. Што адказалі ва ўзгаданай камісіі, куды мяне паслаў Шакуцін, ужо вядома.

Але трэба аддаць належнае, гэтым ня скончылася, і ён выказаў сваю пазыцыю па пытаньні:

«З майго пункту гледжання, сёння ў Беларусі на заканадаўчым узроўне руская і беларуская мова з’яўляюцца раўнапраўнымі. Гэта падкрэслівае закон „Аб мовах“, калі амаль у кожным артыкуле паміж словамі руская — беларуская мовы стаіць і/або, што дае кожнаму грамадзяніну і кожнай установе магчымасць выбара.

Напрыклад, калі Вы жадаеце карыстацца беларускай мовай, Вы пішаце мне ліст менавіта на беларускай. І я ў знак павагі да Вас адказваю таксама па-беларуску. Кожны з нас робіць свой выбар, якой мовай карыстацца.»

Вядома, тое, што акцыянэр прадпрыемства, якое за год мае прыбытку па некалькі мільёнаў даляраў, адносіцца да цябе з павагай, выклікае ўзаемную павагу. Але ўсё ж трэба памятаць, што закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» мае норму, паводле якой адказ на зварот павінен давацца на мове звароту. То бок на беларускамоўны зварот — па-беларуску. Тым жа Бузоўскаму і Дарагакупец парушыць закон нічога не перашкодзіла, як і выказаць непавагу да мяне і беларускай мовы таксама.

Тым ня менш, пытаньне ў тым, што згаданы Шакуціным прыклад хоць і добры, але не карэктны, бо тут чалавек мае гарантаванае законам права на афіцыйную перапіску па-беларуску, у адрозьненьне ад іншых нормаў закону «Аб мовах», які такога не прадугледжвае.

Ігар Бузоўскі
Ігар Бузоўскі

Намесьнік старшыні ўсё той жа камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным разьвіцьці, псыхоляг Ігар Бузоўскі, які скончыў Расейскую акадэмію дзяржаўнага кіраваньня пры прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі і зьяўляецца першым сакратаром Цэнтральнага камітэту БРСМ, паведаміў:

«Рассмотрев Ваше обращение в отношении законодательной инициативы по внесению изменений в Закон „О языках“ хотелось бы поблагодарить Вас за активную позицию и неравнодушное отношение к развитию и популяризации белорусского языка.

В рамках компетенции представленные Вами материалы будут использованы для проработки и совершенствования законодательной базы а отношении популяризации и развития белорусского языка.»

Спадзяюся, так яно і будзе, хаця на фоне яго заявы аб тым, што «мы не адказваем па-беларуску — гэта прынцыповая пазыцыя» вельмі сумнеўна. Дарэчы, Бузоўскі сваім прынцыпам ня здрадзіў і адказ даваў па-расейску.

Так ці інакш, з адказаў сябраў Савету Рэспублікі можна зразумець, што моўная сытуацыя ў вышэйшай палаце так званага парлямэнту такая ж, як і ў Палаце прадстаўнікоў.

І ўзьнікаюць лягічныя думкі — ці толькі ў Кастагорава расейскі пашпарт прыхаваны?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG