Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белая эміграцыя пачырванела


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Размаўляў з маскоўскім знаёмым: калі ўжо так званая белая эміграцыя за Пуціна, то сьвет сапраўды перакуліўся дагары нагамі…

Траплялася і мне на вочы гэтае «пасланьне турэцкаму султану», якое «нашчадкі белай эміграцыі» накіравалі галоўным начальнікам Эўропы. Падпісанты з нагоды гібрыднай вайны ў Данбасе нечакана заклікаюць «Рукі прэч ад Расеі!» А сёньня ж мы гаворым Расея, а маем на ўвазе Пуцін, з чым бы пагадзіўся цяпер вядомы некалі рэвалюцыйны паэт.​

Тэкст гэты нібы састаўлены падпалкоўнікам Гіркіным (агентурны псэўданім Стралкоў), завадатарам данбаскай бучы. Які раней быў вядомы ў Расеі сваёй любоўю да белагвардзейскай формы і настальгіяй па арміі генэрала Дзянікіна. ​

Але сярод падпісантаў Гіркіна насамрэч няма, а ўсё архаічныя сёньня «сьвятлейшы князь» ды «сьвятлейшая княгіня», «графіня» і гэтак далей. І нават Калчакі трапляюцца. Толькі саміх Дзянікіных, нашых Урангеляў (маёнтак у Бабруйскім павеце быў) і генэрала Клімовіча нашчадкаў (закончыў Полацкі кадэцкі корпус, кіраваў у Крыме контрвыведкай) няма. Як няма і прозьвішча Куцепавы ў сьпісе. Як вядома, «Рускім агульнавоінскім саюзам» у эміграцыі кіравалі генэралы Ўрангель (атручаны чэкістамі), Куцепаў (выкрадзены і зьнішчаны) і Мілер, які зьмяніў іх (вывезены ў скрынцы на параходзе і забіты на Лубянцы на загад Берыі). Між іншым, Мілеры ў сьпісе прысутнічаюць, яны абараняюць крамлёўскае начальства, праліваюць кракадзілавыя сьлёзы па Данбасе, жыцьцё якога разбурана гібрыднай вайной, разнамаснай дэнээраўскай махноўшчынай, а па шчырым перакананьні парыскіх мсье — украінскай арміяй. ​

Калісьці бацька Махно любіў казаць: бі чырвоных, пакуль не пабялеюць, бі белых, пакуль не пачырванеюць. Таксама, між іншым, белы эмігрант. (Працаваў рабочым сцэны ў Парыскай опэры, пахаваны на Пэр-Ляшэз). Пасьля таго, як істотна дапамог Чырвонай арміі фарсіраваць Сіваш, захапіць Перакоп і ўсё астатняе… Выгнаўшы белых з Крыму, чырвоныя выклікалі на рэгістрацыю ўсіх афіцэраў, юнкераў ды астатніх. Рэгістрацыя была абавязковай, усяго трохдзённай. Адначасова паступіў загад усіх зьнішчыць. Датычыла таксама былых чыноўнікаў, паліцыянтаў, салдат, сьвятароў. Хто ня зьявіцца — трапіць пад палявы рэўтрыбунал і будзе расстраляны. Што датычыла тых, хто вырашыў хавацца, да насельніцтва быў прыняты зварот: каб здавалі такіх у ЧК.​

Каб хутчэй працаваць, прысуд афармляўся не на кожнага расстралянага асобна, а на сьпіс — нярэдка на сто-дзьвесьце чалавек, а здаралася і на трыста. ​

У крымскі палон трапілі больш за пяцьдзясят тысяч, нямала афіцэраў. Чаму яны засталіся? Бальшавікі раскідалі з аэраплянаў улёткі, абяцалі амністыю. Сам Урангель, папярэджваючы, што ў эміграцыі будзе цяжка, раіў застацца тым, «каму не пагражае непасрэдная небясьпека гвалту з боку ворага». Дый урэшце, караблі, што пакінулі крымскія берагі, былі перапоўненыя. ​

А тым часам чырвоныя рыхтавалі расстрэльныя каманды, сьцягвалі ў Крым.​

Як можна жыць сёньня ў Эўропе, але дазваляць таму РТР ды «Раша тудэй» засьмечваць сабе мазгі, засьляпіць вочы?! Для мяне загадка. Вось нашчадкі белагвардзейцаў пішуць, што «агрэсіўная варожасьць, што разгортваецца цяпер супраць Расеі, пазбаўленая ўсякай рацыянальнасьці». Прыкладаў не прыводзіцца. Як можа вынікаць з пасланьня, агрэсіўная варожасьць Расеі супраць Украіны, што назіраецца цягам сыходзячага году, рацыянальнасьці не пазбаўленая. Значыць гэта варожасьць «правільная, справядлівая». А рацыянальнасьці трэба павучыцца Мэркель ды іншым у Пуціна, калі сьледаваць лёгіцы князёў ды графаў. «Дзе тут эўрапейскія каштоўнасьці!» — патэтычна заломваюць рукі нашчадкі ўдзельнікаў Добраахвотніцкай арміі. І сапраўды: дзе іх згубіла маскоўскае начальства, анэксаваўшы Крым, распаліўшы гібрыдную вайну? Але паводле падпісантаў, як выходзіць, гэта Пуцін — носьбіт эўрапейскіх каштоўнасьцяў, астатнія перад ім невукі.​

У тэксьце так прыблізна і гаворыцца. Маўляў, нашчадкі ў курсе дзела наконт «злачынных дзеяньняў бальшавікоў», але ня могуць зьмірыцца з «паклёпам» на адрас «сучаснай Расеі, яе кіраўніцтва і прэзыдэнта».​

Кроў, пралітая ў Грамадзянскай вайне, у тым ліку белагвардзейцамі, нібы афарбавала шкельцы акуляраў іхніх нашчадкаў у ружовы колер. Напэўна ў гэтых акулярах Пуцін перапраўляецца ў сакавіку 2014-га (як некалі Дзянікін) цераз пратоку ў Крым, каб не аддаць яго Маскве, крамлю, чэкістам. І махноўцам. Аднак сёньня Масква і крэмль — гэта ён сам. І да чэкістаў прамыя адносіны мае таксама. Карацей, ніякай рацыянальнасьці заўважыць у словах белагвардзейскіх нашчадкаў бадай немагчыма. Хіба што іх неўсьвядомлена не задавальняла, што бераг крымскі, калі яго пакідала армія Ўрангеля, быў расейскім, а потым стаў украінскім. У гэтым і соль усяго пасланьня можа быць. А калі так, дык ня трэба, гаспада харошыя, тлуміць галаву паважаным кіраўнікам Эўропы, проста далучайцеся да хору, крычыце «Крым наш!» і вам палягчэе. Як палягчэла кіраўніцтву Расеі. Праўда, ненадоўга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG