Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст пра кадравы ператрус: Пакуль не перамруць інструктары партыі, толку ня будзе


Татальныя ракіроўкі ў шэрагах урадоўцаў, праведзеныя Аляксандрам Лукашэнкам пры канцы году, спарадзілі нямала пытаньняў. Кадравыя замены адбыліся ў бальшыні ведамстваў, уключна з тымі, што адказваюць за эканамічны стан дзяржавы. Але ці здолеюць новыя прызначэнцы ўтаймаваць рубель і не дапусьціць новых панічных настрояў у грамадзтве?

Сярод новых прозьвішчаў адзін кадар вылучаецца асабліва — Павал Калавур, прызначаны на старшыню праўленьня Нацыянальнага банку. Эканамісты салідарныя, што граматны фінансіст будзе на сваім месцы. Але такі крок меў бы нашмат большы плён не цяпер, а гадоў 10–15 таму — экспэрымэнты з будаўнікамі ды загадчыкамі ашчадных касаў на чале галоўнай фінансавай установы занадта дорага каштавалі эканоміцы.

Да таго ж, як лічыць дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан, год прэзыдэнцкіх выбараў накладае свой адбітак на ўсю сыстэму ўлады. Як кажа спадар Лопан, напярэдадні адказнай кампаніі кіраўніцтва менш за ўсё хоча глыбокіх узрушэньняў, выкліканых рэформамі, таму чакаць ад новых прызначэнцаў кіпучай дзейнасьці не выпадае:

Валянцін Лопан

Валянцін Лопан

«Цяжка сказаць, але асабіста я для сябе гэтую сытуацыю тлумачу такім чынам. Прэзыдэнт у сваіх камэнтарах, якія надрукаваныя ва ўсіх СМІ, ня раз казаў пра выбары, якія будуць у наступным годзе. І я думаю, што гэта невыпадкова. Таму здаецца, што і ўрад, які падпарадкаваны прэзыдэнту, і ўсе іншыя будуць працаваць на вынік, запраграмаваны кіраўніком краіны. Гэта значыць, можна рабіць прагнозы, што нічога істотна мяняцца ня будзе, бо ўсялякія рэформы ў пэрыяд перадвыбарнай кампаніі будуць балюча адбівацца на стане насельніцтва, на ягоных прыбытках, ад гэтага нікуды ня дзенесься. Адпаведна, у сэнсе рэформаў нічога рабіцца ня будзе. Будуць намагацца трымаць сытуацыю пад кантролем як мага даўжэй, каб ніякіх не было гучных здарэньняў ні ў эканоміцы, ні ў фінансах. Якія ёсьць для гэтага рэсурсы — сказаць складана. Вось прыйшлі прафэсіяналы, будуць разьбірацца, ці хопіць у нас грошай пратрымацца да выбараў».

Ці азначае гэта, што ўлады будуць працягваць папулісцкую палітыку, спрабуючы «замарозіць» найперш фінансавую сытуацыю і не дазволіць рублю адхіляцца ад генэральнай лініі? Спадар Лопан кажа, што ў дадзеным выпадку «новая кроў» ва ўрадзе ды Нацбанку наўрад ці будзе мець нейкае прынцыповае значэньне:

«Хто яго ведае, якая будзе палітыка — палітыку ў нас вызначае вядома хто. Таму я ня думаю, што тут будуць нейкія вялікія зьмены. Асабіста я не чакаю ніякіх прынцыповых пераўтварэньняў, хоць яны і патрэбныя. Па вялікім рахунку, што яны могуць? Для такога несуцяшальнага прагнозу ёсьць добрая база — паколькі ў нас ужо шмат гадоў праводзіцца такая палітыка, можна прагназаваць, што нічога істотнага ў гэтым сэнсе рабіцца ня будзе. Застаецца спадзявацца, што і зьнешнія ўмовы не паўплываюць, і ў пляне бясьпекі нічога не давядзецца рабіць, як кажуць, у пажарным парадку».

Эканаміст Міхал Залескі ў высновах больш радыкальны: колькі ні тасуй уладную калоду, умовы гульні будзе дыктаваць «казырны туз» — сам Лукашэнка:

Міхал Залескі

Міхал Залескі

«Мы павінны зыходзіць з таго, што Лукашэнка мае ўсю паўнату ўлады ў краіне, ён выконвае функцыі заканадаўчай, выканаўчай, судовай і вайсковай улады. І ён палічыў неабходным зьмяніць свой апарат. І гэны апарат зьмяніў — у той частцы, у якой убачыў патрэбу. Чаму? Таму што папярэдні апарат сапсаваў яму „маліну“. Толькі выдаў такі добры загад аб затрыманьні цэнаў, а яны пачалі невядома што рабіць. Што тычыцца новапрызначаных, то я іх агулам называю „інструктарамі райкамаў партыі“, а ніякімі не рэфарматарамі. Пакуль тыя інструктары і іншыя камсамольцы не перамруць, нічога тут ня будзе.

Кабякоў — інструктар Рагачоўскага гаркаму партыі, для мяне гэтым сказана ўсё. Разумееце, ён добры чалавек, але і тата ў яго быў палітработнік, „гордился общественным строем“, і ён таксама. Потым, праўда, трапіў крыху ў іншую сыстэму, але нязьменна захоўваецца пераемнасьць, таму ўсё яно так і будзе. І Нацбанк, і ўрад — усё адно. Тым больш што любы ўрад выконвае пры Лукашэнку функцыі загадчыка гаспадаркі, а не рэфарматара. Самае галоўнае, што яны нічога не вырашаюць. Гэта людзі, якія не прымаюць палітычных рашэньняў. Усе гэтыя людзі ня ў стане нічога кардынальна зьмяніць, цяпер у іх адзіная задача — уратавацца ад турмы».

Адметна, што і Пётар Пракаповіч, і Надзея Ермакова, якія раней узначальвалі Нацыянальны банк, кінутыя кіраваць камэрцыйнымі банкаўскімі ўстановамі — «БПС-Сбербанк» і БэлВЭБ адпаведна. Чаму людзі, у пасыве ў якіх буйныя дэвальвацыі, гіпэрінфляцыя ды ноў-хаў кшталту збору на куплю валюты, нягледзячы на пэнсійны ўзрост, прылічаныя да незаменных? Кадравы голад камэнтуе кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка:

Віктар Цярэшчэнка

Віктар Цярэшчэнка

«Так, я ўжо неаднаразова казаў, што ўлада сваімі рукамі стварыла дэфіцыт кіраўнікоў, мэнэджэраў, якія б маглі выконваць адказную працу. Дзеля справядлівасьці, дэфіцыт штучны, бо насамрэч таленавітыя кадры ёсьць. Але ці то бок ураду, прэзыдэнта ня хоча іх бачыць, ці то зусім іншыя паказьнікі адбору кадраў. На жаль, такая практыка прысутнічае ўжо багата гадоў, мабыць, усе 20. Што тычыцца таго ж Пракаповіча, то сытуацыя ўвогуле дайшла да абсурду — цягам году на ва ўсіх сэнсах „незаменнага“ чыноўніка навесілі два дзясяткі пасадаў. Яшчэ раз кажу: разумных людзей шмат, але ім не выказваюць даверу, не даюць ніякіх правоў. І наадварот, на самым высокім узроўні заяўляецца: вы ня лезьце ў чужыя паўнамоцтвы і, жаргоннымі слоўцамі, ні ў якім разе не „крышуйце“ тую ці іншую тэму — маўляў, гэта ня ваша справа. То бок гэта расцэньваецца як перавышэньне паўнамоцтваў з далейшым прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці. Гэта ж таксама пытаньне, гэта ж усё зьвязанае».

Адным зь першых крокаў Паўла Калавура на чале старшыні Нацбанку стала зьмяншэньне збору на куплю валюты з 30 да 20%. Удакладняецца, што рашэньне прынятае з улікам «нармалізацыі сытуацыі на фінансавым і валютным рынках краіны».

XS
SM
MD
LG