Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2014 быў годам, калі сродкі расейскай прапаганды рэзка актывізаваліся па-за межамі Расеі. Калі ўнутры краіны Крэмль імкнецца пераканаць аўдыторыю, якая ня мае іншага мэдыяльнага выбару, то за мяжой ён ставіць перад сабой задачу заблытаць людзей.

У Адэсе 2 траўня лекар адчайна спрабуе выратаваць прарасейскіх дэманстрантаў, якія апынуліся ў пастцы ў сядзібе прафсаюзаў ўкраінскага гораду – больш за 40 зь іх загінуць.

«Як доктар, я пасьпяшаўся дапамагчы аднаму зь іх, якога можна было выратаваць, але мяне спынілі праўкраінскія радыкалы-нацысты,» – піша ён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, выкарыстоўваючы абразьлівы зварот, які нястомна паўтараюць расейскія грамадзкія дзеячы і сродкі масавай інфармацыі, каб апісаць новых кіраўнікоў Украіны, якія прыйшлі ва ўладу пасьля сыходу прэзыдэнта Віктара Януковіча ў лютым. «Адзін зь іх груба адсунуў мяне ў бок, паабяцаўшы, што хутка мне і іншых габрэяў Адэсы напаткае такі самы лёс».

Захапляльнае апісаньне, але – хлусьлівае. «Доктара» з Адэсы не існавала. Чалавек, які апублікаваў гэтую гісторыю, выкарыстаў фатаграфію стаматоляга, які знаходзіўся за 2000 кілямэтраў ад Адэсы, у Карачаева-Чаркескай рэспубліцы. Тая старонка ў Фэйсбуку потым зьнікла.

Але нягледзячы на гэта, публікацыя шырока распаўсюджвалася ў інтэрнэце, трапіла ў вядучыя заходнія СМІ і была выкарыстаная ў артыкуле журналіста Джона Пілгера ў газеце The Guardian.

2014 стаў годам, калі фінансаваныя Крамлём СМІ пачалі дзейнічаць глябальна. У Расеі дзяржаўнае тэлебачаньне намалявала карціну помсьлівага і амаральнага Захаду, які небясьпечна замахваецца на «гістарычную» сфэру ўплыву Расеі. Масква пашырыла вяшчаньне СМІ на замежных мовах, такіх як Russia Today, і стварыла новае інфармацыйнае агенцтва, каб выклікаць, як некаторыя кажуць, новую «інфармацыйную вайну».

Застаецца незразумелым, ці «доктар» з Адэсы зьяўляецца чыста інтэрнэтаўскай фабрыкацыяй ці вынікам працы штораз большай лічбы «інтэрнэт-троляў», якіх фінансуе Расея. Але для расейскіх дзяржаўных СМІ, якія, як падаецца, спакойна паўтараюць інтэрнэт-чуткі або ствараюць свае, магчыма, гэткае адрозьненьне ня мае значэньня.

У 2014 годзе пастаянны глядач аднаго з трох галоўных дзяржаўных тэлеканалаў Расеі мог даведацца, што ўкраінскія салдаты ўкрыжавалі трохгадовага хлопчыка на плошчы ў горадзе Славянску; або што будуюцца нацысцкія канцлягеры для таго, каб трымаць рускамоўных на ўсходзе Украіны; або што высокапастаўленыя ўкраінскія чыноўнікі знаходзяцца ў змове з сатаністамі.

Гэтыя гісторыі сфабрыкаваныя, але прыблізна 50 адсоткаў расейцаў – сярод якіх амаль 94% чэрпае навіны з тэлебачаньня – кажуць, што давяраюць дзяржаўнаму тэлебачаньні больш, чым якой-небудзь іншай крыніцы, паводле апытаньня, апублікаванага незалежным цэнтрам «Левада» ў пачатку гэтага году (наступнымі надзейнымі крыніцамі інфармацыі былі сябры, сям’я і суседзі, 20%).

Андрэй Кандрашоў, вядучы расейскага дзяржаўнага тэлеканалу «Расея», з гонарам тлумачыў ролю дзяржаўных СМІ ў зьліцьці журналістыкі і дзяржаўных паведамленьняў: «Я б ня стаў праводзіць рэзкую мяжу паміж гэтымі дзьвюма паняцьцямі, таму што ў часе, калі існуе рэальнае супрацьстаяньне дзьвюх сыстэмаў, дзьвюх розных цывілізацый, ніхто не зьбіраецца аддзяляць адно ад аднаго зусім, таму што ўсе ператвараецца ў адзінае цэлае. Цяпер любая прапаганда ў СМІ – гэта і ёсьць, уласна, журналістыка» – сказаў Кандрашоў.

Дзяржаўнае бачаньне падзей доўгі час дамінавала ўнутры краіны, але паколькі адносіны паміж Расеяй і Захадам апынуліся ў найгоршым крызысе з часоў распаду Савецкага Саюзу, Масква таксама праявіла цікавасьць да павелічэньня вяшчаньня і на Захадзе. У лістападзе галоўны прапагандыст краіны Дзьмітрый Кісялёў, які ў пачатку гэтага году падчас папулярнай штотыднёвай праграмы папярэдзіў, што Расея зьяўляецца адзінай краінай у сьвеце, якая можа ператварыць ЗША ў «радыёактыўны пыл», запусьціў агенцтва навінаў «Спутнік». Паводле яго словаў, «Спутнік» будзе трансьлявацца на 30 мовах у 34 краінах да канца 2015 году.

Бюджэт пракрамлёўскага міжнароднага тэлебачаньня RT, раней вядомага як Russia Today, павялічыцца да 280 мільёнаў даляраў ЗША ў наступным годзе.

Гэтыя СМІ не імкнуцца «пераканаць або ўгаварыць, але будуць трымаць гледача адасобленым, пасіўным і параноідным, а не заахвочваць яго да дзеяньня», кажуць Пітэр Памяранцаў і Майкл Вайс у сваім дакладзе «Пагроза нерэальнасьці», падрыхтаваным для Прынстанскага унівэрсытэту ў Нью-Джэрсі.

Тым ня менш, некаторыя задаюцца пытаньнем, наколькі эфэктыўнымі зьяўляюцца стараньні Крамля за мяжой. «Я думаю, што людзі, якія называюць гэта рэальнай небясьпекай – панікёры» – кажа Кевін Ротрак, галоўны рэдактар выданьня «Рэха Рунэту», якое назірае за тым, што адбываецца ў расейскамоўным інтэрнэце. «Калі справа даходзіць да рэальнай колькаснай ацэнкі сілы або ўплыву такога роду прапаганды, ніхто не зрабіў гэта для мяне пераканаўчым чынам».

Хоць RT ганарыцца тым, што яго вяшчаньне даступнае на больш чым 630 мільёнах тэлевізараў па ўсім сьвеце, інфармацыю пра рэальную колькасьць аўдыторыі немагчыма знайсьці, таму што дадзеных па гэтым пытаньні вельмі мала.

Але Памяранцаў і Вайс прыводзяць асьвятленьне падзей вакол крушэньня самалёта малайзійскіх авіяліній MH17 ў ліпені сёлета, каб праілюстраваць, як можа працаваць стратэгія Масквы.

Існуюць пераканаўчыя доказы, што ў прарасейскіх сэпаратыстаў была ракетная пускавая ўстаноўка БУК, якую, як мяркуюць, выкарыстоўвалі для таго, каб зьбіць самалёт. Падчас крушэньня загінулі ўсе 298 пасажыраў і члены экіпажу. Але, на чале з RT, расейскія інфармацыйныя агенцтвы працавалі, каб пасеяць сумнеў на Захадзе, перадаючы шэраг лёгка абвяргальных тэорый, якія зьвязваюць зьбіцьцё з Захадам і Украінай.

Намаганьні відавочна не былі накіраваны на тое, каб пераканаць выпадковых гледачоў, што адзін ці іншы бок адказны за крушэньне самалёта; мэтай, хутчэй за ўсё, было навязваньне думкі аб тым, што катастрофа застаецца нявырашаным пытаньнем. Ад сакавіка, калі Расея анэксавала ўкраінскі Крым, былі некалькі дробных спробаў выказаць нязгоду з намаганьнямі Масквы. Яўген Федчанка, дырэктар школы журналістыкі імя Магілы ў Кіеве, стварыў англа-расейска-ўкраінскамоўны сайт stopfake.org, каб «абвергнуць скажоныя зьвесткі і прапаганду пра падзеі ва Ўкраіне». Ён кажа, што такія сайты не павінны імкнуцца «канкураваць з расейскай прапагандысцкай машынай», яны павінны, у меру магчымасьці, паведамляць навіны ў многіх месцах.

Памяранцаў і Вайс заклікаюць стварыць буйную, каардынаваную стратэгію, якая ўключала б у сябе «статут аб дэзінфармацыі» і «рэдактараў супраць дэзінфармацыі» для таго, каб выказаць нязгоду, як яны гэта называюць, зь «мілітарызацыяй інфармацыі» Крамля. «Перад намі паўстала праблема, з якой мы раней не сутыкаліся. І я вымушаны сказаць, што рэжым Пуціна і яго сурагаты сталі неверагодна ўмелымі майстрамі ў гэтай гульні» – сказаў Вайс расейскай рэдакцыі Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG