Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Азербайджане памілаваныя некалькі палітвязняў


Узейр Мамадаў і Заур Гурбанлі

Узейр Мамадаў і Заур Гурбанлі

Указам прэзыдэнта Азербайджану вызваленыя 87 зьняволеных, у тым ліку некаторыя палітычныя вязьні.

На волю выйшлі два актывісты моладзевай арганізацыі NIDA, арыштаваныя ў пачатку 2013 года пасля ўдзелу ў антыўрадавай дэманстрацыі. Узейр Мамадаў і Заур Гурбанлі былі асуджаныя на 7 і 9 гадоў турмы, адпаведна, — па абвінавачаньні ў незаконным захоўваньні зброі і арганізацыі масавых беспарадкаў.

Таксама абвешчана пра вызваленьне журналістаў Аваза Зейналава і Сердара Алібейлі, 18 чалавек, арыштаваных падчас беспарадкаў у горадзе Ісмаілі ў студзені 2013 году, і яшчэ васьмі з удзельнікаў акцый пратэсту 2012 года (супраць забароны на ісламскія хусткі).

Усяго прэзідэнцкі ўказ аб памілаваньні закрануў 87 зьняволеных.

Апошнім часам мясцовыя і міжнародныя праваабаронцы ўсё часьцей падвяргаюць крытыцы ўлады Азербайджану за ўзмацненьне наступу на НКА і незалежныя мэдыі.

26 сьнежня супрацоўнікі генэральнай пракуратуры правялі ператрусы, канфіскавалі дакумэнты і носьбіты інфармацыі, а потым апячаталі Бакінскае бюро Азербайджанскай службы Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — «Радыё Азадлыг». У чым канкрэтна абвінавачваецца радыёстанцыя — пакуль невядома. Супрацоўнікаў пэрыядычна выклікаюць на допыты.

XS
SM
MD
LG