Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 31 сьнежня: Апошні дзень 2014 году


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Сьвяточная навагодняя праграма «Новы год — 2015» у Менску пройдзе з 23.00 да 4.00 на пляцоўцы каля Палаца спорту (пр-т Пераможцаў, 4). У ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня наземны грамадзкі транспарт будзе працаваць да 5.30, мэтро — да 3.00. Падземка адновіць працу ўжо а 5.30.

У Цэнтральным батанічным садзе ў Менску працуе сядзіба Дзеда Мароза, дзе можна ўбачыць Дзеда Мароза і Сьнягурку, паглядзець казачнае відовішча, павадзіць карагоды, згуляць у гульні, пракаціцца на кані. Сядзіба працуе з 11.00 да 16.00. Навагодняя забаўляльная праграма пачынаецца а 13.00. З 15.00 да 16.00 праходзіць дзіцячая дыскатэка.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1918 — бальшавіцкае кіраўніцтва Беларусі, якое базавалася ў Смаленску, у ноч на 31 сьнежня абвясьціла аб стварэньні БССР. Праз тыдзень сталіца БССР была перанесеная з Смаленску ў Менск, а Смаленшчына разам зь Віцебшчынай, Магілёўшчынай і Гомельшчынай былі адлучаныя ад Беларусі і далучаныя да РСФСР.

1994 — расейская армія і ўнутраныя войскі пачалі штурм Грознага.

ВЕРШ НА ПАМЯЦЬ

Са звонам пут, са сьвістам пугаў,
З брахнёй, з грызьнёй у чарадзе,
Ў той самай цьме, ў тым самым кругу
Стары сышоў, а Новы йдзе.

Ідзе. А вылюдкі марочаць
Маной мазгі адны адным,
Што будзе сьветамі варочаць
I сеяць зьмены скрозь усім.

Што будзе годам пераменаў,
Тым на дабро, а тым на зло;
Сьляпым і зрачым неадменна
Таго ня будзе, што было.

Кляцьбой, мальбой, дзе хто як можа,
Рабы і іх гаспадары
Карысьці ўсякія варожаць,
Якіх ня кінуў ім Стары.

А хто каго ямчэй скатуе,
Ахвотна роюць сны свае,
Той на другіх пятлю рыхтуе,
Той сам сабе вяроўку ўе.

Той на таргоўлю выстаўляе
Свае сумленьне і душу,
А той па тым зьвярам спраўляе
За грошы чорную імшу.

За ліхалецьцем ліхалецьце
Так без канца йшло тут і там;
Гібелі людзі на ўсім сьвеце,
Гібець прыходзіцца і нам.

I гэты год паходкай сьмелай
Спляце, як той, такі ж ланцуг;
Цябе, народ асірацелы,
Чакае зь ім адно із двух:

Або загляне ў нашы хаты
Дабра і радасьці паслом,
Сьвятлом апамятуе катаў,
Нам панаваньне дасьць над злом.

Або зь літаньнем пут і пугаў,
З брахнёй, з грызьнёй у чарадзе,
Ў той самай цьме, ў тым самым кругу,
Як шоў Стары, і Новы йдзе.

Янка Купала, «Новы год», 1912

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

31 сьнежня 192 рымскі імпэратар Комад, які патрабаваў ставіцца да яго як да бога, задушаны сваім рабом Нарцысам

XS
SM
MD
LG