Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уласная пастка Ўладзімера Пуціна


Амэрыканскія экспэрты пра будучыню Уладзімера Пуціна і пра адносіны Расеі і ЗША ў 2015 годзе

Захаваньне рэжыму санкцыяў і далейшыя сваркі — гэтымі тэндэнцыямі будуць вызначацца амэрыкана-расейскія адносіны ў наступным годзе, прадказваюць амэрыканскія назіральнікі. Але застаюцца адкрытымі пытаньні, як далёка можа зайсьці Вашынгтон у падтрымцы Кіева і наколькі эфэктыўнымі будуць санкцыі.

Вынясеньне прысуду братам Навальным стала для амэрыканскіх камэнтатараў сымбалічнай кропкай адліку новага году амэрыкана-расейскіх адносінаў. «Некалькі тысячаў пратэстоўцаў выйшлі ў аўторак увечары на плошчу побач з Крамлём, нягледзячы на паліцэйскія бар’еры і жорсткі холад, — піша ў рэдакцыйным артыкуле газэта The Washington post. — „Усіх не перасаджаеце!“ — выкрыквалі дэманстранты. Ня выключана, што гэты лёзунг будзе перасьледаваць Уладзімера Пуціна ў 2015 годзе. Расейскі Цэнтральны банк прадказвае рэзкі эканамічны спад у бліжэйшыя месяцы ў выніку падзеньня коштаў на нафту і заходніх санкцыяў. Спроба ўтрымаць Крым і прадухіленьне паразы марыянэткавых „паўстанцкіх“ рухаў ва Ўкраіне абыдзецца расейскаму кіраўніку вельмі дорага: і ў рублях і, хутчэй за ўсё, у чалавечых жыцьцях».

Газэта называе «панічнай імправізацыяй» рашэньне перанесьці вынясеньне прысуду Навальным на больш раньні тэрмін і прызначэньне Аляксею Навальнаму ўмоўнага турэмнага тэрміну. Яна заклікае заходнія сталіцы захаваць рэжым санкцыяў і аказаць вялікую маральную падтрымку расейскай апазыцыі хаця б шляхам увядзеньня санкцыяў супраць людзей, вінаватых у перасьледзе Навальнага.

Мэцью Камінскі, аглядальнік The Wall Street Journal папярэджвае, што Уладзімер Пуцін ніколі ня быў здольны пайсьці ў адступленьне, што стварае асаблівую небясьпеку. «Ён ніколі не шукаў шляхоў да прымірэньня, зьніжэньня напружанасьці, кампрамісу, не спрабаваў скарыстацца варыянтамі, прапанаванымі некаторымі эўрапейскімі афіцыйнымі асобамі або прадстаўнікамі Белага дому». Гэта, на думку аглядальніка газэты, азначае, што канец праўленьня Уладзімера Пуціна (адбудзецца гэта ў 2015 годзе ці пазьней) будзе «кепскім». Дэвід Крэмер, былы намесьнік Дзяржсакратара, супрацоўнік інстытута Джона Макейна, згодны з такой ацэнкай:

Дэйвід Крэмер
Дэйвід Крэмер

— Пуцін ня ведае, як выйсьці з гэтага крызісу. Ён апынуўся загнаным у сваю ўласную пастку, калі крок у любы бок будзе карацца, у той ці іншай меры. Працягваючы падтрымліваць сэпаратыстаў, ён цягне Расею ў эканамічную яму. Калі ён адмовіцца ад умяшальніцтва ў справы Ўкраіны, яго папулярнасьць рэзка ўпадзе, але такі вынік непазьбежны і ў выпадку пагаршэньня эканамічных праблемаў. Такім чынам, Пуцін у бязвыхаднай сытуацыі. У гэтай сытуацыі, як мне здаецца, адзіным рэальным выйсьцем для яго зьяўляецца сыход з Украіны. Крызіс пачаўся ўварваньнем Расеі ў Крым. Да таго часу, пакуль яна цалкам не пакіне Ўкраіну, уключна з Крымам, не павінна быць ніякіх размоваў пра паслабленьне рэжыму санкцыяў. Менскае пагадненьне ад пятага верасьня было несправядлівым для Ўкраіны, але Пуцін ня выканаў яго палажэньняў. Крызіс ня будзе спынены да таго часу, пакуль Крэмль не дакажа сваёй гатоўнасьці паважаць сувэрэнітэт і цэласнасьць Украіны.

— Якое Ваша прадказаньне на 2015 год?

— Я думаю, у Расеі наперадзе цяжкія часы. Я гэтага не прагназую, але, на мой погляд, было б памылкай выключыць магчымасьць адхіленьня Пуціна ад улады. З-за яго Расея апынулася ў вельмі цяжкім становішчы, ня выключана, што людзі ў ягоным атачэньні вырашаць, што ім неабходна лепшае кіраўніцтва. Гэта кіраўніцтва можа быць ня лепшым з пункту гледжаньня Захаду або саміх расейцаў. Але, на мой погляд, у гэтым годзе людзі пачалі ўсьведамляць, што менавіта з-за дзеяньняў Уладзімера Пуціна Расея да канца году апынулася ў значна горшым становішчы, чым яна была ў пачатку году, — кажа былы намесьнік Дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмэр.

Рычард Вайтц, амэрыканскі аналітык з Гудзонаўскага інстытута ў Вашынгтоне ня лічыць, што палітычнае становішча Ўладзімера Пуціна ўнутры краіны будзе хісткім:

— Я думаю, што ў яго застаюцца значныя ўнутраныя адміністрацыйныя і іншыя рэсурсы для захаваньня ўлады. На мой погляд, наўрад ці нехта здольны кінуць яму выклік унутры краіны. Яго зьнешняя палітыка можа стаць аб’ектам сур’ёзнага выкліку, але ўнутры краіны — гэта наўрад ці магчыма на працягу нейкага тэрміну.

— Як бы Вы ацанілі будучыню рэжыму санкцыяў?

— Тут у Вашынгтоне ідуць актыўныя дэбаты пра тое, ці трэба дапамагчы Ўкраіне зброяй, якую яшчэ падтрымку ёй неабходна аказаць. Становіцца прыкметным натхненьне адносна патэнцыйнай эфэктыўнасьці санкцыяў. Ёсьць людзі, якія лічаць, што падрыў рубля і іншыя праблемы, зь якімі сутыкаецца расейская эканоміка, зьяўляюцца вынікам санкцыяў. Я падазраю, што гэта прывядзе да захаваньня санкцыяў. Сам Барак Абама кажа, што ён гатовы чакаць да таго часу, пакуль наступствы санкцыяў ня стануць адчувальныя для самога Ўладзімера Пуціна. Таму я падазраю, што санкцыі захаваюцца, але яны могуць і ня быць больш жорсткімі, — кажа амэрыканскі палітоляг Рычард Вайтц з Гудзонаўскага інстытута ў Вашынгтоне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG