Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каваленка ўжо 6 дзён галадае ў турме. Сувязі зь ім няма


Актывіст Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка, асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, галадае шосты дзень. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла яго жонка Алена Каваленка.

«Ужо 6 дзён галадае. Больш я нічога ня ведаю. Зь ім няма ніякай сувязі. Калі тэлефаную ў ІЧУ, кажуць, што ўсё яшчэ галадае», — сказала Каваленка.

Паводле Алены Каваленкі, муж галадае супраць незаконнага затрыманьня:

«Ён быў незаконна затрыманьня затрыманы, літаральна на прыступках дома. Нельга ж так людзей ні за што ні пра што хапаць на вуліцы, а потым хлусіць у судзе. Гэта зусім ужо супрацьзаконна».

39-гадовы Сяргей Каваленка з 2013 года вучыцца ў Польшчы і тыдзень таму прыехаў дадому на вакацыі. Ён быў затрыманы 24 сьнежня неўзабаве пасьля таго, як на шматпавярховым доме ў цэнтры Віцебска быў вывешаны вялікі бел-чырвона-белы сьцяг.

27 сьнежня судзьдзя Першамайскага раёну Віцебска Андрэй Прэйс прыгаварыў Каваленку да 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Каваленка адбывае пакараньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня Віцебска. Ён павінен вызваліцца 3 студзеня прыкладна ў 17.00.

Тры гады таму Каваленку судзілі за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебска. У месцах пазбаўленьня волі ён абвясьціў галадоўку, якая доўжылася каля двух месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG