Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даманеўскі: Лукашэнка — палітык усясьветнага маштабу


Уладзімер Даманеўскі
Уладзімер Даманеўскі

Новы кіраўнік магілёўскай вэртыкалі адзначыўся пахвалой на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Былы інспэктар па Гарадзенскай вобласьці Ўладзімер Даманеўскі стаў старшынём Магілёўскага аблвыканкаму. Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка прызначыў Даманеўскага кіраўніком абласной вэртыкалі, дэпутаты аблсавету аднагалосна зацьвердзілі яго на гэтай пасадзе. Да прызначэньня на яе чыноўніцкая кар’ера Даманеўскага не была зьвязана з Магілёўшчынай.

Уладзімер Даманеўскі ня стаў на сэсіі аблсавету падрабязна гаварыць пра свае пляны на новай пасадзе. Заўважыў, што зьбіраецца спачатку азнаёміцца з сытуацыяй у рэгіёне. Адзначыў, што разумее ўскладзеную на яго адказнасьць, бо ў Аляксандра Лукашэнкі асаблівае стаўленьне да гэтага рэгіёну.

«Ён сам тут доўгі час працаваў, фармаваўся як палітык сусьветнага маштабу, — я разумею, якая адказнасьць ляжыць сёньня на мне як на старшыні Магілёўскага абласнога камітэту».

«Мы павінны абавязкова з вамі прааналізаваць, якія вынікі ёсьць — дзе ў нас ёсьць рэзэрвы, а рэзэрвы, я ўпэўнены, на Магілёўшчыне ёсьць. Каб мы тыя абавязкі перад насельніцтвам максымальна забясьпечылі», — казаў дэпутатам аблсавету Ўладзімер Даманеўскі.

Прадстаўляў на пазачарговай сэсіі аблсавету Ўладзімера Даманеўскага намесьнік старшыні ўраду Міхаіл Русы. Даманеўскі, па ягоных словах, — «чалавек, які можа выбудаваць аналітычна схему кіраваньня, прыняць слушнае кіраўніцкае рашэньне». Да кадраў ён патрабавальны, але разам з тым «паважае думкі іншых людзей».

Для кіраўніка абласной структуры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава прызначаны на пасаду кіраўніка вобласьці Ўладзімер Даманеўскі — асоба невядомая. Цудаў партыец ад яго не чакае.

«Ён пры прызначэньні сказаў, што для яго гэта нечаканасьць і ў яго нават няма праграмы. То бок чалавек ішоў нібыта на выбарную пасаду, але бязь яснага разуменьня таго, што тут трэба рабіць. Зразумела, чым ён заслужыў гэты высокі давер — адданасьцю. Нічога ён тут ня зробіць. Відавочна, высноваў гэтае кіраўніцтва ня робіць з сытуацыі, якая склалася. Адзінае выйсьце — трэба мяняць Лукашэнку: „Я ня справіўся, сыходжу ў адстаўку“», — лічыць Уладзімер Шанцаў.

Эканаміст Пётар Мігурскі не сьпяшаецца з высновамі. Дапускае, што Даманеўскі можа быць неблагім кіраўніком. Разам з тым раіць яму настаяць перад Лукашэнкам, каб той замяніў інспэктара па Магілёўскай вобласьці Генадзя Лаўранкова, які, на думку кандыдата эканамічных навук, вінаваты ў кадравых праліках. Адсюль, высноўвае эканаміст, шмат карупцыі ў рэгіёне. Другая парада тычыцца вывучэньня эканамічнай сытуацыі ў вобласьці. Паводле Пятра Мігурскага, у цяперашніх зьвестках шмат прыпісак:

«Калі ён будзе кіравацца тымі дадзенымі, якія сёньня фігуруюць у статыстыцы, будуць прынятыя няправільныя, непрадуманыя рашэньні па разьвіцьці Магілёўскай вобласьці. І, магчыма, ня толькі вобласьць, але і краіна страціць добрага чыноўніка».

Для магілёўцаў Уладзімер Даманеўскі — гэткая ж невядомая асоба.

«Нават ня ведаю, якія якасьці павінны быць у чыноўніка, каб ён зрабіў тое, чаго ад яго народ чакае. Нам іх прызначаюць. Мы зусім нічога пра іх ня ведаем. Ня ведаем іхных дзелавых якасьцяў, чаму іх прысылаюць да нас зь іншых рэгіёнаў і што яны павінны тут рабіць», — адно з характэрных меркаваньняў.

Уладзімер Даманеўскі зьмяніў на пасадзе старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Пятра Рудніка, які кіраваў вобласьцю шэсьць гадоў. І хоць Рудніку падзякавалі на сэсіі аблсавету за працу, прычыны яго звальненьня застаюцца невядомымі. Апошні раз, калі Аляксандар Лукашэнка наведваў Магілёў, то не хаваў незадавальненьня сытуацыяй у рэгіёне. Рудніка прызначылі кіраваць заняпалым магілёўскім прадпрыемствам «Хімвалакно».

Уладзімер Даманеўскі да прызначэньня на пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкаму ад чэрвеня 2013 году працаваў галоўным інспэктарам па Гарадзенскай вобласьці.

«Вам належыць узяць пад кантроль кадравыя прызначэньні на месцах. І сытуацыя для вас будзе складаная тым, што вы практычна ня ведаеце тых абласьцей, куды накіроўваецеся. Але я гэта раблю наўмысна, каб не было кругавой парукі, каб будучы інспэктар ня быў зьвязаны з кіраўніцтвам вобласьці. Губэрнатары гэта цудоўна разумеюць, што памочнік прэзыдэнта ў вобласьці, інспэктар па пытаньнях кадраў — гэта вочы і вушы прэзыдэнта на канкрэтнай тэрыторыі», — казаў Аляксандар Лукашэнка, прызначаючы Даманеўскага на інспэктарскую пасаду.

На ёй шараговым гарадзенцам Даманеўскі не запомніўся. Людзі зазначаюць, што пра ягоную дзейнасьць ведаюць толькі чыноўнікі на высокіх пасадах:

«У мяне не было падазрэньня такога, што існуе такі таварыш. У 2013 годзе ў мяне была шуміха вялікая са звальненьнем — нешта не запомніўся ён тым, што хацеў дапамагчы ці ўмяшацца, хоць людзі шмат каму пісалі. Да яго, відаць, не зьвярталіся, і я не зьвяртаўся», — зазначае жыхар Слоніму, мэдык і грамадзкі дзеяч Іван Шэга.

Службовыя абавязкі Ўладзімера Даманеўскага да прызначэньня ў Магілёў не перасякаліся з усходнім рэгіёнам Беларусі. Сваю працоўную дзейнасьць ён пачаў на Дзяржынскай птушкафабрыцы. Кіраваў станцыяй юных тэхнікаў у тым самым Дзяржынску. Да 1990 году быў інструктарам гаркаму Камуністычнай партыі Беларусі. Пазьней займаў пасаду загадчыка аддзелу па справах моладзі Дзяржынскага выканкаму. Адгэтуль чыноўніка забралі ў Менскі аблвыканкам, у якім ён «вырас» да намесьніка старшыні камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні. Ад 2006 году Ўладзімер Даманеўскі — інспэктар па Менскай вобласьці ў апараце Савету міністраў.

Ад сьнежня 2009 году Даманеўскі — старшыня Слуцкага райвыканкаму. Жыхары Слуцку адзначаюць, што ў той час, як Даманеўскі кіраваў раёнам, шмат увагі аддавалася парадкаваньню тэрыторыяў. Случакі Даманеўскага называюць адэкватным кіраўніком. Правесьці пікет салідарнасьці з палітвязьнямі райвыканкам мясцовым апазыцыянэрам не дазволіў. У адказе арганізатарам за подпісам Даманеўскага было напісана, што ў Беларусі палітзьняволеных няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG