Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Прагу прыехала тысяча маладых беларусаў


Архіўнае фота. Экумэнічнае набажэнства супольнасьці Taizé у Босьніі ў 2010 годзе.

Архіўнае фота. Экумэнічнае набажэнства супольнасьці Taizé у Босьніі ў 2010 годзе.

З 29 сьнежня па 2 студзеня ў Празе праходзіць 37-я Эўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная Супольнасьцю Тэзэ (Taizé). Агулам у ёй бяруць удзел 120 тысяч маладых людзей розных хрысьціянскіх канфэсіяў з усёй Эўропы. Ад Беларусі прыехала каля тысячы чалавек, якія таксама прадстаўляюць усе канфэсіі краіны.

Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар да кіраўніка беларускага грэка-катліцкага душпастырства ў Празе айца протапрэзьбітэра Андрэя Абламейкі.

Айцец Андрэй Абламейка

Айцец Андрэй Абламейка

РС: Як даўно беларусы бяруць удзел у Эўрапейскіх сустрэчах моладзі?

а. Андрэй Абламейка: Першы раз каля двух дзясяткаў маладых людзей зь Менску, пераважна грэка-католікаў, бралі ўдзел у Эўрапейскай сустрэчы моладзі ў сьнежні 1990 году, якая таксама адбывалася ў Празе. Мне з жонкай пашчасьціла быць у ліку той менскай групы. Першую паездку беларусаў на спатканьні Тэзэ арганізавала суполка «Унія». Сёлетняя сустрэча называецца «Пілігрымка даверу», а яе дэвіз гучыць так: «Стаць сольлю зямлі». Гэта вельмі важнае і цікавае штогадовае экумэнічнае мерапрыемства, на якім адбываюцца экумэнічныя багаслужбы.

РС: А які склад сёлетняй беларускай дэлегацыі?

а. Андрэй Абламейка: Сёлета чакаецца прыезд у Прагу каля тысячы маладых беларусаў, якія будуць прадстаўляць Каталіцкую царкву абодвух абрадаў з усіх дыяцэзіяў краіны, а таксама праваслаўнай і пратэстанцкай моладзі ўсіх дэнамінацыяў.

РС: Які склад моладзевай дэлегацыі ад Беларускай Грэка-каталіцкай царквы?

а. Андрэй Абламейка: Наша царква паслала ў Прагу два аўтобусы. Гэта каля 100 маладых вернікаў. У грэка-каталіцкай пілігрымцы ўдзельнічаюць маладыя грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя і хрысьціяне пратэстанцкіх канфэсій (у тым ліку валянцёры св. Мікалая) з розных мясьцінаў Беларусі — з Полацку, Віцебску, Магілёва, Гомеля, Менску, Горадні і Берасьця. Дэвіз нашай пілігрымкі «Шляхам Францішка Скарыны пад заступніцтвам сьвятых Кірыла і Мятода».

Духовую апеку над пілігрымамі Апостальскі Візытатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек даверыў айцу Аляксандру Шаўцову, настаяцелю грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку.

РС: Гэта значыць, падчас пілігрымкі будзе надавацца нейкая асаблівая ўвагу постаці Францішка Скарыны?

а. Андрэй Абламейка: Так. Шлях аўтобуснай пілігрымкі вёў ад Полацку праз Кракаў у Прагу — гэта шлях Францішка Скарыны. Таму пілігрымы будуць разважаць над ягоным жыцьцём і дзейнасьцю. Першы прыпынак пілігрымкі быў 27 сьнежня ў Кракаве, дзе у 1504 годзе, роўна 510 гадоў таму, Францішак Скарына паступіў у Кракаўскую Акадэмію.

Пілігрымка таксама праехала праз тэрыторыю місійнай дзейнасьці Апосталаў Славянаў — сьвятых Кірыла і Мятода: Паўднёвую Польшчу, Славаччыну, Вугошчыну і Чэхію. Таму нябеснымі заступнікамі пілігрымкі выбралі Салунскіх братоў Кірыла і Мятода. Іхні місійны подзьвіг — абвяшчэньне Эвангельля славянам на іх мове і такая самая дзейнасьць Францішка Скарыны, які пераклаў Біблію на беларускую мову, натхняюць маладых беларускіх пілігрымаў у Празе.

XS
SM
MD
LG