Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават самым вялікім улюбёнцам лёсу шанцуе ня вечна»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

2014 год адлічвае апошнія гадзіны. Якім ён запомніўся жыхарам Беларусі? Чым быў адметны? Якія спадзяваньні за гэты час спраўдзіліся, а якія засталіся не ажыцьцёўленымі?

Сёньняшнюю, апошнюю ў гэтым годзе перадачу «Паштовая скрынка 111» склалі лісты, прысьвечаныя тэмам, якія, бадай, найбольш часта гучалі ў нашым эфіры на працягу апошніх дванаццаці месяцаў.

Пачаць варта, відавочна, з тэмы Ўкраіны, пад знакам якой прайшоў увесь мінулы год. Фармальна Беларусь ня ўдзельнічала ў канфлікце на Данбасе і не падтрымлівала расейскую акупацыю Крыму, выказалася за незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць паўднёвай суседкі. А фактычна? На гэты конт у нашых слухачоў няма адзінай думкі. Вось якімі развагамі дзеліцца ў сваім лісьце на Свабоду наш даўні сябар Мікола Канаховіч з Пружанаў:

«Хоць беларускія вайскоўцы не ваююць супраць Украіны адкрыта, але менская ўлада падтрымлівае Расею ў гэтай бруднай нечалавечай вайне. Прыкладаў таму шмат. Напрыклад, кіраўніцтва Беларусі так і не асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны. На канцэрце ў Менску ўкраінскага гурту „Акіян Эльзы“ міліцыя катэгарычна забараніла выкарыстоўваць афіцыйную ўкраінскую сымболіку. Дзе яшчэ ў сьвеце такое магчыма? Хіба толькі ў Расеі. Значыць, словы Лукашэнкі пра братэрства ўкраінскага ды беларускага народаў трэба разумець як падман?

Яшчэ адзін прыклад — масавае выкарыстаньне паласатых (так званых „георгіеўскіх“) стужак у аздабленьні легкавых аўтамабіляў. Гэтыя стужкі фактычна сталі сымбалем расейскай агрэсіі супраць Украіны. Поўна іх і ў нас у Пружанах. Адна такая машына нядаўна ледзь ня зьбіла мяне на пешаходным пераходзе.

Што адметна, чамусьці на гэтыя стужкі ніяк не рэагуюць ні міліцыя, ні пракуратура. Як гэта разумець? Толькі як падтрымку данецкіх сэпаратыстаў ды іхных расейскіх лялькаводаў.

А да чаго прывялі менскія перамовы па Ўкраіне? Фактычна ні да чога. Парушэньне замірэньня тэрарыстамі ды расейскімі вайскоўцамі не выпадковае, бо тут спрацоўвае фактар хаўрусу Беларусі ды Расеі. Калі б гэтыя перамовы адбываліся, напрыклад, у Літве, Польшчы ці іншых дэмакратычных краінах, дык вынікі перамоваў былі б зусім іншыя. На маю думку, Украіна дапусьціла грубую памылку, даверыўшыся хаўрусьніку Расеі».

На перамовы ў Літве, Польшчы ці іншай краіне Захаду яўна не пагадзіліся б данецкія сэпаратысты і Масква, бо Захад у гэтым канфлікце — на баку Ўкраіны. Так што Менск у гэтай сытуацыі, спадар Мікола, — больш-менш прымальная перамоўная пляцоўка для ўсіх.

Што да абвінавачаньняў у тым, што беларускае кіраўніцтва нібыта падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне... Вядома, Беларусь была і застаецца найбліжэйшым палітычным і ваенным хаўрусьнікам Масквы, але ў справе Ўкраіны пазыцыя Менску вельмі асьцярожная, стрыманая. Лукашэнка ніколі за час канфлікту не выказваўся ў падтрымку сэпаратыстаў, а вось незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны так ці інакш падтрымліваў не аднойчы. Вядома, не выпадае чакаць ад яго адкрытага асуджэньня дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне, але тое, што яны ня выклікалі ў яго ніякіх станоўчых эмоцыяў, — відавочна. Назіраючы за ўкраінскімі падзеямі, лідэр любой постсавецкай краіны міжволі вымушаны праводзіць паралелі і задумвацца пра лёс незалежнасьці сваёй дзяржавы. У становішчы Лукашэнкі гэтыя паралелі асабліва відавочныя.

✉ ✉ ✉

Другая значная тэма, якая з асаблівай сілай загучала ў апошнія тыдні году, — трывожная сытуацыя ў эканоміцы. Напрыканцы сьнежня беларускі рубель фактычна абясцэніўся амаль на траціну. Пры гэтым улады працягваюць сьцьвярджаць, што ніякай дэвальвацыі ў краіне няма.

На гэтую тэму — ліст ад Сяргея Касьцюкевіча зь Менску:

«Хоць сапраўдных выбараў у нашай краіне даўно ўжо няма, а ўсё ж, адчуваецца, Лукашэнка сустракае Новы год зь непакоем. І чаго толькі трывожыцца? Ды ягоныя прызначэнцы намалююць любую лічбу, якую толькі душа пажадае — хоць 80 працэнтаў, хоць 90...

Ну так, навагоднія сьвяты гэтая ўлада нам сапсавала — абяцала, што ніякай дэвальвацыі ня будзе. І тут перад самымі каталіцкімі Калядамі — маеце, даляр па 15 тысяч. Але ж Лукашэнка тут жа супакоіў: праз два месяцы ўсё стабілізуецца, супакоіцца: пра дэвальвацыю забудзеце. Відавочна, гэта ён разьлічвае на тое, што ўсё будзе адбывацца паводле ранейшых сцэнараў. Так здаралася ўжо не аднойчы — і ў 2009 годзе, і ў 2011-м... Зьмірыліся, махнулі рукой, звыкліся. А там, глядзіш, Расея пару мільярдаў падкіне, цэны на нафту падскочаць і даходы ад рээкспарту вырастуць — вось і падкорміць улада электарат перад самымі выбарамі. Але ж раз на раз не прыходзіцца. Ня вечна шанцуе нават самым вялікім улюбёнцам лёсу. Нешта мне падказвае, што Лукашэнку трэба тэрмінова рабіць штосьці неардынарнае — інакш фартуна можа павярнуцца да яго зусім ня тым месцам, да якога ён прывык за 21 год свайго непадзельнага валадараньня».

Неардынарныя крокі Лукашэнкі беларускае насельніцтва ўбачыла літаральна за тры дні да новага году: на тле вострага фінансава-эканамічнага крызісу і пэрспэктывы рэальных сацыяльных бедстваў кіраўнік краіны ўпершыню за многія гады кардынальна памяняў склад ураду. Наўрад ці ён зьбіраўся гэтым пераключыць народнае незадавальненьне на адстаўленых асобаў. У Беларусі ня тая палітычная сыстэма, пры якой грамадзкія настроі залежаць ад перастаноўкі крэслаў у Доме ўраду — і Лукашэнка гэта, відавочна, добра разумее. Разьлік найперш на тое, што новыя асобы будуць больш эфэктыўнымі кіраўнікамі, што сытуацыю ў краіне ўдасца ўтрымаць — хоць бы да выбараў. Пры гэтым ніякай гаворкі пра насьпелыя эканамічныя ды палітычныя рэформы, зразумела, няма. Задача ставіцца іншая. У спрошчаным выглядзе яна зводзіцца да дзьвюх рэчаў: знайсьці грошы і ўтрымаць уладу.

Што да адладжанай сыстэмы галасаваньня і падліку галасоў. Зразумела, што тут ніякіх неспадзяванак не прагназуецца: паслухмяная «вэртыкаль» выканае любы загад. Праблема можа ўзьнікнуць тады, калі галодная і пакрыўджаная маса не захоча зьмірыцца з абвешчанымі лічбамі. Якраз такой сытуацыі Лукашэнка імкнецца не дапусьціць.

✉ ✉ ✉

Наступны ліст — пра тое, як многія беларусы сьвяткуюць Каляды. На жаль, часта гэта — зусім не чароўныя казачныя вечары з падарункамі, сьвечкамі і ёлкамі, а нешта зусім іншае. Вось які ліст мы толькі што атрымалі ад нашага даўняга сябра і аўтара Кастуся Сырэля з Вушачаў:

«Ноч на дваццаць пятага сьнежня, за вакном — сьвіст і завываньне ветру... Гэта перашкаджае сьвядомасьці праваліцца з паўзабыцьця ў паўнавартасны сон. Раптам праз паўадчыненую фортку ў пакой урываюцца п’яныя крыкі: „Ах ты, ссс... зараз заб’ю... Падла, асьцярожна, у яго „розачка“... Ах ты, б... ты так, ну ты зараз атрымаеш, табе ня жыць...“ Звон шкла, пранізьлівы жаночы лямант: „ААААААА!!!“. Гляджу на гадзіньнік, зялёныя лічбы не адразу складаюцца ў лік „3:12“. Двукроп’е міргае, адлічваючы сэкунды, крыкі працягваюцца, але ўжо ня так выразна. Пэўна, тыя зайшлі за рог. Спрабую заснуць — марна. Іду на кухню, корпаюся ў лядоўні на палічцы, дзе лекі. Ага, вось яно, заспакаяльнае... Кроплі бязгучна падаюць у шклянку, бадай што дваццаць мала, трэба сорак. Выпіваю, зноў кладуся ў ложак. Тых ужо не чуваць: або сышлі, або пазабівалі адзін аднаго. Вось табе і хрысьціянскае сьвята, вось табе і „не забі“, вось табе і „ўзьлюбі бліжняга“.

Прачынаюся а дзявятай, баліць галава, прымаю таблетку, кладуся зноў, заплюшчваю вочы. Праз паўадчыненую фортку чуваць, як у двары ў нейкім аўто занудліва скрыгоча старцёр, рухавік не заводзіцца. Другая спроба, трэцяя, старцёр круціцца ўсё марудней. Нарэшце сутаргава ўсхліпвае апошні раз і замаўкае. Падымаюся, зачыняю фортку, кладуся, засынаю.

Адзінаццаць, галава ўжо не баліць, п’ю каву, адначасова ўключаю кампутар, праз браўзэр „Tor“ заходжу на заблякаваны сайт „Хартыі’97“, чытаю ранішнія навіны. У Віцебску на шматпавярховіку вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг, арыштавалі Сяргея Каваленку (а каго ж яшчэ арыштоўваць?). З-за вакна праз патройнае шкло чуваць гучныя выбухі пэтардаў. Наперадзе яшчэ чатыры дні і тры начы выходных. Дай Божа, каб хоць уначы далі паспаць, і дай Божа, каб ніхто нікога не забіў!

З Калядамі вас, беларусы!».

Сапраўды, спадар Кастусь, для многіх і многіх тысяч беларусаў даўгія сьвяты праходзяць менавіта так — у п’яным чадзе, бясконцых застольлях, сварках і лаянках, а то і жорсткіх бойках. Прычым ад сутнасьці, зьместу сьвятаў гэта мала залежыць. Аднолькава такімі асобамі адзначаюцца і Каляды, і гадавіна кастрычніцкай рэвалюцыі, і Вялікдзень, і дзень ваенна-паветраных сілаў.

Хочацца пажадаць, паважаныя слухачы, каб для вас чароўнае навагодняе сьвята прайшло зусім па-іншаму — з тымі, хто любіць вас і каго любіце вы, сярод цеплыні, павагі, спакою і шчасьлівага прадчуваньня добрых пераменаў у жыцьці!

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З Новым 2015-м годам!

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG