Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карупцыю стварае празьмерная прысутнасьць дзяржавы ва ўсіх сфэрах»


У 2014 годзе ўлада спрабавала даказаць, што яна актывізуе барацьбу з карупцыяй. Ці Аляксандар Лукашэнка сапраўды адчувае пагрозу з боку карупцыі для дзяржаўных структураў? У якіх сфэрах карупцыя найбольш распаўсюджаная і ці стане барацьба зь ёй актуальным лёзунгам прэзыдэнцкай кампаніі?

Адказваюць галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Ежедневнік» Сяргей Сацук і Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Прапануем вам тэкст перадачы ў скароце. Цалкам перадачу можна паслухаць тут.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:36 0:00
Наўпроставы лінк
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:07 0:00
Наўпроставы лінк

Ці сапраўды ўлада рэальна змагаецца з карупцыяй?

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Лябедзька: Шырокай грамадзкай дыскусіі на тэму карупцыі ў 2014 годзе не было — улада ў гэтым не зацікаўленая. Прыхільнікі пераменаў спрабуюць паставіць гэтую праблему ў парадак дня. Карупцыйны складальнік у Беларусі — 28-30 мільярдаў даляраў, велізарнейшыя грошы. Ва ўлады і прыхільнікаў пераменаў у гэтай тэме розныя мэты і задачы.

Сацук: У 2014 годзе ішло далейшае ўзмацненьне «папяровай» барацьбы з карупцыяй на шкоду рэальнай. Пра новыя папраўкі ў закон было аб’яўлена, што там нібыта прайшло грамадзкае абмеркаваньне. На самой справе ніякага абмеркаваньня я ня ўбачыў. Пракуратура заявіла пра 200 ініцыятываў ад грамадзян і грамадзкіх арганізацыяй, але агучаныя былі толькі 2-3. Таму я лічу, што сытуацыя з карупцыяй на самой справе пагаршаецца.

У Беларусі створаная цэлая карупцыйная сыстэма. Папраўкі ў закон уносяць тыя, хто сам замешаны ў карупцыі. Якраз рэальныя зьмены ў заканадаўства можна было б унесьці, калі б было шырокае грамадзкае абмеркаваньне.

Лябедзька: У 1994 годзе Аляксандар Лукашэнка насамрэч быў змагаром з карупцыяй. А сёньня ён стваральнік і архітэктар той карупцыйнай сыстэмы, якая камфортна пачувае сябе ў краіне. Што тычыцца пагрозы з боку карупцыі для ўлады, то тут Лукашэнка мае рацыю, калі кажа пра гэта. Але той набор інструмэнтаў, якія прапаноўвае ўлада для барацьбы з карупцыяй, цалкам неэфэктыўны.

Карупцыю стварае празьмерная прысутнасьць дзяржавы ва ўсіх сфэрах — чым больш чыноўнікаў, тым больш карупцыі. Калі ў краіне няма парлямэнту, то няма і парлямэнцкага кантролю. Калі грамадзтва не выконвае функцыю кантролю за карупцыяй, то ніякі кантроль над ёй ня можа быць эфэктыўным.

Ці варта змагацца з «побытавай» карупцыяй?

Сяргей Сацук
Сяргей Сацук

Сацук: Вось дзе адбылося ўзмацненьне барацьбы з карупцыяй — дык гэта «ў нізах». Дактары, выкладчыкі, ЖЭСы — тут барацьбы шмат. Змагацца можа і трэба, але трэба разумець розьніцу, калі выкладчык бярэ хабар 20 даляраў, ці калі на вярхах даюць мільённыя хабары. Дастаткова, каб таго выкладчыка звольнілі без прыцягненьня праваахоўных органаў. Што да вярхоў, то тут я згоды з Анатолем. Як можна эфэктыўна змагацца з карупцыяй, калі няма незалежнай судовай сыстэмы? Калі па званку з Адміністрацыі прэзыдэнта рашаюцца судовыя справы.

Лябедзька: Ёсьць тры ўзроўні карупцыі: побытавая (адукацыя, ахова здароўя, працоўныя месцы), потым — дзяржава і бізнэс, і трэцяе — карупцыя высокага ўзроўню. Перш за ўсё трэба змагацца з ёй. Калі няма кантролю над чыноўнікам, які праз свае рукі прапускае 31 мільярд даляраў — то гэта найвялікшая праблема для дзяржавы. Найбольш карупцыйныя зоны — дастаўка і перапрацоўка нафты, будаўніцтва і сельская гаспадарка.

Ці стане карупцыя істотнай тэмай падчас прэзыдэнцкай кампаніі?

Сацук: Непазьбежна стане. Па-першае, трэба знайсьці вінаватых ў эканамічных праблемах. Па-другое, барацьба з карупцыяй — традыцыйны канёк Лукашэнкі. Таму ў 2015-ым мы пабачым шмат гучных справаў і новыя папраўкі ў заканадаўства.

Лябедзька: 11 палітычных і грамадзка-палітычных структураў выпрацавалі агульную пазыцыю — «Антыкарупцыйная плятформа». Шмат залежыць ад таго, наколькі нам удасца арганізаваць шырокую грамадзкую дыскусію. Трэба рабіць усё, каб гэтая тэма была ў парадку дня Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG