Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Мажэйка

Кіраўнік «Беларусьфільму» Алег Сільвановіч паведаміў пра вялікія пляны — разам з China Film Group здымаць 12-сэрыйны тэлефільм «пра дачку аднаго з маршалаў эпохі Мао Цзэдуна» і яе прыгоды на тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусьветнай вайны (сапраўдная гісторыя кітайскай дзяўчыны Чжу Мінь). Адкуль узьнік такі нестандартны для беларускага кінэматографу праект і якія яго сапраўдныя пэрспэктывы?

Высокі візыт ды праграма супрацоўніцтва

Вытокамі кінапраекту без сумневу можна лічыць летні ваяж вялікай беларускай дэлегацыі ў Кітай — тады розныя чыноўнікі суправаджалі Аляксандра Лукашэнку, які наведваў Кітайскую Народную Рэспубліку з афіцыйным візытам. Тады было заключана некалькі тэматычных пагадненьняў, у тым ліку прынятая праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Беларусі і бюро па кінэматаграфіі Дзяржаўнай Адміністрацыі прэсы, публікацый, радыё, кіно і тэлебачаньня КНР.

Яшчэ тады, у ліпені, першы намесьнік міністра культуры Ўладзімер Карачэўскі зазначаў: «Нам цікавы іх вопыт, і тут могуць быць агульныя падыходы ў сумеснай кінавытворчасьці. Спадзяемся, што гэтая праграма будзе спрыяць больш шчыльнаму супрацоўніцтву паміж кінэматаграфістамі Беларусі і Кітаю». І вось гэтыя спадзяваньні праз паўгода аформлены ў канкрэтны кінапраект.

Зрэшты, варта разумець, што пакуль гэта яшчэ толькі плян ды прапановы — як вынікае са словаў Сільвановіча, канкрэтных дамоў пакуль няма (і незразумела, на якім этапе знаходзіцца праект: ці то ён грунтуецца на нейкіх папярэдніх дамоўленасьцях, ці то гэта проста мроі ды пажаданьні беларускага боку). Але ў любым выпадку цікава паглядзець, на што арыентуецца беларускі афіцыйны кінэматограф.

Сьветлы бок: правільны партнэр ды разуменьне кітайскага кінарынку

Пачнем з добрага.

Па-першае, варта адзначыць слушны выбар патэнцыйнага кітайскага партнэра — China Film Group. Гэта сур’ёзны гулец кітайскага кінэматаграфічнага рынку, а не азіяцкі Астап Бэндэр з noname-студыяй. Так, напрыклад, China Film Group здымала «Пачатак вялікага адраджэньня» (The Beginning of the Great Revival) ды «Заснаваньне рэспублікі» (The Founding of a Republic) — вялікія патрыятычныя стужкі да 60-годзьдзя заснаваньня КНР, якія ў пракаце, па розных дадзеных, атрымалі ў 5-14 разоў больш грошай, чым было ў бюджэце гэтых фільмаў (дзеля параўнаньня: зборы звыш пасьпяховых «Аватара» ды «Гары Потэр і Рэліквіі Сьмерці: частка 2» у 10 разоў перавышалі іх бюджэты).

Па-другое, гэта адэкватнае разуменьне ўмоваў кітайскага кінарынку. Зь фільмам, зьнятым толькі ў Беларусі ды «Беларусьфільмам» (ці іншай беларускай кінакампаніяй) на гэты рынак трапіць проста немагчыма. Бо на іншаземныя фільмы існуюць жорсткія квоты: так яшчэ два гады таму ўлады КНР дазвалялі дэманстраваць у краіне ня больш за 20 замежных фільмаў у год. Сусьветная гандлёвая арганізацыя ды ЗША змагаліся з гэтым бар’ерам, аднак квота толькі павялічылася да 34 фільмаў. Канкураваць за гэтыя месцы з галівудзкімі блёкбастарамі «Беларусьфільм» відавочна ня зможа.

Аднак жа для сумеснай прадукцыі ўмовы ўжо зусім іншыя (такім чынам Кітай разьвівае свае кінастудыі). Таму спэцыяльная супраца — звычайны сусьветным мэханізм для тых, хто хоча выйсьці на кітайскі рынак. Нават студыі ўзроўню «Marvel Studios» ды «Disney» не саромеюцца перапрацоўваць свае стужкі пад кітайскія патрабаваньні: так, напрыклад, іх блёкбастар «Жалезны чалавек 3» у кітайскім пракаце атрымаў дадатковыя сюжэтныя лініі з удзелам мясцовай зоркі кіно Бінбін Фань.

Трэцяе — гэта разумны выбар тэматыкі стужкі, бо патрыятызм у кіно цяпер у Кітаі запатрабаваны. Можна ўзгадаць як вялікія эпічныя карціны — тыя ж «Пачатак вялікага адраджэньня» і «Заснаваньне рэспублікі» — так і меншыя стужкі, зьвязаныя з мясцовай спэцыфікай ды гісторыяй. У Беларусі ёсьць шанец трапіць у трэнд.

Цёмны бок: мары на паперы ды вялікая канкурэнцыя

Аднак не абышлося і без нэгатыву, які ставіць пад сумнеў пэрспэктывы праекту.

Па-першае, ніякіх канчатковых зацьверджаных дамоваў яшчэ няма. Добра марыць пра супрацу адразу з China Film Group, аднак ці ёсьць дзеля гэтага рэальныя падставы? Ці не атрымаецца ў выніку як са скандальным нацыянальным фільмам «Авель» («Мы, браты»), на здымкі якога абяцалі знайсьці галівудзкага рэжысэра Ўільяма дэ Віталя, а папраўдзе атрымаўся толькі львоўскі каскадэр з дэбютам Віталь Васількоў?..

Па-другое, ці зможа «Беларусьфільм» вытрымаць вялікую канкурэнцыю, якая сёньня ёсьць на кітайскім кінарынку? Патэнцыйна ён складае больш за мільярд гледачоў, а зборы там шалёна растуць (напрыклад, у 2010 годзе — $1,5 мільярда, у 2011 — ужо больш за 2 мільярды). Ахвотных узяць удзел у паяданьні гэтага пірага, які хутка расьце, вельмі шмат і безь «Беларусьфільму».

Ставіць высокія мэты ды сьмела да іх ісьці — гэта цудоўна, але без падмурку ў выглядзе лякальнага пасьпяховага вопыту ды таленавітых кадраў вельмі рызыкоўна. Кінаіндустрыя Беларусі (і «Беларусьфільм» у прыватнасьці) знаходзіцца ў вялікім крызысе. Дзяржава і сама гэта прызнае, распрацоўваючы праграмы выхаду з такога крызысу ды аддаўшы першы нацыянальны кінапраект у рукі прыватнай кінакампаніі (зрэшты, і з гэтага выходзіць таксама немаведама што, бо ў беларускіх прыватнікаў няма вопыту вялікіх кінапраектаў).

У такіх умовах замах на адзін з самых буйных ды хуткарослых кінарынкаў сьвету выглядае больш авантурай, чым узважаным выбарам шляху разьвіцьця кінамастацтва Беларусі.

XS
SM
MD
LG