Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея даcьць Беларусі старое ўзбраеньне і тое са спазьненьнем


Расея пастаўляе Беларусі старыя сыстэмы ўзбраеньня С-300 з адставаньнем ад графіку. Аб гэтым піша вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін у артыкуле на сайце БелаПАН.

Абяцаныя Расеяй зэнітныя ракетныя комплексы (ЗРК) С-300 паступяць у Беларусь у кастрычніку 2015 года. Гэта вынікае з паведамленьня, зробленага 18 сьнежня беларускім міністрам абароны Андрэем Раўковым.

Паводле яго словаў, «ракеты ўжо пастаўленыя, а комплексы праходзяць рэглямэнтныя працы». Генэрал Раўкоў таксама дадаў, што С-300 будуць разьмешчаныя ў розных рэгіёнах краіны: у Горадні, Берасьці і Полацку. Пры гэтым кіраўнік Мінабароны не ўдакладніў, калі менавіта гэтыя ЗРК паставяць на баявое дзяжурства. Між тым раней, 29 кастрычніка ў Менску на пасяджэньні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны дзьвюх дзяржаваў кіраўнік расейскага ваеннага ведамства Сяргей Шайгу заявіў, што Расея мае намер завяршыць пастаўку ў Беларусь чатырох зэнітных ракетных комплексаў С-300 да канца 2014 года.

Пры гэтым ён выказаў надзею, што ў 2015 годзе гэтыя ЗРК будуць пастаўленыя на баявое дзяжурства ў інтарэсах Адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА. Аднак сёньня ёсьць дастаткова падставаў сьцьвярджаць, што гэты графік наўрад ці будзе захаваны. Экспэрт таксама адзначае, што насамрэч ў апошнія гады Беларусь патрабуе ад Расеі больш дасканалых, чым С-300, зэнітных ракетных ўзбраеньняў — напрыклад, С-400 «Трыюмф».

Па дадзеных СМІ, яшчэ ў 2010 годзе Менск накіраваў Маскве заяўку на пастаўку двух дывізіёнаў С-400. Пасьля чаго афіцыйныя прадстаўнікі ВПК і Мінабароны Расеі зрабілі шэраг заяваў, зь якіх вынікала, што гэтых сыстэмаў не хапае самой расейскай арміі з-за дэфіцыту магутнасьцяў на абаронных прадпрыемствах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG