Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Незалежнасьць – гэта калі ніхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць безь вялікага старэйшага брата, бо ня мае сваіх баксытаў ці алмазаў, і ты разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гарапашных галяндцаў ці бэльгійцаў, якія ня маюць ні баксытаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата». Гэта цытата з знакамітага эсэ Ўладзімера Арлова «Незалежнасьць – гэта…».

У лютым будзе 25 гадоў гэтаму тэксту, і шмат якія з пунктаў рэалізаваныя. У радзільнях няма прусакоў, у ЗАГСе ты можаш пісаць імёны ў беларускай вэрсіі, дзеці ня ведаюць, хто такі Паўлік Марозаў, але чыталі пра ВКЛ, хлопцы служаць у войску на тэрыторыі Беларусі, ты можаш нядорага зьлётаць у Эўропу на каву, на Дзяды нікога ўжо ня ловяць на могілках, каб затрымаць, вэтэраны-невідзімкі ня пішуць скаргі на нацыяналістаў, а з Масквы не прыяжджаюць камісіі разьбірацца з праблемамі.

Тым ня менш, як і дваццаць пяць, і пяцьдзясят і сто гадоў таму беларусам уцямяшваюць у галаву, што без Масквы мы ніхто і нішто, што мы малыя дзеці, якім патрэбная апека «дарослых»: начальніка, які «рашае вапросы» з Цэнтрам – з Масквой.

Незалежнасьць – гэта калі ты ня сочыш за расейскімі навінамі, каб угадаць, як павядзе сябе начальнік краіны, у якой ты нарадзіўся і жывеш.

Ты не гадаеш як адаб'ецца на дабрабыце тваёй сям'і скачок расейскага рубля.

Ты не разважаеш, колькі ядзерных ракет можа быць зьбіта над тваім горадам.

Ты не дыскутуеш, ці будзе суседняя дзяржава акупаваць тваю ўласную.

І як сябе паводзіць у сытуацыі, калі частка тваіх суайчыньнікаў прагаласуюць за вайну на баку суседа.

Незалежнасьць – калі ты не зьдзіўляесься, што хтосьці зьверху дазволіў у цэнтры сталіцы зладзіць Дзень вышыванкі, і адначасова закрывае адзіную незалежную кнігарню, дзе можна набыць нецэнзураваныя творы сучасных аўтараў.

Незалежнасьць – гэта калі словы «дазвол» і «забарона» існуюць толькі ў прававым полі, і не зьвязаныя з капрызам начальніка.

Гэта калі ты не разважаеш на тэму «чаму начальнікі зноў сталі ляяльнымі да беларушчыны»: яны шукаюць саюзьнікаў у барацьбе з патэнцыйным агрэсарам, ці хочуць абнавіць сьпіс «нядобранадзейных» грамадзян?

«Незалежнасьць – гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі. Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо іначай проста ня варта жыць», – заканчвае сваё эсэ Ўладзімер Арлоў.

У 2014 беларусы пачалі дыскутаваць пытаньні, якія доўгі час падаваліся фантазійнымі, надуманымі. І вось «маскоўскі вапрос» паставіў перад фактам: незалежнасьць – гэта тое, што можна згубіць.

Хочацца верыць, што 2015 стане годам самастойнага мысьленьня беларусаў у прасторы і часе.

А іначай быць ня можа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG